Выбрать главу

Генка (крычыць). Няпраўда! Яна хлусіць!

Абадоўскі, рагочучы, падымае пацука за хвост: «Вось, маўляў, сведка». Генка ледзь не са слязамі выбягае з кабінета.

Адамейка. Вось і ўся неўміручасць. Дзве дзюркі ў носе і сканчылося, як той казаў. I зноў мы ўсе роўныя. I ніхто нас не дзеліць на вечных і абязвечаных.

Бабровіч. Фу! Гара з плеч. А я ўсе вылічальныя машыны ў пот увагнаў, падлічваючы.

Кудрыцкая. А шчасце, здавалася, было так блізка!

Абадоўскі. Усякае бывае ў навуцы, але такое…

Варакса. Чаму? А ўспомніце філасофскі камень, а перпетуум мобіле ды той жа эліксір жыцця.

Абадоўскі. Гэта была дзіцячая наіўнасць самой навукі. А цяпер жа яна дарослая.

Кудрыцкая. А шкада ўсё-такі, таварышы! Шкада расставацца з залатой марай. I яго шкада (ківае на Дабрыяна).

Абадоўскі. Што ж мы можам зрабіць?

Бабровіч. Пойдзем марыць далей.

Усе выходзяць, аглядаючыся на Дабрыяна, які не падымае галавы.

Наташа (увайшла з клеткай у руках. Ціха паклікала). Барыс Пятровіч!

Дабрыян (не падымаючы галавы). Адыдзіце!

Наташа. Барыс Пятровіч! Гляньце сюды!

Дабрыян. Ідзіце, каб і вочы мае вас не бачылі!

Наташа. А пацук жывы.

Дабрыян (неўразумела глянуў на яе). Як гэта жывы?

Наташа. А вось ён — наш любенькі пацучок. Здаровенькі, вясёленькі.

Дабрыян (разглядае нежывога пацука, які ляжыць на стале). Дык вы…

Наташа. Гэта другі. Я іх падманула. Каб яны не мучылі вас рознымі праблемамі, якіх ніхто вырашыць не можа.

Дабрыян. Вы мяне забілі.

Наташа. Я вас выратавала. Вас і сапраўды маглі забіць.

Дабрыян. Што людзі скажуць? Невук. Шарлатан. Ёлупень, якога абдурыла нікчэмная дзяўчынка, якой напляваць на навуку і на мой аўтарытэт.

Наташа. А навукай мы будзем займацца і далей. Спакойна, без нервознасці. Я гатова прапанаваць сябе… Не бойцеся, не ў якасці вашай вечнай спадарожніцы, а ў якасці аб‘екта доследаў. Побач з пацуком. Доследы на чалавеку больш пераканаўчыя. А людзі… (Цалуе Дабрыяна ў цемя.) Людзі няхай тым часам падумаюць, што рабіць з неўміручасцю.

Канец