Наташа. Вы рашылі ўратавацца ад мяне за гэтым хісткім бар‘ерам? Бар‘ер гэты чаго-небудзь варты быў да неўміручасці, а цяпер ён страціў усё сваё значэнне.
Дабрыян. Нарэшце, мой узрост…
Наташа. Кіньце, Барыс Пятровіч, хапацца за саломінку. Я сачу за станам вашага здароўя. Ведаю ўсе вашы аналізы, кардыяграмы і заключэнні эндакрынолагаў, усе вашы біялагічныя якасці і фізіялагічныя магчымасці. Я ведаю, што вы ў парадку эксперымента абследаваліся на прадмет неўміручасці. Вынікі абследавання мяне цалкам задавальняюць.
Дабрыян. Аказваецца. вы ўсебакова ўзброены.
Наташа. Без гэтага такую крэпасць не возьмеш. Цяпер нам трэба высветліць адно кардынальнае пытанне.
Дабрыян. Іменна?
Наташа. Магу я разлічваць на вашу шчырасць?
Дабрыян. Пастараюся. Шчырасць за шчырасць.
Наташа. Як вы гледзіце на мяне як на асобу іншага полу?
Дабрыян. Стараюся не глядзець.
Наташа. А каб не баяліся?
Дабрыян. Ну, каб я быў пацуком…
Наташа. Вы хочаце сказаць, што ў пацука няма зарэгістраванай жонкі?
Дабрыян. Па-мойму, гэта важная акалічнасць.
Наташа. Дык вось… перш за ўсё пра ваш законны шлюб… Я на яго не замахваюся. Не патрабую разводу. Не падбухторваю, каб вы падсыпалі мыш‘яку Марыне Сяргееўне ці зжылі яе са свету якім-небудзь іншым спосабам. Марына Сяргееўна — мілая жанчына, і няхай яна здарова жыве, колькі ёй Бог вызначыў. Я пачакаю. Пры неўміручасці маладосць мая астанецца пры мне. Але ёй нашто неўміручасць? Чым яна яе заслужыла? I якая карысць грамадству ад таго, што яна не памрэ? Маладой яна ўжо не стане. Дзяцей вам нарадзіць не зможа. А вас прывяжа на векі вечныя. А вы ж маглі б падарыць чалавецтву таленавітых, можа, нават геніяльных нашчадкаў — дзяцей, унукаў, праўнукаў. Сваёй вечнай адданасцю старой бабе вы пазбаўляеце грамадства такога цудоўнага дару. Якая ж гэта мараль? Гэта старыя мяшчанскія забабоны, а не мараль неўміручага грамадства. Правільна на нарадзе гаварыла пра мараль Клаўдзія Пятроўна: шмат што будзе выглядаць зусім іначай. Я доўга над гэтым думала, і вось… прыйшла да вас.
Дабрыян. Што да неўміручасці Марыны Сяргееўны, дык вы ўпусцілі з-пад увагі адну важную акалічнасць. Помніце, я гаварыў, што неўміручасць магчыма, пакуль усе эндакрынныя залозы функцыяніруюць нармальна. На вялікі жаль, Марына Сяргееўна пераступіла ўжо гэту мяжу. Я ёй пра гэта нічога не кажу і вас прашу не прагаварыцца.
Наташа. Але калі якая-небудзь магчымасць адкрыецца, вы ўсё зробіце для Марыны Сяргееўны.
Дабрыян. Я не бачу такой магчымасці.
Наташа. Значыць, адна перашкода адпала. Ва ўсякім разе, адпадае з часам.
Дабрыян. Але справа ў тым, што нам з вамі яшчэ ніхто неўміручасці не прысудзіў.
Наташа. Гэта вы наконт мяне. Пра вас гаворкі не можа быць.
Дабрыян. Чаму ж не можа быць? Я ўжо сказаў у адной высокай інстанцыі, што не прэтэндую на неўміручасць.
Наташа. Какетнічаеце, прафесар. Гэта на вас непадобна.
Дабрыян. Я зусім сур‘ёзна.
Наташа. Глупства. Абсурд. Людзі захочуць бачыць вечна жывым свайго куміра.
Дабрыян. Будуць і такія, што захочуць бачыць яго мёртвым.
Наташа. Гэта хто ж?
Дабрыян. Тыя, каму будзе адмоўлена ў неўміручасці. Нарэшце, я сам магу адмовіцца, калі цяжар акажацца не па маёй сіле.
Наташа. Кінуў людзям косць, а сам у кусты. Так, выходзіць?
Дабрыян. Не патрабуйце ад мяне больш, чым я магу.
Наташа (настойліва). Вы можаце зрабіць мяне неўміручай.
Дабрыян. Я не раздаю неўміручасць па знаёмству.
Наташа. Значыць, адмаўляеце? Асуджваеце на смерць?
Дабрыян. Мілая Наташа! Вы так мяне ашаламілі, ашарашылі, агарошылі, што я сёння нічога больш разумнага сказаць вам не магу.
Наташа. Разбэшчаная нахабная дзеўка прапануе вам свае паслугі. I вас гэта шакіруе. Так гэта трэба разумець?
Дабрыян. Ну хто скажа, што вы разбэшчаная? Ніводнай плямінкі я не заўважыў на вашых паводзінах. Але строй думак у нас, відаць, розны. Вы жывяце ўжо заўтрашнім, а я яшчэ сённяшнім, а можа, і ўчарашнім. Мне вашы прапановы здаюцца крыху дзіўнымі, экстравагантнымі, разважанні занадта рацыянальнымі.
Наташа. Бывайце, благачасцівы старча. Пара карміць праклятага пацука.
Дабрыян. Чаму праклятага?