Юры Станкевіч
Брамнік заўжды самотны
Замест уступу
Ён нягучна пастукаў у дзверы і на Максімава «не зачынена» ўвайшоў у цесны куток, дзе ледзь месціліся ложак, падрапаны стол і рыпучае крэсла. На выгляд яму было каля сарака гадоў: сярэдняга росту, у чорным плашчы, вакол галавы з гладка зачасанымі назад колеру саломы валасамі нібы гайдалася вузкае кола святла. Каб не гэта, дык, адным словам, дзядзька з вуліцы.
— Вы хто такі? — здзіўлена спытаў дванаццацігадовы Максім Гудаў. — Калі да бацькі, то ён спіць.
— Я да цябе, Максім, — сказаў незнаёмец і дадаў сарамяжліва: — Я — анёл. Імя — Херувім. Прыйшоў, каб выканаць тваё адзінае жаданне. Заўваж — адзінае.
— Нешта не верыцца.
— Нікому не верыцца.
— А што ад мяне трэба? — крыху памаўчаўшы, пацікавіўся хлопчык.
— Загадаць. Толькі і ўсяго. Да кожнага чалавека ў дзяцінстве прыходзіць нехта з анёлаў. Заўваж, толькі аднойчы. Хто што просіць. Адзін — цукерак, другі — ровар, трэці… Але… Што жадаеш ты? Хвіліну на роздум. Больш часу не маю.
— Не трэба хвіліну, — хлопчык паказаў рукой на сцяну, дзе вісеў плакат з выявай футбаліста. — Хачу быць галкіперам. Варатаром. Такім жа вялікім, як ён.
Анёл падышоў да сцяны, угледзеўся ў плакат і сказаў:
— Такім ты быць не здолееш, бо яму, калі ён яшчэ выступаў, не было роўных. А ўсё вялікае — непаўторнае. Але тваё жаданне я занатоўваю. Ты не пашкадуеш. Вось тут, на плакаце, стаўлю подпіс. Цяпер — бывай.
— Бывай і ты, — развітаўся хлопчык і… прачнуўся. У пакойчыку нікога не было. Максім Гудаў перавёў позірк на сцяну. Знаёмая постаць у карычневай футболцы з выявай тыгровай галавы. Мужны квадратны твар, кароткая стрыжка.
«Хасе Луіс Фелікс Чылаверт Ганселес, — прачытаў ён у каторы раз. — Парагвайскі галкіпер. Нарадзіўся 27 ліпеня 1965 г. у г. Лука. Рост 1 м 92 см. Удзельнік двух чэмпіянатаў свету. Аўтар адзінага ў свеце „хет-трыка“ сярод варатароў. Выключны пенальтыст і выканаўца штрафных удараў. Забіў за спартыўную кар’еру 62 галы».
…Але што гэта?
Хлопчык ускочыў і ўсутыч наблізіўся да плаката на сцяне.
Знізу нешта высвечвалася, нейкі надпіс.
І раптам ён прачытаў: «Згода. Херувім».
I
«Гранд-стадыён». Францыя. Ліон
Са свайго месца на «банцы» — лаўцы запасных, васямнаццацігадовы Максім Гудаў убачыў, як іх асноўны варатар — трыццацігадовы Сяргей Румаш, выскачыў на перахоп і ў паветры, у скачку сутыкнуўся з абаронцам сапернікаў з «Ліона», які незаўважна, з-за спіны, падключыўся да атакі. Цёмнаскуры, мажнага целаскладу «лібера», ішоў на «набяганне» з выстаўленым каленам, што і вырашыла лёс Сяргея Румаша ў гульні.
Збіты з ног, ён паімкнуўся ўзняцца, але спробы адна і другая, былі дарэмныя. Суддзя на полі, англічанін Стайлз, у жыцці паліцэйскі, паказаў цёмнаскураму абаронцу ўсяго толькі «гарчычнік» і спыніў матч. Выклікалі ўрача і адразу «брыгаду». І не паспелі яшчэ пакласці асноўнага варатара Румаша на насілкі, каб вынесці з поля, як «коўч», галоўны трэнер — Пал Палыч Грак, схапіўся спачатку за галаву, спадзяваўся, можа, што будзе выдаленне, але хутка апамятаўся і змрочна кінуў яму: «Размінайся ў тэмпе і — на паляну».
Замена. І калі ўжо выбягаў, нацягваючы пальчаткі, да сваёй штрафной, пачуў услед: «Пацярпі да перапынку, не прапусці».
Пакуль бег, падумаў, што вось ён, галкіпер з дубля, якога, лічы, выпадкова павезлі за іх каманду — «Рэйду» на адну шаснаццатую Лігі Еўропы, нечакана (верагодна толькі на гэты матч) будзе стаяць за «аснову». І ўсё з-за таго, што атрымаў траўму другі варатар, а цяпер, выцякае — і першы, Румаш. Менавіта яму цяпер давядзецца выцягнуць за ўсіх увесь цяжар, і на які момант жахнуўся, але думаць ужо не было ні часу, ні магчымасці, тым больш — баяцца. Толькі прыгадалася: а як зрабіў бы на яго месцы вялікі Луіс Чылаверт, яго кумір?
А вось і яго «гаспадарка». Вароты, як і паўсюдна, памерам сем трыццаць два на два сорак чатыры метра, ды штрафная перад імі. Ды яшчэ мяч. Ён выбіў яго далёка наперад — няхай адчуюць яго ўпэўненасць. Стадыён загудзеў. Увогуле цяперашняя гульня — па сутнасці, суцэльны для гаспадароў гандыкап. Каб выйсці ў чарговы раўнд, яго камандзе трэба альбо нічыя з нулявым вышкам (і тое, у залежнасці ад таго, як згуляюць у групе), альбо перамога. Але, па настроі, па ўнутранай перакананасці (а ён адчуваў яе), гатоўнасці, імпэту да перамогі — не было. Не «каціў» у іх тэму і так званы «аўтобус» — звышабаронная тактыка. Каб стварыць сапраўдны «бетон» у абароне, рэальных сіл не хапала. І спадзявацца ім заставалася хіба толькі на ўдачу.