- А што ты тут робiш уначы? - запытаў я пахмурна.
- Страляю ваўкоў, як бачыш. Наогул, я ўбачыў цябе, калi ты ранiцай ад'язджаў, i падумаў, што, можа, мне варта паехаць за табой, каб не здарылася чаго кепскага.
"Ты лжэш, - падумаў я. - Рана цi позна табе прыйдзецца мець справу з Сафiяй, i тады ўжо я табе не пазайздрошчу".
- А дзе твой брат Джанатан? - зацiкавiўся Губерт.
- Таксама паехаў паляваць i павiнен забiць некалькi ваўкоў.
Я азiрнуўся. Ваўкi знiклi. Усе да аднаго. Магчыма, яны спалохалiся, калi важак звалiўся мёртвым, а цяпер, мабыць, плачуць па iм: удалечынi чулася iх выццё.
- Дык дзе ж Джанатан? - настойваў Губерт.
Мне зноў прыйшлося хлусiць.
- Павiнен хутка прыехаць, - адказаў я. - Ён паехаў за той воўчай зграяй.
Губерт ухмыльнуўся: ён не верыў мне, я гэта добра бачыў.
- Можа, табе ўсё-такi варта паехаць са мной у Вiшнёвую Далiну? прапанаваў ён.
- Не, я павiнен пачакаць Джанатана, ён будзе з хвiлiны на хвiлiну.
- Та-ак... та-ак, - прамовiў Губерт, дзiўна пазiраючы на мяне, а потым выцягнуў з-за пояса нож, i ў мяне вырваўся крык. Што ён збiраецца рабiць! Калi я ўбачыў у святле месяца яго перад сабой з нажом у руцэ, дык спалохаўся больш, чым ад усiх ваўкоў у гарах, разам узятых.
"Ён хоча забiць мяне, - мiльганула ў маёй галаве. - Ён здагадваецца, што я ведаю, што ён здраднiк, таму i сачыў за мной, таму i хоча забiць мяне". Мяне пачало трэсцi ад страху: вось такi я быў смелы.
- Не рабi гэтага, - закрычаў я, - не рабi гэтага!..
- Што не рабiць? - недаўменна спытаў Губерт.
- Не забiвай мяне, - малiў я.
Губерт пабялеў ад злосцi, падскочыў да мяне так блiзка, што я ледзь не павалiўся.
- Ты, маленькi мярзотнiк, што ты гаворыш? - Ён схапiў мяне за валасы i пачаў тузаць. - Ты, дурань, - казаў ён. - Калi б я хацеў бачыць цябе мёртвым, я даверыў бы гэтую справу ваўкам.
Ён пакруцiў у мяне перад носам нажом, i я заўважыў, што гэта вельмi востры нож.
- Мне ён патрэбны, каб здзiраць з ваўкоў шкуру, а не забiваць дурненькiх хлопчыкаў.
I я атрымаў ад яго такога выспятка, што ажно заараў носам зямлю. А ён, лаячыся, пачаў здзiраць з ваўка шкуру.
Я заспяшаўся асядлаць Ф'ялара, бо хацелася з'ехаць адсюль як мага хутчэй, - ох, як мне хацелася хутчэй выбрацца адсюль!
- Куды гэта ты выпраўляешся? - злосна закрычаў Губерт.
- Хачу сустрэць Джанатана, - адказаў я. I адчуў, якiм вартым жалю i спалоханым быў мой голас.
- Ну i едзь, дурань, - крыкнуў Губерт. - Едзь i прападзi, больш я цябе ратаваць не буду.
Але я ўжо скакаў прэч i не звяртаў нiякай увагi на яго словы.
Перада мной у святле месяца пачала праглядвацца сцяжынка ў глыбiню гор. Мяккае святло месяца залiвала наваколле, i я ўсё добра бачыў. Якое шчасце! Iначай я заблудзiўся б. Я скакаў, нiбы ў сне, па краi цяснiны, з другога боку ўзвышалiся стромы скал, ад якiх кружылася галава. Як страшна i як прыгожа гэта было! "Гэта карцiна ў месячным святле можа iснаваць толькi ў нейкiм фантастычным сне", - падумаў я i звярнуўся да Ф'ялара:
- Як ты лiчыш, Ф'ялар, хто бачыць гэты сон? Я цi не я? Не, мабыць, нехта iншы, хто здольны выдумваць такое неймаверна жахлiвае i прыгожае ў той жа час.
