Выбрать главу

Дзяўчына з удзячнасцю прыклала рукі да грудзей.

— Век тваё дабро не забуду. Толькі, ведаеш, прыйду я не заўтра, а паслязаўтра зранку. Гэта нічога?

— Нічога, — паціснула плячамі Хрысця. — Кубак прыхапі, не забудзься.

— Мне, канечне, чым хутчэй, тым лепш. Я б і сёння прыйшла, але, разумееш, тут такое здарылася! Іду я па сцяжынцы, весела так вакол, птушачкі спяваюць, а мне зябка і здаецца, што за мной хтосьці ідзе. Як ні аглядалася — нікога няма. Я нават трохі бегла. Лепш я ранкам з Марыяй да цябе і прыйду. Удзвюх не так боязна.

— Бабка Хрысця, ты дзе схавалася?

Гэта з вуліцы крычала Дражына.

Змоўшчыцы выйшлі з-за вугла хаты.

Дачка старасты стаяла ля агароджы кветніка, дзе сярод фіялетавых браткоў раслі кусты, абсыпаныя ярка-жоўтымі кветкамі, падобнымі на пухнатыя шары. Плечы дзяўчыны пакрываў дзівоснай прыгажосці шаль.

Жанчыны ахнулі. На жоўтым фоне кветніка смарагдавы колер глядзеўся про­ста зачаравана.

У Антаніны загарэліся вочы.

— Дражыначка, даражэнькая, дай прымераць?

Дачка Круціцкага зняла шаль і падала яго сяброўцы.

Антаніна накінула яго спачатку на галаву, прайшлася ўздоўж плота — так і гэтак, потым накінула на плечы, закінуўшы адзін канец на плячо.

— Ну, як я? — спытала яна.

— Харошая, ой харошая, — усміхаючыся, сказала шаптуха.

— Дзе ты набыла такую прыгажосць? — не здымаючы шаль з плячэй, пацікавілася Антаніна.

— Бацька прывёз, — і, памятаючы дамаўленне, дадала: — Гэтай зімой купіў на кірмашы. Ды ўсё не было калі яго апрануць.

— А ты куды ідзеш? — пацікавілася Антаніна, аддаючы шаль Дражыне з відавочнай неахвотай.

— Як куды? — дзяўчына незадаволена нахмурыла бровы. — У Вамбежыцы.

— Ведаеш што, — нечакана сказала Антаніна, — я таксама з табой пайду. Мне ў Панны Марыі шмат чаго папрасіць трэба.

— Будзь здаровая, бабка Хрысціна.

Дзяўчаты пакланіліся і пайшлі ў бок Святога Храма.

Але, прайшоўшы крыху, Антаніна спынілася і, пакінуўшы сяброўку, падбегла да Хрысці.

— Дык ты не забудзешся пра маю просьбу? — спытала дзяўчына.

— А можа, не трэба? Бачыш, у якой прыгажосці будзеш хадзіць? — усміхнулася шаптуха.

Але Антаніна толькі зіркнула вачыма і пабегла даганяць сяброўку.

Хрысціна доўга глядзела ім услед, і трывогай напаўнялася яе сэрца.

8

Тым сонечным ранкам не толькі ў бабкі Хрысціны дрэннымі прадчуваннямі напаўнялася сэрца. Моташна было на душы і ў Янака.

Ён усё разважаў: ці добра зрабіў, аддаўшы брошку гаспадару лесапільні?

Было штосьці нячыстае ў тым, як дзядзька Лешак займеў каштоўнасці. А з іншага боку, як паглядзець? Не ён бы ўзяў тое каменне, дык хто-небудзь іншы забраў.

Янак, напэўна, соты раз з цяжкасцю ўздыхнуў за гэту раніцу.

«Так яно то так, але лепш бы ўсё засталося па-іншаму, па-старому.»

Ён усю ноч амаль не заплюшчыў вачэй і ранкам, выгнаўшы авечак з загона, пагнаў невялікую атару ў горы, на даўно аблюбаванае ім месца.

Вялікая паляна з сакавітай травой знаходзілася непадалёку ад сцежкі, якая вяла ў вёску. З аднаго боку яе загароджвала крутая адвясная скала, па сцяне якой сцякала тонкім пластом вада, ператвараючыся ля падножжа ў маленькі раўчук. З другога — густыя зараснікі калючага хмызняку не давалі авечкам разбегчыся, ды і з дарогі не было бачна, што адбываецца на паляне. Пра гэта месца ведаў толькі ён, так што дзядзька Лешак наўрад ці знойдзе тут яго, каб загрузіць работай, як заўсёды, звыш меры.

Сонца падымалася ўсё вышэй і вышэй.

Янак з’еў кавалак аладкі, напіўся з раўчука і прылёг пад цень разгалістай піхты. Ежа і бяссонная ноч зрабілі сваю справу: пад перазвон званочкаў яго змарыў сон.

Спачатку праз дрымоту ён адчуў пах псіны, затым пачуў цяжкае дыханне — юнак ледзь-ледзь прыадкрыў вочы і абмер.

Над ім сядзеў велізарны воўк.

Янак не змог авалодаць страхам, які ахапіў яго, і рэзка ўскочыў з зямлі.

Але бегчы не было куды.

Адзін воўк стаў злева, другі — з правага боку, а ў самым цэнтры паляны сядзеў трэці, вялізны. Яго празрыста-жоўтыя вочы з вузкімі чорнымі зрэнкамі глядзелі на Янака холадна і ўважліва.

Хлопец стаяў не варушачыся. Ён не мог адарваць вачэй ад гэтага смяротна прыцягальнага поклічу, які ўтойваўся ў вачах важака.

Праляталі імгненні, запавольваліся, пераходзячы ў вечнасць, але ваўкі не паказвалі ніякай нецярплівасці і ўзрушанасці.

Аднак паспрабуй зрабі крок — яны цябе імгненна раздзяруць.

Ён заплюшчыў вочы і пачаў чытаць малітву, звяртаючыся да ўсіх святых, імёны якіх прыходзілі ў галаву.