Выбрать главу

Той ранiцаю ў мястэчку падаў надзiва змрочны сьнег. Маляваць на вулiцы не было анiякай магчымасьцi. Папера карабацiлася й раскiсала, дзюбка наймягчэйшага з алоўкаў не пакiдала рысак, а прадзiрала аркушы наскрозь. Гэта ў Карлавых Варах у самы найгусьцейшы сьнегапад можна схавацца ва ўтульнай рэстарацыi « Замкавы верх», сесьцi да вялiкага вакна, замовiць кубак булёну зь цялячымi фрыкадэлькамi й назiраць за спрытным жабраком, што зрабiў з лыжнага кiёчка вуду зь пятлёю й выцягвае зь зялёнага рэзэрвуару, падобнага да купалу мусульманскае мячэцi, пустыя бутэлькi з-пад вiна ды пiва. А пазьней, за кубачкам гарбаты з цытрынаю, маляваць архiтэктурнае ракако цi пiсаць вось гэтае апавяданьне. Адно кепска: недзе там, у юнацтве, засталося пачуцьцё ўласнай абранасьцi. А цяпер думаецца, што адчуваньне няздатнасьцi — i ёсьць прыкмета маленькага, а ўсё ж таленту. Кожнаму веку свае заняткi, свае радасьцi й спадзяваньнi.

Цэлы дзень я прасядзеў у нумары й прамаляваў акварэльнае пахаваньне лагойскага нябожчыка, чыю труну завалаклi канём на пакрытыя глыбокiмi сумётамi клады. Я так захапiўся карцiнкаю, што не пасьпеў прыбрацца да вяртаньня негаваркiх рэвiзораў. Толькi iм усё маё пэцканьне было да лямпачкi. Памiж ложкамi паставiлася тумбачка, i пацякла маўклiвая п’янка. Нi раней, нi пазьней я не сустракаў людзей, здатных напiвацца ў суцэльным маўчаньнi. Колькi разоў давялося браць чарку з глуханямымi, дык i яны нешта паказваюць на мiгi, усьмiхаюцца й весяляцца. А там было адно пабулькваньне вадкасьцi. Морак. Лагойская, лютаўская, пякельная безнадзейнасьць.

Начное выломваньне тым разам незачыненых дзьвярэй паўтарылася, але мела iншае завяршэньне. Я зноў выпусьцiў дзеда да ветру й намерваўся спаць да ранiцы, але дзе там... Пасьля выхаду старога маразматыка ў прыбiральню спаў ня больш за пяць хвiлiнаў. Ён вярнуўся праветраны й працьверазелы, абмацаў кiшэнi свайго авечага кажушка, дзе хавалася ад сабутэльнiка маленькая асабiстая пляшачка, i, нiчога не знайшоўшы, разьюшыўся, разьбiў парожнюю бутэльку аб радыятар i рыльцам успароў свайму сябруку горла. Звон раскрышанага аб чыгун шкла падкiнуў мяне з ложка. Уласна забойства запомнiлася як варухлiвая цемра, насычаная стогнамi й хрыпеньнем. А вось калi запалiлася сьвятло й на мае вочы прадстаў жывапiсна-крывавы труп з раскроеным горлам, дык гэтая карцiна да апошнiх дзён не сатрэцца з памяцi.

Каб хто толькi ведаў, як не люблю я апошнiм часам апавяданьняў пра п’янiцаў, але гэты аповед не пра iх, гэта ўспамiн пра юнацтва, дзе кожны з нас верыў у сваю зорку, пакуль не сутыкнуўся з рэчаiснасьцю, аб якую разьбiваюцца iлюзii, як шкло аб жалеза.

Карлавы Вары. Люты 1999 году

Мсьціслаўскія маньякі

Была спакуса напiсаць пра Нью-Ёрк — горад, дзе нiколi ня быў. Сесьцi, засяродзiцца, згадаць чытанае, бачанае ў кiно i ў тэлевiзii, чутае ад самых розных людзей i нашрайбаць падарожную прозу пра сталiцу ўсiх маньякаў i мастацтваў. І можна было пра горад, якi нiколi ня сьпiць, нешта навыдумляць. Тым больш, што Нью-Ёрк я любiў заўсёды. Кнiжкi пра амэрыканскае дзiва чытаў. Паехаць туды намерваўся й дагэтуль выпраўляюся, ды нiяк ня выберуся. А ў Новы Ёрк я пачаў зьбiрацца яшчэ ў семдзесят дзявятым годзе.

У раённай мсьцiслаўскай бiблiятэцы ўзяў пачытаць альбомчык пра горад даляравага д’ябла. Начытаўся, i заманулася ехаць у Амэрыку. Каму з нас не хацелася ў тую штатную, заможную, музычную краiну? Можа табе не жадалася? Сумняваюся. Не сустракаў я чалавека, якому б не карцела хоць раз пабываць у заакiянскiх злучаных штатах. Я — не выключэньне. Тым больш, мяне зь дзяцiнства некуды несла, кудысьцi клiкала, гнала, цягнула. Не сядзелася дома хлопчыку малому. А там — хмарачосы, падземка, Брадвэй, Манро, Райт, Уорхал, Раўшэнбэрг, Ленан, Прэсьлi, Бруклiн, Альпачына, Брандо... Дух захоплiвае. Ляжаў я ў касьцёле Дзевы Марыi на самаробным ложку й марыў-мроiў пра рок-н-рол i мiльёны агнёў.

У Мсьцiславе я сумаваў менавiта па лямпачках, па сьвятле, па рэкляме. Не хапала начнога жыцьця. На ўвесь Мсьцiслаў адно скрыжаваньне стаяла са сьвятлафорамi. Я ўночы пайду на тое скрыжаваньне, пастаю, i ня так маркотна. Зялёны, жоўты, чырвоны, жоўты... Хоць нешта, хоць нейкi ўрбанiзм. Хлусiць ня буду, работа ў касьцёле мне падабалася, вельмi. Капiяваў я залацiстыя фрэскi — займальны, ведаеш, занятак. Уяўляеш сябе майстрам культавага сьценапiсу, натхнёным вернiкам, манахам. Табе даручылi ўпрыгожыць сабор, i ты робiш эскiзы. Сабор прысьвечаны Мацi Божай i ўсiм, хто загiнуў ад зброi ўсходнiх барбараў у 1658 годзе, калi Мсьцiслаў быў спалены, а жыхары на загад вылюдка-маскавiта Трубяцкога вынiшчаны. З трыццацi шасьцi тысячаў засталася адна тысяча недасекаў. І сьведчаньнем таму паўсталi малюнкi: Трубяцкi палiць горад, i маскоўцы шаблямi адсякаюць галовы ксяндзам. Не скажу, што гэта найпрыгажэйшыя карцiны ў саборы. Яны патрэбныя, але я любiў анёлаў-музыкаў i вялiкi, на ўсю сьцяну залаты арган.