Выбрать главу

ПАЗЫКА Ў ГЁТЭ

А на вяршынях некрануты Спакой. I вершаліны ахінуты Глухой смугой. I, непачуты, ты адзін. Птушыны шчэбет дагарае. Чакай, не за гарамі I твой спачын.

З АДАМА МІЦКЕВІЧА

Глоткі, якія крычаць за народ, Збрыдзяць нарэшце народу. Твары, якія цешаць народ, Палічыць народ за шкоду. Рукі, што цягнуцца за народ, Народ адсячэ па локаць. Імёнамі, што палюбіў народ, Будуць народ палохаць. Стоміцца тлум i ацішыцца шум, Скогат сваё адбудзе. Спадчыну ціха возьмуць сабе Цёмныя людзі...

ПАВОДЛЕ ТАНІНА ГУЭРА

Мой дом. паселены ў гарах, Залез на вышыню такую, Што бачу Хмараў белы страх I нават Кашаль Богаў чую...
*
Ці вецер гэта дапетрыў, Ці мне ў галаву прыйшло, — Што птушкі глядзяць праз паветра, Як сумны яздак Праз шкло...
*
Я не знахабнею Сказаць валам, Што трактар больш выгодны, Чым яны. Ды на вяроўцы Не сваёй віны Іду пакорліва на бойню Сам...

УДОЎКА Й ЦНАТЛІЎКА

Марка едзе па зямлі, нібы па раю, Марка едзе ды наўкола пазірае. Як вясновыя дзве яблынькі пабачыў, Супыніў каня ды ўраз свой шлях з'іначыў. А пад яблынькамі ўдоўка ды цнатліўка, Соўка-ўдоўка ды цнатліўка-палахліўка. Абдымае Марка ўдоўку маладую, А салодка ў вусны спелыя цалуе. I цнатліўка-палахліўка маладая У хлапца перашалелага пытае: — Ты чаго ўдаву-траву цалуеш, Марка? Паглядзі, як зорка, я, яна як хмарка. Адказаў дзяўчыне Марка ў светлым суме: — Ты не будзь такой дурненькаю, красуня. Лепей золата, няхай сабе й праткнутае, Чымся срэбра маладое некранутае...

АХВЯРЫНКІ

Арол застаецца арлом I з адным крылом.
*
Ведаюць i стары й малады — Усе дарогі вядуць на клады.
*
Самая шчодрая рука Толькі ў жабрака.
*
Кожны зводзіць Сваю Вавілонскую вежу
*
У дакор бязмежжу. Сваю праталіну знойдзе грак. У ветра кожнага свой вятрак.
*
Могуць вымераць карані Глыбіню вышыні. Цішыня глыбіні Можа выслухаць карані.
*
Старасць — гэта маладосць, Якая Сябе гукае.
*
Горы давяраюцца спінам. Магілы — знакі прыпынку У канспекце жыцця няспынным.
*
Юда атрымаць рады Трыццаць срэбранікаў Па курсу здрады.
*
У сэрцы ці ўзімку, ці ўвесну Богу й маці не цесна.
*
Рака быцця ў нябыт уцякае — Ад жыцця ўцякае.
*
Няволя цвеліць ахвоту. Цяжэй за ўсё трымаць у сабе Злосць i пяшчоту.
*
Так ад пачатку сталася: Унукі — гербавыя пячаткі На атэстаце нашае старасці.
*
Мулкая дужа Клетка сям'i, Збітая з рэбраў мужа.
*
На погарб апусціцца цяжкай птушкай Камень, Каб стаць апошняй падушкай.
*
А ці смяюцца дзеці Не ў нашым свеце?
*
Бог задумаў птаства. відаць, Каб пра неба душы нагадаць.