Марына Сяргееўна. Я зусім забылася… Я толькі пра сябе думала. Для мяне позна, а для цябе ж не позна.
Дабрыян. Марыша, пра што ты гаворыш?
Марына Сяргееўна. У цябе яшчэ могуць быць і пра-пра-праўнукі.
Дабрыян. Дык што з гэтага вынікае?
Марына Сяргееўна. Але іх у цябе не будзе. Праз мяне.
Дабрыян. Марыша, павер, што мне не да пра-пра-пра-пра. I мяне гэта зусім не турбуе.
Марына Сяргееўна. Мяне турбуе. Мяне вечна… Страшна падумаць, якое значэнне мае цяпер гэта слова… Мяне вечна будзе мучыць сумленне.
Дабрыян. Ты вечна выдумаеш сабе невырашальную праблему.
Марына Сяргееўна. Гэта ты яе выдумаў.
Дабрыян. Супакойся, прашу цябе. Што б там ні было, у нашых адносінах нічога не зменіцца. Паколькі гэта залежыць ад мяне, вядома. Нехта звоніць. Адчыні, калі ласка. (Выходзіць у суседні пакой.)
Марына Сяргееўна. Можа, паштальён. (Выходзіць у пярэднюю, адтуль чуецца яе голас.) А, Наташа! Добры дзень. Распранайцеся.
Уваходзяць Марына Сяргееўна і Наташа.
Наташа. Барыс Пятровіч дома?
Марына Сяргееўна. Бора, гэта Наташа. (Да Наташы.) Рана ён вам спатрэбіўся сёння.
Наташа. Важная справа, Марына Сяргееўна.
Дабрыян (уваходзіць, занепакоены). Што-небудзь здарылася?
Наташа. Здарылася, Барыс Пятровіч.
Дабрыян (яшчэ больш устрывожаны). З пацуком што-небудзь?
Наташа. Са мной.
Дабрыян. Наташа, дарагая, што ж такое?
Наташа. Адзін вялікі вучоны адкрыў сакрэт неўміручасці.
Дабрыян. I што ж далей? Мяне пужае ваш тон, Наташа.
Наташа. I гэта шмат што перавярнула дагары нагамі.
Дабрыян. У вас ёсць новая ідэя?
Наташа. Ёсць ідэя, Барыс Пятровіч.
Дабрыян. Марыша, прабач, калі ласка.
Марына Сяргееўна. Закрытаятэматыка? (Жартуючы, грозіць пальцам.) Ох, раскрыю я калі-небудзь гэту тэматыку. (Выходзіць.)
Наташа. Яна сур‘ёзна раўнуе.
Дабрыян. Раўнаваць? Да вас? Хіба вы не ведаеце Марыны Сяргееўны?
Наташа (аглядаецца на дзверы). Не пачуе?
Дабрыян. Вы сёння дзіўная нейкая.
Наташа. Закрытая тэматыка.
Дабрыян. Марына Сяргееўна гэта разумее.
Наташа. Зусім сакрэтна. У першую чаргу ад яе.
Дабрыян. Годзе вам мяне інтрыгаваць.
Наташа (відаць, што хвалюецца). Годзе дык годзе… Добра, што мы абое — біёлагі. Гэта аблягчае мне задачу.
Дабрыян. Я гатоў слухаць. Вы ўжо дастаткова мяне падрыхтавалі.
Наташа. Я прыйшла, каб прапанаваць вам сябе.
Дабрыян. Гэта як жа разумець? У якасці аб‘екта для доследаў?
Наташа. У якасці вечнага спадарожніка.
Дабрыян (збянтэжаны, працірае акуляры). Баюся, што я вас няправільна зразумеў.
Наташа. Калі баіцеся, значыць, зразумелі.
Дабрыян зусім збянтэжаны.
А казалі, што падрыхтаваны.
Дабрыян. Прызнаюся… Гэта так незвычайна… Я не чакаў…
Наташа. Ад мяне такога нахабства? Вы мяне не ведалі. Вы проста мяне не заўважалі. Вы бачылі толькі вашага пацука. А побач з ім нейкая бястварая і бясполая істота ў белым халаце. А што ў яе пад халатам, вы гэтым не цікавіліся.
Дабрыян. Ну, я прыблізна ўяўляў.
Наташа. Што пад гэтым халатам б‘ецца жывое гарачае сэрца… сто дваццаць удараў у мікуту. Вы гэтага не заўважалі. У вас заўсёды роўна шэсцьдзесят восем.
Дабрыян. Мне здавалася, што ў вас пульс нармальны.
Наташа. Сэрца — гэта, вядома, глупства… гіпербала, сінекдаха, адным словам, метафара. Ва ўсякім разе, не ў ім справа. А ў чым — вы самі добра ведаеце. Хоць мы і homo sapiens, але і ў нас бушуе той самы інстынкт прадаўжэння роду, што і ў пацука.
Дабрыян. А sapiens, выходзіць, ні пры чым?
Наташа. Пры чым. Але аб гэтым пасля. Цяпер я хачу давесці да вашага ведама, што гэты заложаны ва мне магутны інстынкт выбраў аб‘ектам вас.
Дабрыян. I даўно?
Наташа. Яшчэ да неўміручасці. З таго часу як я пачала з вамі працаваць.
Дабрыян. А што ж ён дагэтуль не заяўляў аб сабе?
Наташа. Неўміручасць… Яна зняла ўсе перашкоды.
Дабрыян. Але ж вы ведаеце, што вакансія занята, а сумяшчальніцтва забаронена.