Выбрать главу

Рыгор Барадулін

Босая зорка

Паэзія

Падрыхтаванае на падставе: Барадулін, P. Босая зорка. Паэзія. - Мн. : «Маст, літ.», 2001. - 148 с.

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

КСТЫ

Гасподзь! Затрымацца дазволь На гэтай грэшнай зямлі. Зрабі ласкавейшы мой боль. Душы раўнавагу пашлі. Праз ноч, Што жыццём нараклі, Я йшоў на Тваё святло. Гублялася сцежка ў быллі, Ды ў сэрцы світанне жыло. Гасподзь! Прагані мой страх, Што следам ідзе за мной. Я, з праху зямнога прах, Вінюся зямной віной. Пачую Цябе і глухі. Аддзячыць хачу стакроць. Правіны мае і грахі Даруй, літасцівы Гасподзь...
*
Ойча праведны, памажы Быць пакорным Тваім іспытам. Адвядзі мяне ад мяжы Між жыццём і спаміж нябытам. Павядзі мяне па жыцці, Па трыпутніку і ажыне, Памажы мне сцежку знайсці, Што не кіне мяне на чужыне. Памажы мне застацца сабой — Быць з душою сваёй у згодзе, Жыць і радасцю і журбой У тваёй трывалай гасподзе. Колькі дзён ты мне ні дасі, — Буду ўдзячны і заўтра й сёння, На зямлі і на небясі Шчыра ўкленчу святой іконе.
*
Божа, паспагадай усім, — І магутнаму, і слабому, І відушчаму, і сляпому, Каб у згодзе жылося ім. Божа, паспагадай усім, — Каб вайной не йшоў Брат на брата, Каб ржавела сякера ў ката, Каб вячэраю пахнуў дым. Божа, паспагадай усім — Каб цяплелі пагляды людзкія, Каб у старца не кралі кія, Нічыіх не кралi радзім. Да любові, да чысціні, Да святла, да святога ўлоння, Усявышні, i заўтра i сёння Заблуканыя душы вярні!

ВОЧЫ

А з прышласці ў прошласць Праз нас, праз вякі Глядзяць Недасяжныя вочы Хрыстовы. Нібыта пытаючы досьведна: Хто вы, Ці людзі, мае сваякі. Ці ваўкі? І зоркі згараць, Дасмыляць смалякі. Замоўкнуць І зноў разгаворацца словы, Ды будуць глыбініцца Вочы Хрыстовы, Нябесна ратуючы нас і вякі.

ШЛЯХАМ ЗЕРНЯ

Ці шляхам зерня ў свет Прыйшоў Хрыстос, Ці зерне Шлях Хрыстовы паўтарыла. Хлеб духу й хлеб штодня Святая сіла Багаславіла іменем нябёс. Духоўны хлеб З надзённым сваякі. Як луста араллі і луста хмары. Маўчаць душы абложныя абшары, Дзе змрок глядзіць У сонца з-пад рукі.

ГОД ЦІ...

З сямі тых дзён, Што Госпад свет тварыў, Дзень кожны доўжыўся Год ці стагоддзе. І свет, Нібыта ўзбегшы на абрыў, Крычаў сабе самому: Глухнуць годзе! І свет наважыўся Дагнаць свой цень І зразумець У ранішняй прыгодзе: Дзень Судны, Першы і апошні дзень, Ён будзе доўжыцца Год ці стагоддзі?

РАПТАМ БЫ...

Раптам бы Закахаўся Хрыстос. Што б тады сталася З небам i долам? Трэба было адвярнуцца анёлам, Каб не сурочыць расчуленых слёз. Мусіла быцца якою яна, Каб не прагнала Думку пра сына І ў аблачын на пялюшкі прасіла Трошкі кужэльнага палатна? Чуў. Як ад жарсці заходзіўся дол. Неба цяплела здагадкай пачутай. Пэўна, на шлюб Толькі з босай пакутай I атрымаў Ён ад Бацькі дазвол...

НЕ ЎПЕРШЫНЮ...

Я смутак свой паслаў у сваты Сасватаць хоць бы цішыню I зразумеў не ўпершыню: Агню без цемры цемнавата, Ня цёмна цемры без агню...

ХТО?

Хто старэйшы, думка ці слова, Хто шчырэйшы з ix? Даць адказ, Можа, зможа чарнагаловы Змрок спрадвечча, што доўга гас, Покуль вёў са святлом змаганне. Смута к слова гукаў, І гук Узышоў на нябеснай паляне. Слова выпала ў Бога з рук. Думка ўспыхнула невыпадкова I святлу дадала святла. Бог спачатку задумаў слова. Сведкай гэтаму думка была.