Але вернемся з Масквы ў Менск, да тутэйшых габрэяў...
У двары дому нумар сем па вулiцы Чарнышэўскага гулялi два Гены: Генка-Тонкi Мальцiнскi — сын перакладчыка Хаiма, якi пераўвасабляў беларускую лiтаратуру на iдыш для часопiсу «Зорка Бiрабiджану», i Генка-Тоўсты Паркiн. Два Генкi — дзьве супрацьлегласьцi. Тонкi — суцэльны рух, актыўнасьць дваццаць чатыры гадзiны ў суткi, падманы, iнтрыгi, сьмех. Гэта Генка-Тонкi абмяняў пустыя стрыжнi да шарыкавай, яшчэ нiкiм ня бачанай, ручкi на процьму цацак, за што атрымаў па мардасах. А Гена-Тоўсты сядзеў i чытаў Стывэнсана, Дойля, Купэра, Рыда... Зладзейнiчаць ён пачне пазьней. Скрадзе машыну й сядзе ў турму, дзе пачне сачыняць романы. Гена-Тонкi, пэўна ж, сеў бы ў турму, каб не эмiграцыя. Тонкi зьехаў у Ізраiль i стаў афiцэрам паветраных сiлаў. А Тоўсты стаў аўтарам турэмных романаў. Вось такiя Генкi жылi на Чарнышэўскага сем, што памiж вулiцамi Якуба Коласа й Кузьмы Чорнага.
А ў доме нумар тры на Чарнышэўскага жыў Славiк Эпштэйн. Ён выдатна вучыўся ў пачатковай школе. Меў ганарысты характар i гарбаносы профiль. Славiк два разы ўзапар пабiў мае акуляры. О, гэтыя акуляры! Я з мамай езьдзiў на край Менску, дзе падбiралi лiнзы. І нарэшце я зьявiўся ў клясе ў новенькiх, блiскучых акулярах. А ў кiшэнi сiняга форменнага пiнжака ляжаў зялёна-малахiтавы футарал. Толькi адзiн урок я прасядзеў у акулярах. На перапынку паспрачаўся з Эпштэйнам: хто намалюе больш роўны круг крэйдаю на дошцы. Абодва кругi атрымалiся крывыя. І гарачая спрэчка перарасла ў бойку. Аправу бяз шкла я паказаў мацi. Мы зноўку езьдзiлi на ўскраiну. А калi я зьявiўся ў абноўленых акулярах, дык першае, што зрабiў — падышоў да Славiка й папярэдзiў: калi зломiць акуляры, разьдзяру ягоны дзёньнiк выдатнiка на шматкi. «Не разьдзярэш». Дарма ён так сказаў. Я схапiў дзёньнiк. З маiх рук паляцела пакамечаная пашкуматаная папера. Зразумела, Эпштэйн ня вытрымаў крыўды. Другiя акуляры загiнулi. Бацька сказаў, што мне ня варта насiць акуляры, бо можна застацца зусiм без вачэй. Бiлiся мы з Эпштэйнам толькi два разы, а так сябравалi, i калi мае бацькi атрымалi новую кватэру i мы пераяжджалi, Славiк падарыў мне на памяць манэту Вялiкага Княства Лiтоўскага з выбiтай на ёй Пагоняю.
Манэта згубiлася. Шмат што згубiлася. Але згадкi пра манэту мяне супакойваюць, як i згадкi пра Магалiфаў...
Ведаў я трох Магалiфаў, двух асабiста, а аднаго — Магалiфа-дзеда — завочна. Магалiф-дзед камiсарыў ва дкраiне падчас грамадзянскай вайны й зрабiў вялiкую ласку расейскай лiтаратуры. Ён выратаваў выбiтнага пiсьменьнiка — Мiхаiла Прышвiна. Байцы Чырвонай армii зьбiралiся «замачыць» сiвабародага дзядка з падазронымi паперкамi ў рэчмяху. А камiсар Магалiф загадаў дзядка адпусьцiць. Хапiла адукацыi. Можа таму, калi я вёў журналiсцкае расьсьледаваньне пра лёс каштоўнасьцяў, якiя Сталiн вывозiў з СССР i прадаваў у Нямеччыне й празь Нямеччыну, напароўшыся на камiсара Магалiфа, якi быў намесьнiкам савецкага амбасадара ў Нямеччыне i, вiдавочна, прымаў удзел у распродажы збораў Эрмiтажу, я ня стаў акцэнтаваць на iм увагу. І калi Магалiф пашкадаваў i абаранiў Прышвiна, дык Сталiн не пашкадаваў Магалiфа, i ягоныя цёплыя ўзаемаадносiны зь Лiляю Брык не дапамаглi. Фотаздымак, дзе каханка Маякоўскага Лiля стаiць з камiсарам Магалiфам на фоне маскоўскага крамлю, мне паказваў Магалiф-бацька. Ён прыехаў у Менск з Горак. Прыехаў не адзiн, а з найлепшым сябрам — жабкаю у зялёным тэрмасе. Мы сядзелi ў сквэрыку, на пляцы Перамогi. Магалiф-бацька скардзiўся жабцы на лёс i паказваў мне здымкi з ЗША, куды перабраўся жыць Магалiф-сын. Здымкi былi мярзотныя. Распаўнелы Магалiф-сын адзьняў свой выходны дзень са смажаньнем мяса, пiцьцём вiна й сном на траве. Сытае марнатраўства — вось i ўсё пра здымкi. А ў Менску Магалiф-сын пiсаў песьнi, досыць мэлядычныя, i выконваў тыя песьнi Лявон Барткевiч з ансамблю «Песьняры». А ў Амэрыцы Магалiф-сын працуе ў фiрме «Шанэль», грузчыкам у краме. Магалiф-бацька на разьвiтаньне паказаў здымак зь Лiляю Брык i папрасiў адкласьцi напiсаньне артыкулу пра дэпартацыю каштоўнасьцяў, бо час ня той. Цяпер той час, дзесяць гадоў мiнула, i даўно няма той жабкi з тэрмасу. Адны згадкi пра яе.