Я так стамiўся i так хацеў спаць, што ледзьве трымаўся ў сядле. Мне проста неабходна было адпачыць. Толькi дзе?
- Лепш бы там, дзе няма ваўкоў, - сказаў я Ф'ялару, i, здаецца, ён пагадзiўся з гэтым.
Хто праклаў горныя сцежкi памiж далiнамi Наджыялы? Хто прыдумаў, каб гэтая сцежка ў Далiну Дзiкай Ружы была такая - каб яна круцiлася петлямi памiж гэтымi скалiстымi выступамi, над прорвамi гэтых страшэнных цяснiн? Я ведаў, што калi Ф'ялар спатыкнецца, то мы паляцiм у бездань i нiхто на свеце нiколi не будзе ведаць, што здарылася з Карлам Львiнае Сэрца i яго канём.
Станавiлася ўсё страшней i страшней. Урэшце я нават заплюшчыў вочы, каб не бачыць, калi давядзецца падаць у цяснiну.
Але мой Ф'ялар не спатыкнуўся. Калi я нарэшце адважыўся адкрыць вочы, мы апынулiся на выступе, цудоўным зялёным выступе, з аднаго боку якога былi высокiя зялёныя горы, а з другога - прорва.
- Вось гэта якраз тое месца, што нам патрэбна, Ф'ялар, тут нам не страшныя нiякiя ваўкi.
Гэта было сапраўды так. Нiводзiн воўк не змог бы спусцiцца сюды са стромых скал - яны былi вельмi высокiя. I нiводзiн воўк не змог бы выбрацца з прорвы, бо адхоны былi надта крутыя.
Калi б воўк i з'явiўся тут, то яму давялося б прайсцi тым жа шляхам, як i нам, уздоўж прорвы па гэтай праклятай сцяжыне. Але яны не настолькi лоўкiя.
Потым я ўбачыў сапраўды штосьцi цiкавае. Проста ў гары была глыбокая шчылiна, дакладней, пячора, над якой агромнiстыя камянi ўтваралi дах. Вось дзе можна будзе спакойна адпачыць.
Хтосьцi ўжо спыняўся тут да мяне, бо на зямлi засталiся рэшткi ад вогнiшча. Мне хацелася распалiць агонь, але ўжо не было сiлы. Адзiнае, на што я быў здольны, гэта спаць. Я ўзяў Ф'ялара за павады i ўвёў у пячору. Яна была глыбокая, i я сказаў Ф'ялару:
- Заходзь, заходзь... Тут хопiць месца i для пятнаццацi такiх, як ты. Ф'ялар у адказ цiха заржаў: магчыма, ён засумаваў па сваёй стайнi. Я папрасiў у яго прабачэння за тое, што ўцягнуў у гэта непрыемнае падарожжа, даў яму аўса i пажадаў добрай ночы. А сам загарнуўся ў коўдру, лёг у самы дальнi вугал пячоры з жаданнем хутчэй заснуць, каб чаго-небудзь не напалохацца яшчэ раз.
Не ведаю, цi доўга я спаў, але раптам адчуў, што прачнуўся i сеў, бо ля ўвахода ў пячору чулiся галасы, фырканне коней.
Гэтага было дастаткова. Жах ахапiў мяне зноў. Хто ведае, можа, гэтыя людзi яшчэ больш небяспечныя, чым ваўкi?
- Заганiце коней у пячору, i ў нас будзе вальней, - пачуў я, i неўзабаве ў пячоры паявiлася пара коней. Убачыўшы Ф'ялара, яны заржалi, Ф'ялар заржаў у адказ. Потым конi суцiшылiся, пэўна, пасябравалi ў цемнаце. Людзi звонку, вiдаць, не зразумелi, што ржаў староннi конь, i спакойна размаўлялi.
Чаго яны з'явiлiся тут? Хто гэтыя людзi? Што iм трэба высока ў гарах ды яшчэ ўначы? Я быў так напалоханы, што ў мяне зуб на зуб не трапляў. Мне захацелася быць адсюль як мага далей. Але я быў тут. I са мной зусiм побач знаходзiлiся людзi, якiя маглi быць i сябрамi, i ворагамi, i мне неабходна было высветлiць, хто яны, як бы напалоханы я нi быў. Я асцярожна папоўз на галасы. Месяц свяцiў якраз над уваходам у пячору i крыху асвятляў тое месца, дзе я хаваўся. Павольна прасоўваючыся наперад, я iмкнуўся трымацца ў цемрыве.