Выбрать главу

Час набліжаўся бліжэй да поўначы, а ў хаце было светла, як на вячэрняй зорцы.

«Можа, пажар дзесьці?» — падумаў Лешак, падышоў да акна і ахнуў.

Крывава-барвовы месяц палаў на чорным небе.

«Езус Марыя! Што гэта за д’ябальшчына такая! Ніколі такой жудасці не бачыў», — перахрысціўся Лешак.

Ён прыслухаўся, і ў хаце, і на вуліцы не чулася ні гуку.

Затым Лешак узяў свечку, якая ляжала на стале, што стаяў пры куфры, запаліў яе. Падышоў да грувасткага куфра і, адкінуўшы цяжкае дубовае вечка, нагнуўся... і жах: скрутка на дне куфра не было!

«Божа, Божа! Якая гніда тут корпалася?! Заб’ю, калі даведаюся!»

Да горла падступіў даўкі камяк, цела абмякла.

На дне куфра ляжалі яго і Магдзіны вясельныя ўборы, некалькі адрэзаў даматканай тканіны, кашэль з сотняй злотых і яшчэ шмат іншых важных і не вельмі важных рэчаў — адным словам, хлам у параўнанні з тым, што страціў.

«Усё знікла, усё знікла...»

Стараста вёскі Кажоўская, седзячы на краю куфра, ледзь не плакаў.

Раптам зарыпелі прыступкі, і ў лазе паказаўся заспаны твар Дражыны.

— Бацька, вы чаго енчыце? Усіх сабак перапудзіце сваім выццём!

— Сыдзі прэч з маіх вачэй. Ты, тля, будзеш яшчэ бацьку ўказваць? — сказаў Лешак і абамлеў.

На плячах дачушкі красаваўся той самы шаль, у якім ён прынёс скарбы. Дзяўчына і брывом не павяла. Яна ўжо стаяла каля куфра.

— Калі вы з-за каменьчыкаў плачаце, то дарма турбуецеся: я, пасля таго як яны з шаля пасыпаліся, іх у маміну скрыначку паклала.

Дражына хацела залезці на гарашча, але бацька спыніў яе грозным вокрыкам:

— Не лезь, вылюдак! Я сам.

Так, у куце знаходзілася драўляная разьбяная скрыначка — жончын пасаг.

Лешак ізноў нагнуўся ў куфар, знайшоў там скрыначку, сапучы ўзняў яе.

— Бацька, з-за чаго вы так сярдуеце? Гэта ж вы пакінулі лаз адкрытым. Я, грэшная, падумала, ці не ліхія людзі да нас завіталі.

Лешак недаверліва паглядзеў на дачку.

— Хлусіш ты ўсё. Табе ж у куфры штосьці спатрэбілася, калі ў ім корпалася?

— Хацела трохі тканіны на сподніцу ўзяць. Мая зусім знасілася, а гляджу, вы тут такую прыгажосць схавалі. Я не вытрымала і ўзяла. Я.

— Добра, добра, ідзі адсюль, клапатліўка ты наша. Але, калі дзе пікнеш пра тое, што ў куфры бачыла, прыб’ю!

— Я не дурніца — усё разумею. А шаль можна пакінуць?

Дзяўчына запытальна глядзела на бацьку. Зялёны шоўк мякка пераліваўся і, здаецца, на ім адлюстравалася глыбіня яе светлых вачэй.

— Добра ўжо. Толькі ўсім кажы, што я табе яго купіў яшчэ даўно на кірмашы. Запомні — даўно!

— Ды зразумела. Не бурчыце.

Дражына спусцілася ўніз.

Хітрай урадзілася дачка Лешака Крушніцкага — вялікага чалавека на сяле.

Лешак, застаўшыся адзін, пачаў даставаць з куфра і выкладваць на стол каштоўнасці. Пры святле свечкі яны пераліваліся трапяткімі, рознакаляровымі агеньчыкамі. Любуючыся на яркія ўспышкі дыяментаў, зялёную прахалоду смарагдаў, крывавыя водбліскі рубінаў і магічныя агеньчыкі сініх сапфіраў, Лешак адчуваў, як душу напаўняе замілаванне. І разам з тым чароўная прыгажосць, што зыходзіла ад ззяння каменьчыкаў, палохала.

Ён уздыхнуў.

Зараз трэба было думаць, як непрыкметна для іншых пакрысе замяніць скарбы з каменьчыкаў на іншыя скарбы — грошы.

Да мясцовых мянял совацца нельга, прыйдзецца ехаць у Вроцлаў. Шмат злотых можна будзе атрымаць за каменьчыкі... Тады Лешак пабудуе вялікі палац і возьме ў жонкі прыгажуню Антаніну. Не ўсё жыццё яму хадзіць удаўцом!

А Дражына хай ідзе ў манастыр. І сыны хай робяць, што хочуць. Не падабаецца на зямлі гарбець — хай у жаўнеры падаюцца. А яму, Лешаку, кароль за гэта яшчэ і грошай заплаціць. Крушніцкі так разважаў, седзячы ля скарбу, а душа яго поўнілася прадчуваннем шчасця.

Пракрычаў певень.

— Ого, як я забавіўся, — спахапіўся Лешак. — Ужо раніца хутка, спраў процьма, а я тут як разамлеў.

Лешак паклаў сяннік на куфар і лёг, атуліўшыся, як звычайна, дзяружкай. Ляжаў ён нядоўга, праз нейкі час давялося ўстаць, каб узяць бравэрку, незразумела з-за чаго нейкі калючы халадок працяў усё цела, яно ныла.

«Перанерваваўся, здаецца, я сёння», — падумаў ён і нарэшце, сагрэўшыся, заснуў.

7

Кажоўскую залівала сонцам.

Усе хаты размяшчаліся кругамі ад цэнтра сяла, дзе на пляцы майстравыя людзі збудавалі драўляны памост.

На ім праходзілі ўсе знакавыя падзеі ў жыцці вяскоўцаў: гулянкі, вяселлі, набор у каралеўскае войска.

Большасць сцен хат мела белы колер, але на некаторых красаваліся дзіўныя кветкі і птушкі.

Малявала бабка Хрысціна, мясцовая лекарка. Яна наогул любіла прыносіць людзям радасць у жыцці: была павітухай, лячыла малых і дарослых, а да ўсяго іншага і добра малявала.