Выбрать главу

Хаду матча ён прадбачліва чытаў. Гульню «Ліона» вёў іх плэймейкер Бурэ — паходжаннем з Метраполіі, белы, вопытны распасоўшчык і дырыжор. Крайнія нападаючыя, часта мяняючыся месцамі, раз-пораз разрывалі абарону. Урэшце, адзін з гэтых «аўтсайдаў», Фаркон, выскачыў на ўдар, і ён толькі на ўзроўні падсвядомасці выцягнуўся ў струну і адбіў мяч кончыкамі пальцаў. Стадыён расчаравана выбухнуў тысячамі галасоў. «Сэйв! — пранеслася ў галаве. — Выдатны сэйв!» — і, падымаючыся, убачыў краем вока, як «коўч» Палыч далёка за броўкай ускочыў з лаўкі і ўскінуў угору вялікі палец. Толькі цяпер ён унутрана супакоіўся. Гэты ўдалы сэйв надаў яму ўпэўненасці. Ён стаў адрозніваць ігракоў з каманды сапернікаў, успамінаў урыўкамі іх характарыстыкі з прагляду фрагментаў гульняў, з перадматчавай разборкі, якой так усякі раз надаваў значэнне Палыч. Толькі б не «праваліліся» абаронцы, — мільгала ў яго галаве. Вытрымаць і не прапусціць. Да перапынку, між тым, яшчэ заставалася хвілін трыццаць.

Але ўжо праз хвіліну іх «вінгер» — ігрок, які любіць прарывацца да чужых варот па броўцы, падманным фінтом праскочыў абаронцу Жалкевіча (гэх, Жэня, Жэня!) і зрабіў хітрую і дакладную перадачу, якой і пачалася знакамітая чатыроххадовая камбінацыя — нібы з вучэбнага фільма, і замкнуць яе ўжо набягаў усюдыісны Бурэ.

— Я! — закрычаў тады ён, як звычайна крычаць галкіперы, калі бяруць на сябе адказнасць за небяспечны эпізод, і рвануўся таму насустрач, па магчымасці закрываючы целам сектар варот. Але ўсё той жа Жэня Жалкевіч, тупа раззлаваны і ўзбуджаны сваім папярэднім пралікам, літаральна скасіў Бурэ проста ў пачатку штрафной. Тут як тут бег ужо да іх рэферы Стайлз са сваёй знакамітай з’едлівай усмешкай на твары.

Лысы яго чэрап блішчэў ад поту. Масіўныя сківіцы сціскалі свісток. Не марудзячы, ён крыважэрна паказаў на «кропку» — адзінаццаціметровую адзнаку.

Пенальці.

Стадыён падняўся і зароў.

Што ж, падумаў ён. Такія моманты для галкіпера непазбежныя. Гульня ёсць гульня. Толькі не расслабіцца, узважыць усё: хто будзе біць, які спакваля кіне позірк і ў які вугал варот, біць з якой нагі, і, адпаведна з тым, як пачне разбег? Пачуццё самоты раптоўна нахлынула на яго і так жа імгненна адступіла. Так, ён адзін, і гэта нармальна.

Дык, усё-такі — хто? Мяч, тым часам, забраў Стайлз і сам панёс і паклаў яго на «кропку». Урэшце, як і чакалася, да яго «скіраваў» пацярпелы.

Дык вось — Бурэ. Ён і будзе выконваць. Цяпер варта сачыць за ім, за кожным рухам. Так, паправіў мяч, уладкаваў яго на самы кончык адзнакі — усё-такі на некалькі сантыметраў бліжэй да варот. Знаёмая хітрасць. Кінуў імгненны позірк у адзін вугал, у другі. Панізу. Так, хутчэй за ўсё будзе біць нізам у адну з «шасцёрак» — ніжніх зон створа варот ля штангі. Пэўна, ужо прыгадаў, што рост галкіпера, яго, Максіма, рост, больш за сто дзевяноста, і, значыць, ён можа выцягнуць верхні мяч, калі, вядома, прыгадае вугал. А вось ніжні — наўрад. Пайшоў і спыніўся для разбегу.

Што рабіць? Узяць пенальці — для варатара першая і ганаровая справа. Але ж зрабіць гэта заўсёды вельмі цяжка: прыкладна, адзін шанец з дзесяці. Кожны з галкіпераў у такіх непажаданых выпадках выкарыстоўвае свае асабістыя напрацоўкі і хітрасці. Ён раптам успомніў адну з парад трэнера Палыча на гэты кшталт — збіць праціўніка з панталыку — і падумаў: а раптам спрацуе?

Максім хіснуўся ў правы бок, нагнуўся і зрабіў выгляд, што падымае з зямлі ці то каменьчык, ці то страчаны кімсьці шып ад бутсы. Той, хто будзе біць, вырашыць, што варатар кінецца менавіта ў гэты правы ніжні вугал, дзеля чаго цяпер і рыхтуецца, а каб не атрымаць траўму, нешта падбірае з зямлі.

З іншага пункту гледжання — гэта можа быць псіхалагічны падман. Але ў выканаўцы няма часу думаць. Яго падсвядомасць хістаецца ад супрацьлеглых маланкавых паімкненняў, і… хутчэй за ўсё ён выбірае менавіта супрацьлеглы вугал, а не той, адкуль нешта падабрана.

Варатар Максім Гудаў прыгнуўся і на які момант замёр у чаканні.

Чым будзе біць Бурэ? «Пад’ёмам?» «Пырам?» «Шведкай» — гэта значыць, знешнім бокам ступні, альбо ўнутраным — «шчоткай»? А то яшчэ «паненкай» — знакамітым ударам па навеснай траекторыі даўняга вядомага чэшскага іграка Паненкі?

Урэшце, як бы ён ні біў — галоўнае ўгадаць, у які бок паляціць мяч. Дакладней — у які вугал? Сачыць за разбегам. Так, свісток Стайлза. Разбягаючыся, Бурэ ледзь перамясціўся ў правы ад яго бок. Значыць… будзе біць нізам і ў левы вугал. Верагодна, усяго толькі верагодна. Але.

І ён, на якое імгненне раней, апераджаючы ўдар Бурэ, кінуў цела і правую руку ў ніжні левы вугал, і мяч, адчувальна драпнуўшы кісць, змяніў напрамак, чыркнуў па бакавой стойцы і — вылецеў за вароты.