Можа дзеля самаўпэўненасьцi аповеды пра маньяка мяне ня ўражвалi. Зрэшты, душыў ён толькi жанчын. Дый наагул уся гiсторыя выглядала на дурную казку. У цёмным-цёмным лесе чорны-чорны чалавек падпiльноўвае самотных жанчынак, нападае, катуе, забiвае й хавае нябожчыц пад гольлем, мохам i лiстотаю. Што тут нечаканага? А вось калi мясцовы хулiган зарэзаў мясцовага п’янтоса ў нядзелю зранку на вачах у народу, тут i мянты занэрвавалiся.
Нядзеля ў Амсьцiславе — дзень сьвяты й кiрмашовы. Апранаешся чыста й iдзеш на кiрмаш. Сябе паказаць, на сьвiней паглядзець. Люблю я на сьвiнак глядзець. Дарма кажуць, што я жыд, каб быў габрэем — не любiў бы я сьвiнства. А вось люблю. Ходзiш сабе, дзюдзек разглядаеш. Потым накупляеш якiх гуркоў з памiдорамi — i ў кнiгарню, поркацца ва ўцэненых кнiжках i паштоўках. У кожнага свая нядзельная цiкавасьць. Хто з цукеркамi, хто зь пiвам, хто з марозiвам, а я з кнiжкамi. Сьвята, адным словам. А тут адзiн падшыванец усадзiў другому падшыванцу нож пад рэбры й дастаў да сэрца, насьмерць чалавека зарэзаў. Мужчыны забойцу схапiлi й мiлiцыянтам аддалi. Лепш бы яны схапiлi яго тады, калi ён яшчэ быў не забойцам. Каб хто ведаў...
Карацей, усе ў Амсьцiславе маглi быць маньякамi: i зэкi, i мясцовыя, i iнтэрнацкiя з пэтэвэшнiкамi.
Я табе яшчэ не расказаў жахаў пра пэтэвэшнiкаў. Зараз распавяду. Прафэсiйна-тэхнiчная вучэльня ў гарадку спэцыялiзавалася на будаўнiчых занятках. А каб словы не разыходзiлiся са справамi, навучэнцы будавалi васьмiкватэрныя двухпавярховыя дамкi. Такое няхiтрае жытло для местачкоўцаў. Каб не раскрадалiся будматэрыялы, даводзiлася пакiдаць вартаўнiка. Быў сярод навучэнцаў кульгавы, адна нага карацейшая, касавокi небарака. Яго ўвесь час i пакiдалi за вартаўнiка. А мсьцiслаўскiя малагодкi зьдзеквалiся зь нябогi: паказвалi яму, як ён крыва глядзiць, як ураскiрэчку ходзiць, матам на яго лаялiся. І давялi да таго, што схапiў кульгавы рыдлёўку й засёк шэсьць дзяцей адным разам. Яны ўшасьцёх так i ляжаць адным шэрагам, пры самай браме, на могiлках. Нажартавалiся, наблазнавалiся й цяперака адпачываюць.
Вось такi расклад крымiнальны меўся ў тамтэйшых сьледчых. Куды нi зiрнi — паўсюль падазроныя.
Быў i падазроны нумар адзiн, афiцыянт з рэстарацыi «Вiхра». Вiхра — назва крынiчнай рэчкi, што цячэ каля Мсьцiслава. За рэчкаю ў вёсачцы й жыў афiцыянт Гена. Толькi афiцыянтам i бутлегерам Гена зрабiўся не адразу. У першым сваiм жыцьцi працаваў ён школьным настаўнiкам нямецкай мовы. Таму зрэдзьчасу ў рэстарацыйным тлуме гучалi германскiя маналёгi з лаянкаю пра п’яных сьвiньняў. Вытурылi Гену са школы за нудызм. Штодня на золку ён галяком даваў нырца ў халодную Вiхру. Я вельмi паважаю тых, хто зранку акунаецца ў рэчку.
І сам бегаў i плаваў. Бегаў да верасьня i ў верасьнi, калi з усiх рэстаўратараў у касьцёле засталiся двое — я й Мiкола Залатуха. Першым падхапiў хваробу Мiкола. Затэмпэратурыў i зьехаў. Адзiн я бегаць ленаваўся, дый баяўся застудзiцца. А Гена i ў першыя маразы боўтаўся ў бруiстай плынi. Казалi, што ён цэлую клясу сваiх вучняў падбухторыў купацца аголенымi. Я ня веру. Гена — вясковы дзiвак, а не вар’ят. У ягоным партфэле заўсёды хавалiся: чыстая кашуля, каньяк i лiмон. Любая дзеўка сама хацела перапiхнуцца з чыстацелым афiцыянтам. Калi ён за нешта й перажываў, дык толькi не за адсутнасьць полавай блiзкасьцi. Ён перажываў за лысiну. Зарана — у трыццаць — згубiў Гена кудзеры. Ён сам мне пра гэта расказваў, калi напiўся. А пiў Гена з шыкам. Шампанскае, чырвоная iкра ў талерцы, танцы на стале... А потым сьлёзы й расповед пра чортаву лысiну. Я нi хвiлiны не сумняваўся, што Гена нiкога ня гвалцiў i не душыў. А Мсьцiслаў на яго нагаворваў. І мужы замардаваных кабет хацелi таго Гену падлавiць, каб выбiць прызнаньне.
Выбiць прызнаньне можна зь любога. Такiх прыкладаў у крымiналазнаўстве колькi заўгодна. Але ж трэба нэўтралiзаваць маньяка, вось дзе загваздка. І мсьцiслаўцы гэта разумелi, за Генам сачылi, але катаваць не катавалi. А я адразу казаў: марны занятак сачыць за афiцыянтам, акрамя голай дупы на беразе рэчкi нiчога вартага ня высачыш. І нiхто нiчога ня высачыў. І мая праца ў Амсьцiславе падышла да канца. Працаваў я толькi ў цёплы сэзон — з траўня да кастрычнiка. У касьцёле i ў жнiўнi можна застудзiцца на скразьняках, а ў маразы проста здохнеш. Дый адному жыць у паўразбуранай будынiне — ня цукар з хлебам есьцi. Сабраў я пэндзлiкi й матануў у Менск.