Выбрать главу

Перад тым, як заснуць, я люблю згадваць эратычныя экскурсii. А хто ня любiць? Ты? Ня веру. Як не паверу, што ёсьць людзi, якiя ня лётаюць у снах. Гэта не зусiм людзi, як для мяне. Палёт у сьне — лiрыка, пра лiрыку проста неабходна думаць перад сном, як i пра дзяцiнства. А вось пiсаць вершы ўночы ў ложку ня варта. Напiшаш нешта накшталт: «Калi я сплю, я — незалежны, безабаронны, калi сплю...» А далей не складаецца, i заснуць ня можаш. Разважаеш пра залежнасьць, пра сваё рабства i ўрэшце ўстаеш, каб выпiць вады й супакоiцца.

Шмат што ў гэтым жыцьцi не дае мне заснуць. Бывае, забудуся зачынiць у ванным пакоi свайго любiмага ката Чарлiка. Ён, гад, прыходзiць цiхенька й кладзецца на мае ногi. Такой мяккай гiраю навальваецца, i даводзiцца ўставаць i зачыняць яго, каб спаў на сваiм месцы. Кожны мусiць спаць на ўласным месцы, каб iншым не замiнаць. І што можа быць горш за тое, калi адна жывая iстота не дае спакойна спаць другой цеплакроўнай, i нават халаднакроўнай iстоце? Канечне, рацыянальнасьць нашага быцьця — у нейкай ступенi бяссоньне, а таму пра пакуты бяссоньня хай пiшуць iншыя. А я iду спаць.

Вiльня. Сьнежань 2000 году

Менскія вар'яты

Люблю Менск. Ведаю, шмат хто ня любiць майго гораду. Адным замала ў iм гiстарычных помнiкаў, другiм не стае генiяў, трэцiм нiяк не вымалёўваюцца пэрспэктывы нармальнага разьвiцьця. Шэрасьць, асфальтнасьць, прыпыленасьць i задымленая тумановасьць малююць аблiчча майго Менску. Архiтэктура стандартная, насельнiцтва бесхарактарнае, кiраўнiцтва прыблуднае, мова бiлiнгвiстычна-макаранiчная. Што ў Менску можна любiць? Вар’ятаў! Іх постацi, твары, паводзiны разбураюць завядзёнкi, парушаюць нормы й правiлы, ствараюць непаўторнасьць нашае сталiцы.

Вось табе Вова-Камандзiр. Ён стары. Я ведаю Вову гадоў трыццаць, i колькi памятаю — ён заўсёды быў стары, сiвавусы, стрыжаны пад «бобрык», у вайсковай форме. Можа, Вова й хадзiў некалi ў камандзiрах, але наўрад. Хутчэй за ўсё, ён, як большасьць хворых на галаву, проста любiць усё вайсковае: боты, фрэнчы, фуражкi з кукардамi. Такi бяскрыўдны вайсковец — Вова-Камандзiр. Нi дзе жыве, нi хто ягоныя сваякi, я ня ведаю. Але добра знаю, дзе й чым Вова харчуецца. Камандзiр любiць гастраномныя кафэтэрыi. Прадаўшчыцы налiваюць яму гарбаты. Вова сыпле, не шкадуючы, лыжачак зь пяць цукру, зьбiрае недаедзеныя канапкi, кавалкi батонаў, паперкi ад тварожных сыркоў i моўчкi падсiлкоўваецца ў кутку. Праўда, гарбату сёрбае вельмi гучна. Ад любовi да ўсяго перасалоджанага й зацукранага ў Камандзiра баляць зубы. Таму яго часьцяком можна пабачыць каля другой стаматалягiчнай клiнiкi, што месьцiцца насупраць кiнатэатру «Цэнтральны». Палiклiнiка працуе круглыя суткi. У ёй заўсёды сьветла й цёпла. Вова-Камандзiр любiць сядзець у чарзе й чакаць, калi ранiцай адчыняцца кафэтэрыi, дзе можна пасаладзiць душу перацукранай гарбатаю. А запляваны крывёю сьнег каля ганку палiклiнiкi, вiдавочна, нiколi не псаваў Вовiнага апэтыту.

Сам Вова-Камандзiр таксама нiколi не псаваў мне апэтыту, а вось ад пагляду на Жабрака-Прэзыдэнта заўсёды рабiлася млосна...

Ён стаяў на сходах станцыi мэтро «Акадэмiя навук» i прасiў грошы. Нават i не прасiў, а проста трымаў зiмовую шапку так, што кожны разумеў — дайце на хлеб. Кiдалi яму неахвотна. Агiду ён выклiкаў, бо не стары, а такi запушчаны, сьмярдзючы, неахайны. Брррр... І вось, у адно iмгненьне ён стаў самым знакамiтым жабраком у сталiцы, дый ня толькi ў Менску, а ва ўсёй Беларусi, бо быў страшэнна падобны да першага прэзыдэнта. Усе толькi й гаварылi пра яго, паказвалi адзiн адному. Ну й грошы сыпалiся ў шапку несканчоным дажджом. Жабрак-Прэзыдэнт неяк нават папрыгажэў, пакруглеў, паружавеў... Быў жа зялёны, як мярцьвяк, а тут i падстрыгаецца, i шчокi голiць, вусы падрэзаў акуратненька — рыхтык Лукашэнка. Вядомасьць Жабрака-Прэзыдэнта абярнулася для яго бядою. Цi са сваёй iнiцыятывы, цi на загад з гары, мянты пачалi ганяць жабрака. Толькi ён стане каля кiнатэатру «Кастрычнiк», а яны тут як тут. «Валi адсюль! Каб духу тут твайго не было!» Жабрак-Прэзыдэнт сунецца да Акадэмii Мастацтваў, але й там яго праганяюць праваахоўнiкi. Не такая й добрая рэч, як высьветлiлася, быць падобным да кiраўнiка краiны. Калi ты жабрак, дык лепей нагадваць апазыцыянэра: Васiля Быкава цi Зянона Пазьняка. Зь мянтамi жартаваць не выпадае. І ён прапаў. Колькi часу па Менску хадзiў жарт, маўляў, Лукашэнка запрасiў жабрака да сябе працаваць двайнiком. Цяпер таго смуродлiвага шызiка нiхто ня згадвае. Забылiся. Вось прападзе чалавек, усе пагавораць, паўспамiнаюць, прыдумаюць нейкую казку пра двайнiка й забываюцца на зьнiклага чалавека.