Выбрать главу

Каля кававаркi задуменна глядзеў у столь малады чалавек у акулярах з тоўстымi шкельцамi. Задуменнасьць такога кшталту зьяўляецца на тварах студэнтаў, якiя пасьля выцягваньня экзамэнацыйнага бiлета зразумелi, што ня ведаюць адказаў нi на адно з трох пытаньняў. Гэтыя студэнты вучацца ў вышэйшых установах па восем-дзесяць гадоў, замест патрэбных пяцi. Яны любяць разважаць на модныя тэмы, ня ведаючы прадмету. Але яны маюць такi прыстойны, я б сказаў, самы iдэальны студэнцкi выгляд, што адмiнiстрацыя не наважваецца iх выключыць без правоў на аднаўленьне. І студэнт-другагоднiк ходзiць бясконца ў акадэмiчныя адпачынкi, пераздае па шэсьць разоў iспыты, пакуль канчаткова не абрыдне выкладчыкам i тыя не напiшуць у залiкоўцы «здавальняюча». А ў вольны ад вучобы час такi студэнт любiць наведаць курорт. Фiнансы ў студэнта абмежаваныя, i нiчога дзiўнага, што час ад часу яго бачаць за дробным крадзяжом.

Крадзёж парасона — безумоўна, дробная, але крымiнальная справа.

Вось я й абмаляваў дванаццаць падазроных асобаў, якiя сыйшлi з кавярнi й маглi забраць мой парасон. Прабачце, адна зь якiх магла забраць мой парасон.

Усе назiраньнi й высновы, падазрэньнi й меркаваньнi я перабраў вельмi хутка. Значна хутчэй, чым вы прачыталi, а тым больш — хутчэй, чымсьцi я цяпер запiсаў. Я не стэнограф i аддаю перавагу звычайнай чарнiльнай асадцы й лiнаванай паперы, але тады была iншая сытуацыя.

Заставацца ў кавярнi ня мела сэнсу. Калi бармэн або афiцыянтка i скралi парасон, дык вынесуць яго толькi пасьля працы. І я вырашыў: абавязкова падыйсьцi й падпiльнаваць, як яны выйдуць увечары са сваёй «Арабiкi». З гэтай думкаю i выйшаў на дождж. Шпаркай хадою я накiраваўся на чыгуначную станцыю «Дубулты». А раптам хто з наведнiкаў сеў чакаць электрычку й на хвiлiнку забыўся, што трымае ў руцэ крадзеную рэч? І я ўзрадаваўся, калi пабачыў сутулыя сьпiны латыскiх гiпi, што абняўшыся сядзелi на лаўцы пад станцыйным навесам. Крадком я абышоў станцыю й расчараваўся — парасона ў гiпi не было. Хлопец зь дзяўчынаю самааддана цалавалiся. На ўсялякi выпадак зайшоў у станцыйны будынак, дзе каля акенца касы адлiчвала грошы за квiткi цяжарная жанчына, яе хлопчык стаяў побач. Парасона не было. І чым больш я ўсьведамляў незваротнасьць страты, тым больш хацелася знайсьцi й вярнуць парасон. Дождж пачаў ацiхаць, i я накiраваўся да кнiгарнi. Я iшоў пад iмжычкаю й зайздросьцiў усiм, хто меў хоць нейкi парасон. Мой швэдар набрыняў, нагавiцы пацямнелi, валасы налiплi на лоб.

Зазiрнуў я i ў хлебную краму, дзе пабачыў тых самых пастэльных дзяўчынак, яны куплялi вялiкiя пернiкi ў выглядзе котак i сабачак. Дзяўчынкi ў сьветлых сукенках, самi таго ня ведаючы, пакiнулi кола падазроных.

Каля прамтаварнай яткi я ўбачыў сiвую латышку, якую завочна ахрысьцiў Агатаю. Яна пiльна разглядала вiтрыну з пральнымi сродкамi. Мыла было складзена ў акуратную пiрамiдку, на якой стаяла акуратная шыльдачка «Падчас пакупак, калi ласка, паказвайце вiзытоўку». Яшчэ абдумваўся малапрыемны факт, што безь вiзытоўкi не змагу набыць нават брусок мыла, каб мець чыстыя рукi за сталом, як убачыў свой парасон.

Я пазнаў бы яго сярод тысячы чорных парасонаў, бо зрабiў метку — наматаў белы матузок на адну са сьпiцаў, а тут ён велiчна ўзвышаўся над жаночымi стракатымi мацерчатымi грыбамi, якiя й парасонамi назваць цяжка, не пакрыўдзiўшы гонар майго абаронцы ад дажджу. Пад парасонам iшоў, пакульгваючы, той, на каго я менш за ўсё нагаворваў, калi даваў характарыстыкi. Скураное дзяржальна сьцiскала рука з вытатуяваным якарам. Пэнсiянэр не сьпяшаўся, i хворая нага не замiнала ўцёкам, ён быў упэўнены ў сабе. І я разгубiўся.

Пасярод вулiцы адзiн чалавек падыходзiць да другога й пачынае вырываць з рук парасон? А калi злодзей скажа, што гэта ягоны парасон, а мяне ён i ведаць ня ведае? А мае тлумачэньнi пра белы матузок проста сьмеху вартыя.