Выбрать главу

Наташа. Не прагоніце?

Дабрыян. Наташа! Ну што вы! Рад вас бачыць. Сядайце.

Наташа садзіцца.

Як здароўе?

Наташа. Пацук здаровы.

Дабрыян. Я пра ваша здароўе пытаюся. Вы былі так усхваляваны.

Наташа. Было ад чаго. Страціць неўміручасць — гэта не сумачку з грашыма.

Дабрыян. Вы яшчэ нічога не страцілі. Папрацуеце, людзі вас ацэняць…

Наташа. Больш за ўсё балюча, што я страціла вялікага мысліцеля, смелага адкрывальніка, бога навукі і ўбачыла на яго месцы звычайнага абывацеля, які трымаецца за падол старой бабы.

Дабрыян. Вы мяне не разумееце, Наташа.

Наташа. Я б разумела вас, калі б была вам агіднай.

Дабрыян. Я гэтага не скажу. Але мы з вамі розныя.

Наташа. Нават процілеглыя ў пэўным сэнсе.

Дабрыян. У вас яшчэ няма мінулага, адна толькі будучыня. Вы ні з чым не звязаны і нікому не абавязаны. А мяне трымае за фалды маё мінулае і маё сённяшняе. Адвярнуцца ад яго — гэта значыць зрабіць няшчаснымі блізкіх мне людзей.

Наташа. Ды вы не апраўдвайцеся, я не прыйшла вымагаць у вас неўміручасць. Ні гвалтаваць вас не збіраюся, ні на калені станавіцца.

Дабрыян. Вось і добра. Значыць, мы па-ранейшаму — сябры.

Наташа. Чула, што вам і без гэтага нялёгка.

Дабрыян. I не кажыце. Пісьмы, тэлеграмы, званкі… (Бярэ ў рукі жмут пісем.) Во, паглядзіце! Клубок страсцей. Усхваленні, навуковыя меркаванні, пагрозы, праклёны. Адны ўслаўляюць за тое, што абяссмерціў чалавека, другія праклінаюць за тое, што большую частку чалавецтва асудзіў на смерць. Як быццам яны дагэтуль не былі асуджаны.

Наташа. Вас нават пабіць хацелі.

Дабрыян. Гэта што! Дробны эпізод у вялікай эпапеі.

Наташа. Адзін з такіх эпізодаў можа скончыцца для вас дрэнна.

Дабрыян. Дзеля навукі людзі на кастрах гарэлі. А ідэя іх жыла. I перамагала. Праблема неўміручасці! За гэта не шкада і жыццё аддаць.

Наташа. Жыццё за неўміручасць…

Дабрыян. Так, гэта парадокс. Вялікі парадокс!

Наташа. Але гэта праблема выклікала дзесяткі іншых праблем.

Дабрыян. Іншыя праблемы няхай іншыя і вырашаюць. Я даў людзям неўміручасць. Няхай яны самі падумаюць, як ёю распарадзіцца. Зараз тут збяруцца спецыялісты. Паслухаем, што яны скажуць.

Наташа. Віноўнікам усіх бед усё роўна вас будуць лічыць.

Дабрыян. Што зробіш. Такая мая доля.

Наташа. I мне вас шкада.

Дабрыян. Гэта вельмі велікадушна з вашага боку.

Наташа. Я хачу вас выратаваць. Зразу зняць усе праблемы.

Дабрыян. Гэта ў вашых сілах?

Наташа. Думаю, што сілы ў мяне хопіць.

Дабрыян. Саманадзейнасць маладосці. Баюся, каб вы якога глупства не зрабілі.

Наташа. Гэта будзе самае разумнае, што можна зрабіць у такім становішчы. (Выходзіць.)

Дабрыян. Што надумала гэта ўтрапёнае дзяўчо?

Кудрыцкая (прачыняе дзверы). Можна?

Дабрыян. Калі ласка, Клаўдзія Пятроўна. Заходзьце.

Кудрыцкая. Тут за мной цэлы вывадак.

Дабрыян. Вядзіце яго сюды. (Глядзіць на гадзіннік.) Ды і пара ўжо.

Уваходзяць Кудрыцкая, Абадоўскі, Бабровіч, Варакса, Адамейка, Генка.

Дык вось, таварышы… Надышоў час. Просяць нас выказаць свае пэўныя думкі. Вы ведаеце наконт чаго…

Варакса. Пэўныя думкі аб няпэўнай справе.

Дабрыян. Што вы маеце на ўвазе?

Варакса. Я маю на ўвазе нязбытныя мары… Такія, як ваша неўміручасць, Барыс Пятровіч.

Дабрыян. Паколькі яна мая, дык гэта ўжо не мара. Але я думаю, што яна не толькі мая.

Абадоўскі. Гэта як той Месяц. Пакуль на яго глядзелі здалёк ды марылі аб нябесных яснотах і вечным блажэнстве, дык ён здаваўся такім прывабным, а як дасягнулі…

Варакса. Хвала вам і слава, Барыс Пятровіч, за ваша адкрыццё, але апрача фізіялогіі ёсць яшчэ сацыялогія, этыка, мараль, псіхалогія людзей.

Бабровіч. I эканоміка.

Дабрыян. Усё гэта ёсць, дарагія таварышы, але ж ёсць і людзі, якія гэтыя праблемы вырашаюць. Аляксандр Паўлавіч, сацыялогія, псіхалогія — гэта па вашай часці.