Выбрать главу

На менскiм пляцы Бангалор на дзень Незалежнасьцi я сутыкнуўся ў натоўпе з жонкаю былога мянцярскага мiнiстра Захаранкi. Таго, што выйшаў з дому й не вярнуўся. Чуткi ходзяць розныя... Экс-мiнiстра забiлi. Экс-мiнiстра скралi расейскiя спэцслужбы. Экс-мiнiстар схаваўся й чакае лепшых часоў. Але факт застаецца фактам: мiнiстра няма, а ягоная жонка стаiць на мiтынгу апазыцыi з фотапартрэтам мужа й просiць вярнуць ёй любiмага чалавека. Сэрца сьцiскаецца ад жалю да змучанай жанчыны, а вось за самога мянтоўскага галаву я нiколi не перажываў i перажываць не зьбiраюся. Не хвалююся я за мянтоў i табе ня раю. Марны гэта занятак.

Аматары апазыцыйных мiтынгаў i рок-н-ролу выпусьцiлi вiдэакасэту, дзе на музыку абы як намантавалi кадры палiтычных падзеяў найноўшай гiсторыi. Мянты б’юць бабулю. Дзецi шпурляюць камянi ў бобiкаў. Мiтынгi. Шэсьцi. Сутычкi. Звычайныя сучасныя клiпы. А вось адзiн сюжэт на касэце зусiм не рок-н-рольны. Малады мент расказвае, як калегi загадзя рыхтуюць камянi, якiмi потым падлеткi будуць у iх кiдаць. Маўляў, правакатар кiне першы, а падлеткi з натоўпу неабачлiва падтрымаюць дурную iнiцыятыву. І гэты касэтны мент болей ня хоча служыць у белмянтоўцы. Так я табе й паверыў, мой мiлы таварыш — мой мент. Калi ты гэта ведаў, дык чаму не распавёў загадзя й не папярэдзiў, чаму не перадухiлiў бойку? Га? А такая натура: не ратаваць iншых, а сабе выгоды шукаць, каб дабротаў паболей, а працы паменей. Часам мянты могуць i сьведак папраганяць, каб меней пратаколаў пiсаць.

На вулiцы Энгельса ў гнюсным бары «Элiта» я выпiваў са школьным настаўнiкам бiялёгii Казiмiравiчам. Цiхенька так гаварылi пра запаветныя расейскiя мясьцiны. Ён быў у Яснай Паляне, а я — у Ноўгарадзе. Да нас падышоў капiтан кацера, што на Менскiм моры дзяцей катае. П’яны ён быў моцна. Мы вырашылi пазьбегнуць скандалу й выйшлi з «Элiты». Капiтан вывалакся за намi. А скандал насьпяваў сапраўдны. Бармэн, былы вучань Казiмiравiча, прапанаваў капiтану пайсьцi на тры кiрылiчныя лiтары. Капiтан пакрыўдзiўся i, выйшаўшы на вулiцу iмя бацькi навуковага камунiзму, пабiў вiтрыннае шкло. Разагнаўся й бухнуў у яго плячом. І ўсе гэтыя надпiсы «калi ласка, запрашаем», «бар ЭЛІТА прапануе сьняданкi, абеды, вячэры» пасыпалiся на яго. Капiтан моцна парэзаўся й яшчэ бiўся з бармэнам, пакуль не прыехалi мянты. У пастарунку мы апынулiся ўчатырох. У нас з Казiмiравiчам спыталi, хто мы такiя. А потым лейтэнант сказаў: «Настаўнiк i пiсьменьнiк iдуць на х!.. Мне такiя сьведкi не патрэбныя». Вiтрыну пастарунку мы бiць ня сталi. Ня той стан ап’яненьня. І, у адрозьненьне ад капiтанаў, настаўнiкi бiялёгii й беллiтаратары не крыўдуюць на тры лiтары.

На рагу той жа вулiцы Энгельса й праспэкта Скарыны аднойчы стаяла купка высокачыноўных мянтоў. Яны пазiралi на Палац Рэспублiкi, дзе сабралiся прэзыдэнты Беларусi, Расеi, Казахстану, Кыргызстану й Арменii. Непадалёк ад мянтоў тоўкся алiгафрэн. Ён сьмяяўся й пацiраў далонi. Бяскрыўдна дастаў з носу «казла» й паспрабаваў зьесьцi. Нясмачна. Выплюнуў сабе на далонi й зноў пачаў iх пацiраць. Мянты бачылi забаўкi алiгафрэна, але не рэагавалi, покi той не падышоў да iх i не загарлаў: «Прэзыдэнты! Прэзыдэнты!» Тады самы бурачковаморды мент аддаў загад, i шараговец з ачапленьня, што вышнуравалася ўздоўж праспэкту, падляцеў да дурня й пагнаў аматара смаркачоў у двор, за пiцэрыю. Прыбiраць маргiналаў з розных сьвяточных мерапрыемстваў — сьвяты абавязак палiцаяў.

9 траўня, на дзень Перамогi над фашыстоўскiмi захопнiкамi, я бачыў, як два вялiзных мянты вялi маленькую бамжыху. Тая румзала й размазвала сьлёзы кулачком па апухла-малiнавым твары. «Утаплюся! Утаплюся!» — крычала бамжыха-алькагалiца на ўсю вулiцу Маркса. «Ты лепей павесься, — прапанаваў старэйшы па званьнi мент, — нам меней работы».

Розных гiсторыяў пра мянтоў можна назьбiраць на раман. Толькi хай тое робяць самi мянцяры. Мне й гэтага хапiла, каб выказаць сваё да iх стаўленьне. А то сустрэў я маладзенькага пiсьменьнiка, пацякла гаворка. Ён i кажа: «А я мiлiцыю вельмi паважаю». «Паважай, любi... Твая справа. Проста ты не пацыфiст, не анархiст i не рок-н-рольшчык, як я».