Максім паволі зрабіў разбег і выбіў мяч як мага далей — больш цягнуць час не выпадала, бо пунктуальны Стайлз мог адразу сунуць у нос «гарчычнік».
VI
Годам раней
У нядзелю Максім прачнуўся рана, бо з вечара ўключыў будзільнік на мабільным тэлефоне. Апрануўся ў лепшае і паехаў на аўтавакзал, узяў білет на маршрутны аўтобус. З сабой вёз падарункі цётцы Любе (атрымаў грошы за зборы і першыя выступленні за юнацкую каманду краіны) і ў кішэні — чырвоную аксамітавую каробачку, у якой ляжаў заручальны пярсцёнак для Юлі.
Дзяўчына сустрэла яго на плошчы. Паводзіла сябе даволі дзіўнавата. Выйшла з цёмна-сіняй «мазды», скіравала да камерцыйнага шапіка, азірнулася, памахала рукой вадзіцелю іншамаркі, якая адразу і ад’ехала. Толькі тады заспяшалася да яго.
Юля была ў шыкоўным летнім строі, высокая, смуглявая — паспела загарэць на чэрвеньскім сонцы. Яна днямі, таксама як і Максім, скончыла школу. Месяцы два яны ўвогуле не бачыліся, і Максім быў цяпер вельмі рады і ўсхваляваны. Нават не спытаў, хто яе падвозіў.
Дзяўчына стрымана пацалавала яго.
— Ну ты і расцеш, — сказала, белазуба ўсміхаючыся.
Сапраўды, юнак, які стаяў перад ёй, ужо пераваліў за сто дзевяноста сантыметраў, раздаўся ў плячах, узмацнеў.
— Хто гэта цябе сюды прывёз? — раптам адразу ўспомніў Максім.
— Ды так, адзін знаёмы. Праехалі, як кажуць. І дадала рассеяна:
— Куды мы зараз? Што прапануеш?
— А пайшлі ў кавярню. Памятаеш, дзе мы пабіліся з гопнікамі?
— Ну, а што — прыкольна. Пайшлі.
У кавярні мала што змянілася. Працаваў музычны аўтамат. Гучала папса. Яны выбралі столік, незнаёмая маладая афіцыянтка прыбегла з меню, круцілася побач, назвала Максіма «дарагім госцем».
— Што гэта яна? Запала на цябе? — здзівілася Юля. — Хоць што тут дзіўнага? Ты — відны. Дзеўкі цябе любяць.
— Мяне пазнаюць. Заўзятары. Паўсюль цікавяцца футболам. Але чакай, вось. — Максім выцягнуў з кішэні аксамітавую каробачку, пасунуў да дзяўчыны.
— Табе.
Юля марудна раскрыла яе, выцягнула пярсцёнак.
— Ты сур’ёзна — Максім? — яна чамусьці разгубілася, нават пабляднеў твар.
— Больш чым. Прапаную табе разам з гэтым сімвалам сваё сэрца. Як ты — згодная?
— Дзякуй. Я расчулена. Але, але… з’явіліся новыя абставіны.
— І што за яны, Юля? — праз паўзу спытаў Максім. Ён ужо зразумеў: нешта пайшло не так, як варта было. Быццам падзьмуў халодны паўночны вецер. Даўняе пачуццё самоты на кароткі момант ахапіла яго.
— Паслухай, Максім, — мне думаецца, ты варты нечага большага. Ну, чым гэты твой футбол цябе ачмурыў? Вядома, ты становішся папулярны, нават мясцовыя гопнікі цябе ведаюць і быццам паважаюць, але ў свеце столькі магчымасцей. Няўжо табе так важна, што тысячы няўдачнікаў на стадыёне — ты толькі паглядзі на іх твары буйным планам — будуць, як кажуць «ташчыцца» ад таго, што ты ўдала зловіш нейкі мячык, ці адаб’еш яго? Ты мог бы стаць якім адвакатам, урачом, акцёрам, спеваком, мала кім яшчэ.
— Па-твойму, які-небудзь выскаляка на сцэне робіць для людзей больш? Я не ўпэўнены. І потым, футбол — маё прызванне. Тут ужо нічога не перагледзіш. Я сам захацеў гэтага.
— І твой анёл, які назваўся Херувімам, адобрыў? Так?
— Так.
— І ты верыш у такую лухту?
— Я толькі выказаў жаданне. А ён дапамагае яго здзейсніць. Я буду вялікім галкіперам. Можа, нават такім, як Чылаверт.
— Ну, спорт — гэта не тая мэта, да якой, на мой погляд, трэба імкнуцца. Большасць тых спартняжак к старасці проста вартыя жалю. Гаротныя, нікому не патрэбныя людзі. А дзе гарантыя, што ты не станеш такім? У той большасці?
— Так, я лічу, што ў тваіх словах ёсць нейкая рацыя. Але, толькі частка яе. Бадай што, пасля таго, як скончу выступаць ці ў выніку якога няшчаснага выпадку, траўмы — мне давядзецца застацца сам-насам з цяжкасцямі, і, магчыма, нікому з тых, хто цяпер апякае мяне, мае праблемы не вельмі будуць патрэбныя. Але брамнік, як я даўно зразумеў, часам адзінокі. Нават заўсёды самотны. Бо ён вартаўнік, і на ім адным адказнасць за тую браму, якую ён сцеражэ. Неістотна — якую. Прабач за рыторыку, але гэта па жыцці. І я пастараюся сустрэць пераход да новага жыцця падрыхтаваным. Буду вучыцца, магчыма, стану трэнерам. Урэшце, тое, што я здолею зарабіць за дзесяць — пятнаццаць год выступленняў, столькі я наўрад ці атрымаю, як адвакат, доктар, інжынер. Хіба што знакамітыя дураплясы маюць больш. Але які з мяне дурапляс?
— Па-мойму, гэта не зусім сур’ёзна. Не крыўдуй, але… але я пакуль не змагу прыняць тваю прапанову, — дзяўчына адсунула каробачку. — Яшчэ раз — не крыўдуй. Ты ўвесь час далёка, раз-пораз бяруць на спартыўныя зборы, цябе могуць прызваць і ў войска, а дзеўка з узростам, як кажа маці, «заляжалы тавар». Прабач.