ЧАС ВЫПАЎЗАННЯ ЗМЕЙ
Ведаюць час, калi
Выпаўсці з цемры варта,
Зябкія вугалі,
Страху сляпая варта.
Ведаюць, як i дзе
Выпусціць лепей джала.
Лютасць змяю вядзе,
Смеласці трэба мала.
Толькі абвіцца умей
Шчыра каля спажывы.
Час выпаўзання змей
Ціхі,
Таму й жахлівы.
І ЎГАВАРЫ...
Каб душа не збіралася ўпрочкі,
Залагодзь яе i ўгавары
Пацярпець яшчэ трошкі,
Дачакацца пары.
Як расчуліцца — паспагадае.
Шчыра просьбу сваю паўтары.
Бо душа маладая,
Ты, як вецер, стары...
ПРЫЗІМАК
Возера
Сярпом маладога лядку
Дажынае апошнія травы.
Бярозы надсмакаваныя туманом
Шурпацяцца неўзнаку.
Човен.
Зачэплены за сук каравы,
Глыбіню ўхаладзелую чуе дном...
НА НОВАЕ ТЫСЯЧАГОДДЗЕ
Мой смех i страх,
Працягнуты ў вякі,
Мае Каляды i мае Вялічка,
Мой цёплы сум,
Мой клопат гаманкі,
Мой ручаёк з крывіцкае ракі,
Расці смялей, унучка Дамінічка!
P. S.
Ca шчасцем сябраваць табе з рукі.
НЕ КОЖНЫ...
Хто ў легендзе жыве,
А хто кватаруе,
Плоцячы дорага за арэнду.
Не кожны ўмее легенду старую
На новую абмяняць легенду.
ЗВАНЮ...
Набіраю знаёмы нумар,
У кватэру званю.
З якое выехаў сябра.
І бьецца званок мой
Аб голую цішыню.
Як матылёк азяблы...
ПЁТРА
І прачыстае слова
Шалёную ведзьму карае.
Вывіваецца недзе ведзьма
На запаленым тут агні.
І на шыі з пякельнага жару каралі.
І смала закіпае ў кожнае далані,
І, як тымі гадзюкамі,
Разветранымі валасамі
Пнецца ў злосці прыпасці
Да збеглай зямлі.
Звар'яцелымі ведзьмінымі галасамі
Перахрыпла крычаць балючыя вугалі.
Увабраўшы ў сябе
Ўсе насланыя ёю хваробы,
Вугалёк, дагараючы,
Робіцца, як валун, цяжкі.
I да ведзьмы ейныя ўсе падробы
Вяртаюцца,
Ведзьму раздзіраючы на кузлакі.
Вугальком тым прабіць
Можна шыбу глухую
У вакнс, дзе заклён
Вяроўчыны цемрадзі ўе.
Слова хоча маўчаць,
I само ўжо шкадуе,
Што даверыла некаму таямніцы свае...
ПЁТРАЎ СОН
І расчынілася дамавіна.
Бабуля ў ёй маладзець пачала.
I сукня чорная, як аблачына,
Вядзьмарку зграбную абвалакла.
І ўнук убраўся ў белае белле,
Сатканае з ранішніх туманоў.
Галіны здранцвелыя адубелі —
Арэлі ахрыплыя цёмных сноў.
...I ўнук паходню ў руцэ трымае —
Гарачую зорку высока нясе.
Знікае ў незнань дарога крывая.
I стыне раса на нябеснай страсе.
На той дарозе,
Што недзе ўнізе,
Растуць плячыстыя валуны.
I краю крывіцкаму
Ў сонечнай рызе
Паклоны шчыра бюць перуны.
Ахоўцамі наскіх багоў паганскіх
Ступаюць следам
Дванаццаць ваўкоў.
І зорцы вятры не даюць пагаснуць.
І ўсё зразумела гамоніць вакол.
МЕСТАЧКОВЫ ЭЦЮД
Парнікі, лехі, соткі, срачэўні.
Трупякі непабітых дроў.
З-за курэй перабіліся пеўні.
I сабака шукае сяброў.
Як пячатка, дно паўлітроўкі.
Азалелы, галодны падзол.
I брыдзе з пацубэлкам вяроўкі,
Быццам з гальштукам модным,
Казёл...
ТАБЕ
А мне зусім не ў галаве,
Хто з нас каго перажыве,
Мой верны кот Міроне.
Што мае быць, не праміне,
Сядзіш ты на плячы ў мяне.
Як цар на хісткім троне.
Нам варыцца ў вадным катле.
Ты чорны, як адчай, але
З бялюткім падбародкам.
Ты любіш слухаць цішыню.
Лепш за мяне пяеш курню
Нахабнахвостым коткам.
Ты ў марцаванні не слабак.
Ты цвеліш, як i я, сабак
I не бяжыш наўцёкі.
Табе на славу напляваць,
Абы свой кус упаляваць,
Мой лірык соннавокі.
Нам сырадою не стае.
1 ўсе галовы гнем свае
Ніжэй над плыткім сподкам.
Хто здоўжыць век — тае лухты,
Я з белай барадой ці ты
З бялюткім падбародкам...