Дабрыян (чытае далей). Зволены за…
Дажывалаў. Не трэба… Няма чаго варушыць брудную бялізну.
Дабрыян. Тым больш што яе тут досыць шмат. (Бярэ апошнюю картку.) Васіль Дарафеевіч Тарчала.
Торгала. Торгала. Не Тарчала, а Торгала. Гэта я.
Дабрыян. Гм… Тут нейкая біялагічная загадка.
Торгала (устрывожаны). А што такое?
Дабрыян. Скажыце, ваш бацька быў біцюг ці рысак?
Торгала. Як гэта — рысак? Чалавек.
Дабрыян. Сумняваюся. Чаму ж у вас мача конская?
Торгала. Што за глупства?
Дабрыян. Аналіз паказвае.
Торгала. Вось сукін сын, абармот!
Дабрыян. Як бачыце, шаноўныя грамадзяне, калі можна вас так назваць, шансы на неўміручасць у вас вельмі слабыя.
Дажывалаў. Гэта канчаткова?
Дабрыян. Гэта мая асабістая думка. А канчаткова скажа Камітэт па справах неўміручасці.
Торгала. Дык што ж, нам так і паміраць?
Дабрыян. Не адразу. Пажывяце яшчэ. Тым больш што здароўе ў вас, як паказвае аналіз… конскае. А прыйдзе пара, памраце, як усе смертныя.
Наведвальнікі, не развітаўшыся, выходзяць. Уваходзіць Антаніна Васільеўна.
Бачылі неўміручых? Стараешся для добрых людзей, а тут усякая брыдота лезе. I, чаго добрага, пралезе яшчэ. Як вы думаеце, Антаніна Васільеўна?
Антаніна Васільеўна. Гэта ад вас залежыць, Барыс Пятровіч.
Дабрыян. Антона Фёдаравіча падключаць, яшчэ каго-небудзь.
Антаніна Васільеўна. Я б сама пралезла, каб магла.
Дабрыян. Вы? Не. Вы не пралезеце. Куды вам! У вас жа няма Антона Фёдаравіча.
Антаніна Васільеўна. Затое ў мяне ёсць Барыс Пятровіч.
Дабрыян. Э… Благі чалавек гэты Барыс Пятровіч. Скупы. Шкадуе неўміручасці нават сваім добрым знаёмым.
Прыёмная Дабрыяна.
З кабінета вывальваюцца Дажывалаў, Караўкін, Торгала, Застрамілава.
Застрамілава. Усё раскапалі. Усю паднаготную.
Торгала. Тут у лоб не возьмеш.
Дажывалаў. А што гэта за конская мача?
Застрамілава. Жулік адзін…
Торгала (заўважыў Наташу і штурхае Застрамілаву ў бок. Да Наташы). I вы па неўміручасць?
Наташа. Не. Я па справе.
Караўкін. Дык што? Можа, вы тут працуеце?
Наташа. Працую.
Дажывалаў. З гэтым кракадзілам?
Караўкін. З Барысам Пятровічам?
Наташа. Я яму памагаю.
Застрамілава. Значыць, неўміручая.
Наташа. Такая ж, як і вы.
Караўкін. Дык вы, можа, і да гэтага знакамітага пацука маеце доступ?
Наташа. Я яго даглядаю.
Торгала. I прэпараты розныя ўводзіце яму?
Наташа. Гэта ён сам.
Караўкін. Пацук?
Наташа. Барыс Пятровіч.
Дажывалаў. Не давярае.
Торгала. Усё, напэўна, у сейфе, пад замкамі?
Караўкін. А вы б не маглі як-небудзь таго?..
Наташа. Чаго гэта таго?
Караўкін. Ну, калі ён адвернецца, узяць непрыкметна.
Дажывалаў. Сабе б у ягадзіцу торкнулі і нам пакрысе.
Наташа. Чаго вам торкнуць? Сінільнай кіслаты ці цыяністага калію?
Караўкін. Што лепш дзейнічае.
Дажывалаў. Каб адразу.
Наташа. Значыць, цыяністага калію.
Торгала. Яна здзекуецца. Гэта ж атрута.
Дажывалаў. Вы нам атруту!
Застрамілава. Гэта яна са злосці.
Торгала. Крыўдна, вядома. Для другіх стараецца, а самой паміраць прыйдзецца.
Дажывалаў. Вам крыўдна і нам крыўдна, дык трэба разам гэту крыўду спагнаць.
Наташа. Як гэта?
Застрамілава. А так: калі не мне, дык і нікому.
Дажывалаў. Пацука гэтага за хвост ды аб вугал.
Караўкін. Нашто аб вугал? Торкне гэтага самага, што нам прапанавала.
Застрамілава. I ўсё.
Торгала. I ўся неўміручасць.
Дажывалаў. Ліпа.
Караўкін. Адно шарлатанства.
Наташа (іранічна). Гэта ідэйка! Як яна прыйшла вам у галаву?
Дажывалаў. А што? Нядрэнная. Калі не мне, дык і нікому.
Кабінет Дабрыяна. Стук у дзверы.
Дабрыян. Уваходзьце!