Уваходзяць Мякішава і Сідаровіч.
Мякішава. Мы ад прафсаюзнай арганізацыі. Маё прозвішча — Мякішава. Ніна Уладзіміраўна. А гэта — наш актывіст, ударнік камуністычнай працы Мікалай Рыгоравіч Сідаровіч.
Дабрыян. Вельмі прыемна. Сядайце, калі ласка.
Мякішава (становіцца ў позу). Дарагі Барыс Пятровіч! Дазвольце горача, ад усяе душы павіншаваць вас, вялікага вучонага, слаўнага сына нашага народа, з адкрыццём закону неўміручасці, якім вы ашчаслівілі чалавецтва. Ад шчырага сэрца жадаем вам добрага здароўя і доўгіх, доўгіх… Прабачце, гэта па прывычцы… Жадаем вам вечнага, шчаслівага, бясхмарнага жыцця і яшчэ большых… Ды якіх яшчэ большых… Адным словам, нізкі, нізкі вам паклон за ваш неўміручы навуковы подзвіг і дазвольце вас пацалаваць. (Цалуе Барыса Пятровіча.)
Сідаровіч паціскае яму руку.
Дабрыян. Вялікае вам дзякуй, Ніна Уладзіміраўна. Вы мяне проста расчулілі. Сядайце, калі ласка.
Усе садзяцца.
Мякішава. Вялікую вы справу зрабілі, Барыс Пятровіч, ды вось бяда — не ўкладваемся мы ў ліміты.
Дабрыян. На жаль, не толькі ў вас такое становішча.
Мякішава. Цудоўныя ж людзі, ударнікі камуністычнай працы, а мы вымушаны ім адмаўляць, дзяліць на вартых і нявартых. А яны ўсе вартыя.
Дабрыян. Дык што ж рабіць?
Мякішава. Вось мы і прыйшлі параіцца з вамі — што рабіць?
Дабрыян. А я таксама не ведаю.
Мякішава. Ці нельга павялічыць ліміт на неўміручых?
Дабрыян. Лімітамі я не распараджаюся, Ніна Уладзіміраўна. Вы гэта самі ведаеце. Я даю толькі рэкамендацыі.
Мякішава. Вось мы і просім рэкамендацыі. Без іх не даюць.
Дабрыян. А вы ведаеце, што такое дэмаграфічны ўзрыў?
Мякішава. Гэта калі людзей расплоджваецца больш, чым трэба.
Дабрыян. Дык вось, калі пусціць на самацёк, дык іх пры неўміручасці за сто гадоў расплодзіцца ў нашай рэспубліцы два мільярды дзвесце восемдзесят сем мільёнаў. Я вас не пераканаў?
Мякішава. Вы мяне даканалі. Каб вы бачылі, што ў калектывах робіцца. Вось няхай Мікалай Рыгоравіч скажа.
Сідаровіч. Падзяліла неўміручасць людзей, Барыс Пятровіч. Нас, так званых неўміручых, жменька, а іх жа вунь колькі. Ды і крыўда ім вялікая. Каторы больш свядомы, віду не паказвае, а ўсё роўна няма ранейшай цеплыні. А другі і шпільку падпусціць. Ёсць такія, што і не хаваюць свае крыўды. Дае яму майстар дэталь апрацаваць, а ён: «Такая складаная! Гэта не для смертных. Вунь неўміручаму дай». I так няёмка сябе адчуваеш, нібы вінават перад ім.
Дабрыян. Ну, а калі вас, бывае, прэміруюць, а яго не, дык вы таксама вінаватым сябе адчуваеце?
Сідаровіч. Прэмія — справа іншая. Сёння мяне прэміравалі, другі раз другога. А тут жа навечна. Ну і ў сям‘і таксама… Жонка нібы чужымі вачамі глядзіць на мяне. I мяне розныя думкі трывожаць. Пра вечнае думаю. Памрэ жонка, дзеці паўміраюць, а я ўсё буду жыць і жыць. Адзін я буду? Мусіць жа, не адзін. Другая будзе. I дзеці… можа, неўміручыя. А гэтыя? Праз якіх гадоў дзвесце я, можа, і зусім забудуся, якія яны былі. Вось і думаю. Начамі не сплю. Ішоў з Нінай Уладзіміраўнай да вас наконт лімітаў, але як пачуў, што лік на мільярды ідзе, дык і язык не паварочваецца. Вось я і думаю: а нашто мне гэта неўміручасць? Жыў я спакойна, працаваў, людзі мяне паважалі, і ніхто крыва на мяне не глядзеў. Буду я лепш зноў такім, як быў. I дзяцей прытулю, як раней, і жонка не будзе глядзець як на марсіяніна. Як вы думаеце, Барыс Пятровіч, маю я права адмовіцца ад неўміручасці?
Дабрыян. Ну вядома. Але адзін выпадак не вырашае праблемы. Вы адмовіцеся, а іншыя ж не адмовяцца. Ёсць такія, што за горла бяруць: давай неўміручасць, душа з цябе вон. Значыць, усё роўна астануцца ўміручыя і неўміручыя. А з імі і праблемы.
Мякішава. I вы нам нічога не можаце параіць?
Дабрыян. На вялікі жаль.
Мякішава і Сідаровіч устаюць, развітваюцца.
Сідаровіч. Я для сябе праблему вырашыў. Прыйшоў сюды неўміручым, а выходжу простым смертным.
Дабрыян. Я нават не ведаю, радавацца мне разам з вамі ці смуткаваць.
Мякішава і Сідаровіч выходзяць. Дабрыян садзіцца за стол і нешта запісвае.
Скараспей (уваходзіць. Са штучнай фамільярнасцю). Добры дзень у хату!