Выбрать главу
На Беларусь вяртаецца Бог. Беларусы ўспомнілі, Што яны беларусы. Трыпутнік аблудны На раздарожжы пасох. Бязвернікі ўжо не пнуцца ў Ісусы. На Беларусь вяртаецца Бог. Вера абражаная рунее. За саломінку променя Хапаецца лёх. Наваселіцца Ў душы знелюдзелай надзея. Ступакамі кайнасці Стоптваецца парог Невідочнага незямнога палаца. На Беларусь вяртаецца Бог, Не спяшаючыся вяртацца...

БІБЛЕЙСКІЯ БАЛАДЫ

Ной
І першы крумкач вылятаў з каўчэгу Зірнуць. ці паменеў патоп, А пасля Галубка, бялейшая пер'ем ад снегу. Л я цела глядзець, Ці падсохла зямля. Усё, што крыляла, паўзло, капыцела, Бы ў хісткай калысцы, У каўчэгу жыло. Душа пакідаць не спяшалася цела. Усмешка да часу таіла святло. І Ной быў падпаскам У Бога самога Ці першым царом у дзяржаве жыцця, Дзе крыўдзіць ніхто Не жадаў анікога, І гад быў рахманы, як тое дзіця. Трымаўся каўчэг На хрыбціне ў патопа. Драмала дабро Ля нявіннага зла. Яшчэ маладая была Еўропа, I Азія смуглай яшчэ не была. Абсяг захлынаўся Ў нахлыне i ў гуле. I хваля вучылася глыбы глушыць. Усё дапатопнае воды глынулі, Каб пасляпатопнаму Зноўку грашыць. Калі з зялёнай галінкай алівы Галубка вярнулася ў цесны каўчэг, Смялеў Ной маўклівы, Святлеў свет цярплівы I час не спыняў свой імклівы бег.
Сорак год
I вадзіў сорак год Maсей Па пустэльні народ свой цярпліва. I загадваў змроку: лысей, Прыручыўшы за дзівам дзіва. На чарэнь пустэльні расой Ападала з нябёсаў манна. Спавіваў вінаграднай лазой Смяглы прыпар тугу старанна. Перапёлкі густой чарадой На вячэру самі ляцелі. I расло пад цяжкой ступой Ад нясцерпнае стомы зелле. I Масей у скале скупой Посахам высякаў крыніцу. Дым ахвярны, як супакой, Мусіў Богу прыемна віцца. I ў Егіпет хацеў не раз Знецярпелы народ вярнуцца. Рабскія ланцугі якраз Не даюць душы развінуцца. I Масей сорак год блукаў, Каб знявер'е ступіла кіпці, Каб апошні ў пустэльні сканаў Той, хто помніў рабства ў Егіпце.
Кайнасць
Ціхі Авель авечак пас, Каін, брат яго, земляробіў. Кожны Богу свой дар прыпас I паклонам зямным аздобіў. Бог прыняў ад Авеля дар, Авеля прыхінуў, А ў брата Не прыняў дар Усеўладар. Каін i запытаў вінавата: — Мой чаму не прыняты дар? Я прынёс, што зямля ўрадзіла. — Калі чыніш дабро, дык твар, — Бог сказаў, — не ўнурай паныла. Як не чыніш дабро, ў дзвярох Грэх ляжыць. Да яго цябе цягне. Каін крыўду змагчы не змог I завяз у помслівай багне. Цёплым полем браты ішлі. I ляжаў там закляты камень. Каін камень падняў з зямлі, I забіў свайго брата Каін. Бог пытае: — Дзе брат твой знік? — Я не ведаю, — Каін кажа, — Хіба ж брату я вартаўнік? Гэта ўжо не мая прапажа. Бог сказаў: — Чую голас крыві. Што з зямлі да Мяне гукае. Валацугай цяпер жыві I выгнаннікам з небакраю. І дасюль на Месяцы ўсе Бачаць цень чалавека гарбаты. Гэта брата за плеччу нясе Каін, Богам навек пракляты. Мусіць ён да сканчэння дзён, Хілы раб свайго сэрца злога, Несці братазабойчы праклён, Бо прылашчыў крыўду на Бога.
Спакуса
У сад Эдэмскі пасяліў Гасподзь Адама голага й заўважыў ціха: — Усё тваё. А дно не падыходзь Да дрэва ведання дабра i ліха. З Адамам Ева голая была. Слоў сораму не вымаўлялі вусны. Цяпла ставала i было святла. Але аднекуль выпаўз Гад спакусны. I надкусілі яблык сакаўны — I сплыў туман з вачэй. Не стала казкі. I ўбачылі, што голыя яны. Сплялі з лістоў фіговых папяразкі. Бог выкляў гада, загадаў яму ж Пыл тлусты есці i хадзіць на бруху. I Еву вырак: —Панам будзе муж. У скрусе нараджацьмеш. Слухаць скруху. Жывіцца будзеш палявой травой, — Сказаў Адаму, — I карміцца з працы. З зямлі ты ўзяты, станеш зноў зямлёй. Ты пыл i пылам мусіш паўтарацца. Бог выгнаў грэшнікаў з Эдэма вон, Адзеў ix у адзежу скураную. I кожны чалавек да скону дзён Хітруе, спакушаецца, раўнуе. Дык хто наслаў спакусу. Гад ці Бог? Хто Еву хітрым надзяліў імпэтам? Калі б Адам спакусу перамог, Ці мы былі б цяпер На свеце гэтым?