Выбрать главу
Душа прагоркне ў палыне. Сон абначуе за барамі. А голас мамін будзе мне Гучаць, Нібы малітва ў храме. Маўчыць, як цень, мой страх. І вір Смяецца сінімі губамі. Старэе дзень. І рыдаль жвір Не сыпле ў рот бяззубай яме. Яшчэ пярун сябе кляне. І рана зачыняцца браме. А голас мамін ува мне Гучыць, як у забытым храме...

ЗМЕІ АГНЮ

Галоўнае — не азірнуцца, Каб прысак не разварушыць, Да вогнішча не прыгарнуцца, Што змеямі агню кішыць. Агонь спаліў мае аблокі, Хмурынкі хмарамі зрабіў. Мой спапяліў спакой далёкі І ў небе позірк мой згубіў...

БЫЦЬ!

Быць Беларусам — Гэта значыць, Свайго ні гуку не забыць, Усё чужое перайначыць, Каб Беларусі вечнай быць! Быць Беларусам — Гэта значыць, Вясёла з сумнай долі кпіць. Да Бога сцежку верай значыць, Нагбом з карца надзеі піць. Быць Беларусам — Гэта значыць, За родны Край згараць на дым, Па-беларуску чуць i бачыць На гэтым свеце i на тым.

САГА

Трамвай піша сагу. Маўчыць знямога. Нервовыя рэйкі Дрыжаць за аўтара. Настрой пытае Сябе самога: Выходзіць На гэтым прыпынку Ці заўтра?

НА ПАРУКАХ У НАСТАЛЬГІІ

Я даўнiм стаў, як вальс, Што быў сыграны Аднойчы некім i не для мяне. І сажалак зялёныя экраны Hi мой адчай, ні сум не скалыхне. Я ўзяты настальгіяй на парукі, Дзе тыя рукі, ўдзячныя мальбе? Мелодыя забылася, і гукі Пайшлі ў нябыт, Каб там знайсці сябе. Ці ўзнагароджаны, ці пакараны Тым успамінам, што жыве i ў сне? Я стомлены, як вальс, Што быў сыграны Аднойчы некім. Ды не для мяне...

НЕПАЧУТЫ

Ён прадбачыў, прадказваў, прарочыў. Ён душою крычаў. Ён маўчаў. Ён з дарогі на сцежку не збочыў. Ён глухім дараваў, выбачаў. Пілнаваўся святых запаведаў: Не рабуй! Не няволь! Не мані! І гукаў прачынацца, і ведаў, Што ў адказ палятуць камяні. Здрада й подласць за ім цікавала, І нянавісць ішла крок у крок. І на ўсё ў гэтым свеце прыстала Паглядзеў Непачуты прарок.

БЕЛАРУСЬ — ТЫ МОЙ СОН ВЯЛІКОДНЫ

Беларусь — ты мой сон вялікодны. Сон, што сніцца анёлам вясной. Зрок і слых мой табою галодны, Дух жыве мой табою адной. Гэта ведае неба ды мама — Без цябе не бывае мяне. I душа жыць не можа без храма, Цяжка ёй у чужой старане. Адусюль да цябе я імкнуся Быць у шчасці з табой i ў бядзе. Чысцінёю тваёй прычашчуся, Сорам твой на мяне хай па дзе.

ПРЫЦЕМКАВАЕ

Калі сцямнеецца ў душы i ў хаце, Прыходзяць вершы, як пазныя госці, I маняцца застацца на начлег. Я ix прашу: Мой сум закалыхайце, Маёй жа мне пазычце весялосці, Якою грэўся яблыневы снег... Саджу на чысты кут i нетаропка За чаркай звечарэлага ўспаміну, Як дома колісь, з імі гаманю. Парой гамонку перапыніць кропка. Сказ нецярпліва выпрастае спіну. I рупіць рыфме ўкрыўдзіць цішыню...

ХАЦЯ Б...

Калі мая трывога спала, Калі калоссе налілося Тугой? Сказаць я не бяруся. Як нарадзіцца не прыпала, Хаця б памерці давялося У беларускай Беларусі...

САМOTHЫ ВОЎК

Былі ваўчыныя вяселлі. Руя халодная была. Сябры траплялі ў пасткі, Пселі. На голад не хапала зла. І неаднойчы быў жанаты. Не звык i плесціся ў хвасце. Былі ваўчыцы й ваўчаняты. Канала здобыч на хрыбце. Гаспадару зірнуць у вочы, Чыіх авец перацягаў, Не дазваляе гонар воўчы. Дасюль чуваць сабачы гаў. Поўсць пасівіў нахабны іней. Сцяжкоў чырвоных крык замоўк. І ў полі волю гаспадыняй Адну прызнаў Самотны воўк...