Выбрать главу

Дабрыян (устае з-за стала, ідзе насустрач). Добры дзень, Сцяпан Тарасавіч!

Вітаюцца, паціскаюць рукі.

Прашу вас. Сядайце.

Садзяцца.

Чым магу служыць?

Скараспей. Ну, не так афіцыйна. Якая там служба. Ехаў міма — дай, думаю, завярну на агеньчык, павіншую старога друга. Кажуць, ты тут такога натварыў…

Дабрыян. Дзякую, Сцяпан Тарасавіч. Натварыў… клопату людзям. Вы не ўяўляеце, колькі розных праблем узнікае ў сувязі з гэтым.

Скараспей. Ды што гэта ты: «вы, вас, вам». Мы ж, можна сказаць, старыя сябры.

Дабрыян. Відаць, занадта ўжо старыя.

Скараспей. На брудэршафт, праўда, не пілі, але гэта можна і паправіць. Так што давай без цырымоніі. (Ляпае па плячы.) Мы ж з табой нават вучыліся разам. Праўда, на розных факультэтах. Але гэта не перашкаджала нам быць сябрамі.

Дабрыян. Амаль сябрамі.

Скараспей. Чаму ж амаль? Не амаль, а так яно і было.

Дабрыян. Пасля нашы сцежкі разышліся.

Скараспей. Не ў розныя ж бакі.

Дабрыян. Мая, можна сказаць, па гарызанталі, а ваша па вертыкалі — усё вышэй і вышэй. Вы ж ледзь не міністэрскіх вышынь дасягнулі.

Скараспей. Зноў — вы. Бора! Ну як табе не сорамна! Мы ж ужо дамовіліся наконт брудэршафта.

Дабрыян. Прабач. У мяне неяк не выходзіць.

Скараспей. А вышынь пэўных я дасягнуў. Да міністра, праўда, не дапяў.

Дабрыян. Дапнеш. Яшчэ дапнеш. З тваёй хваткай…

Скараспей. Кажуць, дрэнны той салдат, які не марыць быць генералам. А вось ты мяне, прызнацца, здзівіў. Корпаўся, корпаўся са сваімі пацукамі. Я думаў — што там з таго пацука выкалупаеш. I раптам — неўміручасць! Рад за цябе. Маладзец!

Дабрыян невыразна ківае галавой.

А ведаеш, я думаў пра цябе. Не раз успамінаў. Як ён там, думаю. Можа, цяжкасці якія — дапамагчы што трэба. I не пазвоніць, думаю, дзівак. На кватэру б зайшоў, калі не хоча афіцыйна звяртацца. Сам хацеў выбраць час прыехаць да цябе, ды так і не ўдалося сустрэцца.

Дабрыян. А мы сустракаліся.

Скараспей. Дзе?

Дабрыян. На вуліцы. Проста нос у нос.

Скараспей. I размаўлялі?

Дабрыян. Не. Вы мяне не пазналі.

Скараспей. Не можа быць!

Дабрыян. Адвярнуліся ў другі бок. Нешта ў вітрыне вас моцна зацікавіла.

Скараспей. Хоць забі, не помню. I даўно гэта было?

Дабрыян. Даўнавата. Яшчэ да неўміручасці.

Скараспей. Прабач, калі ласка! Не падумай, што я наўмысна. Галава рознымі справамі забіта. Бывае, глядзіш і нічога перад сабой не бачыш. Каб родная жонка сустрэлася, дык не пазнаў бы.

Дабрыян. Я разумею. Такія маштабы… Дзе там кожнага пазнаеш.

Скараспей. Спадзяюся, ты не пакрыўдзіўся на мяне.

Дабрыян. Гэта так… да слова прыйшлося.

Скараспей. Прабач, што я тут твой час марную.

Дабрыян. У вас жа, напэўна, справа ёсць.

Скараспей. Справа невялікая. Хацеў напомніць, што ў цябе ёсць друг, якому некалі таксама прыйдзе час паміраць.

Дабрыян. А куды дзенешся.

Скараспей. Я думаю, заявы падаваць не трэба.

Дабрыян. Заявы? Нашто тая заява? Заявы не трэба.

Скараспей. I так усё ўладзіцца, кажаш?

Дабрыян. Уладзіцца. У агульным парадку.

Скараспей. Ты, аказваецца, жартаўнік.

Дабрыян. Хіба я сказаў што-небудзь смешнае?

Скараспей. У агульным парадку… Значыць, ты прымушаеш мяне станавіцца ў агульную чаргу?

Дабрыян. Божа барані! У мяне і на думцы не было прымушаць. Як сабе хочаце.

Скараспей. Ты што, мілы друг… Прыкідваешся ці сапраўды такі?.. Не хочацца мне ўжываць моцнае слова.

Дабрыян. Такі. Я такі.

Скараспей. Ну і ну! (Не развітваючыся, выходзіць.)

Антаніна Васільеўна (уваходзіць). Барыс Пятровіч, там Карэспандэнт дабіваецца.

Дабрыян. Які яшчэ Карэспандэнт?

Антаніна Васільеўна. Замежны нейкі. Тэлефон абарваў. Цяпер у прыёмную прыпёрся.

Дабрыян. Ніякіх Карэспандэнтаў! Ад сваіх не адбіцца!

Антаніна Васільеўна ідзе да выхаду і ў дзвярах сустракаецца з абвешаным апаратамі карэспандэнтам.

Антаніна Васільеўна (заступае дарогу). Няможна!