Генка. Не дапяў. Кажуць, балбатуноў там не трэба.
Антаніна Васільеўна. Вы ж памагаеце Барысу Пятровічу.
Генка. Людзі алмазы здабываюць, але гэта не значыць, што яны могуць іх у кішэнь класці.
Антаніна Васільеўна. Я вось думаю: а што, калі гэты неўміручы раптам звіхнецца?
Генка. Напрыклад?
Антаніна Васільеўна. Ці мала што. Піць пачне або распуснічаць.
Генка. Я думаю, такіх забіваць будуць.
Антаніна Васільеўна. Што вы! Які жах!
Генка. А што з ім рабіць? Сам жа ён не памрэ. А каму патрэбен вечны п‘яніца або распуснік?
Чуваць званок.
Антаніна Васільеўна. Відаць, аддыхаўся. Пайду хоць гузікі папрышываю. (Выходзіць.)
Генка (адзін). Вось табе і неўміручасць. Без пары памрэш ад гэтай неўміручасці.
Наташа (уваходзіць). У чарзе?
Генка. Думаў зайсці, ды не варта. Не ў гуморы наш шэф.
Наташа. А што з ім?
Генка. Патузалі на вуліцы.
Наташа. Пабілі?
Генка. Папужалі. За гальштук патрымалі.
Наташа. Паб‘юць яшчэ.
Генка. Не сумняваюся.
Наташа. А я думаю зайсці.
Генка. Табе можна. Неўміручай з неўміручым ёсць пра што пагаварыць. Як ні кажы — праблема вечнасці.
Наташа. Для мяне ўжо вырашана.
Генка. I што?
Наташа. Дуля з маслам.
Генка. I табе дуля? Ведаеш што, Наташа. Давай плюнем мы на гэту сінтэтычную неўміручасць. Пажэнімся, народзім кучу дзяцей, дзеці — кучу ўнукаў, унукі — кучу праўнукаў — вось табе і неўміручасць.
Наташа. Банальна.
Генка. Не рамантычна, затое здорава.
Наташа. I сумна.
Генка. Не кажы. Работа вясёлая. (Спрабуе абняць.)
Наташа (адштурхоўвае). Пашляк… (Пасля паўзы.) Я пра другое думаю.
Генка. Пра што гэта, цікава?
Наташа. Несмяротнага пацука я выгадавала?
Генка. Ну, не ты адна.
Наташа. Я яго даглядаю.
Генка. Дык і што?
Наташа (падкрэслена). А тое, што неўміручасць у маіх руках.
Генка. Як гэта?
Наташа. А так.
Генка. Атруціш?
Наташа. Я яго выпушчу.
Генка. Дык ён жа ўсё роўна астанецца неўміручым.
Наташа. У тым вось і справа. А ведаеш, колькі ён самак можа апладніць?
Генка. Я думаю! Неўміручаму ўсе пацучыхі будуць на шыю вешацца.
Наташа. Тысячы. I кожная з іх будзе даваць неўміручае патомства. Тры разы ў год. Па пяць — сем пацучанят. Не ў тры гады па адным дзіцяняці, як плануе Барыс Пятровіч, а тры разы ў год. Ды па сем. I ўсе неўміручыя. I ўсе хочуць жраць.
Генка. Дык яны ж усё зжаруць!
Наташа. Усё. I ўсіх.
Генка. Што за дзікая фантазія!
Наташа. Захачу — і стане рэальнасцю.
Генка. Ты што… Дэман? Сатана ў міні-спадніцы?
Наташа. Слабак твой сатана.
Генка. Герастрат нейкі там храм спаліў, дык і то цэлыя вякі яго праклінаюць, а ты хочаш усё чалавецтва скарміць пацукам.
Наташа. I не будзе каму мяне праклінаць.
Антаніна Васільеўна (уваходзіць). Ну, маладыя людзі! Можаце ісці, адкуль прыйшлі. Барысу Пятровічу не да вас. Да яго цэлыя дэлегацыі ў чарзе стаяць.
Наташа. А я ўсё роўна прарвуся.
Антаніна Васільеўна. Цераз мой труп, Наташачка.
Генка. Яна і па трупах можа хадзіць.
Кабінет Дабрыяна. Апрача Дабрыяна ў кабінеце Дажывалаў, Караўкін, Торгала, Застрамілава.
Дабрыян. Слухаю вас.
Дажывалаў. Мы наконт неўміручасці.
Застрамілава. Заявы падавалі.
Торгала. I аналізы таксама здавалі.
Дажывалаў. Прыйшлі па вынікі.
Дабрыян. Вынікаў яшчэ няма.
Дажывалаў. Тры тыдні прайшло.
Дабрыян. Камітэт па справах неўміручасці яшчэ не разглядаў. Я адзін такіх спраў не вырашаю.
Дажывалаў. А я думаў, сярод вучоных няма бюракратаў.
Торгала. Ну, відаць, такі парадак. Справа сур‘ёзная.
Застрамілава. А ўсё ж вы нам што-небудзь скажаце?
Дабрыян. Я ўжо сказаў. Камітэт разгледзіць, тады.
Дажывалаў. Пакуль той Камітэтразгледзіць, дык і ногі выцягнеш.