Выбрать главу

Я быў у засмучэннi i ад страху ажно ўзмакрэў. Лёгка было выдумаць дзядулю, але я разумеў, што гэта была не самая лепшая выдумка.

Там i сям працавалi людзi каля сваiх двароў, але я не знаходзiў таго, хто паслужыў бы мне за дзядулю, i я адчуваў сябе ўсё больш i больш няшчасным. Было страх бачыць, як iшлi справы ў Далiне Дзiкай Ружы, якiмi збляднелымi, галоднымi i няшчаснымi выглядалi там людзi, ва ўсякiм разе тыя, што траплялiся на вочы - яны былi так непадобны на жыхароў Вiшнёвай Далiны. Бо ў нас не было Тэнджыла, якi загнаў бы нас у рабства i забiраў у нас усю працу.

Ведэр i Кадэр пачалi ўжо нервавацца, а я ехаў, разумеючы, што гэта мой апошнi шлях.

- Ну, цi далёка яшчэ? - бурчаў Ведэр.

- Не, недалёка, - адказваў я машынальна, не ўсведамляючы, што кажу i што раблю. Я ўжо гатоў быў да таго, што мяне кiнуць у пячору Катлы.

Але раптам здарыўся цуд. Хочаце - верце, хочаце - не. Каля белага дамка сядзеў дзядуля i кармiў галубоў. Магчыма, я нiколi не асмелiўся б спынiцца тут, калi б сярод яго шэрых галубоў не было аднаго беласнежнага.

Я ледзь не заплакаў. Такiя галубы былi толькi ў Сафii, такi галубок прылятаў да мяне на падаконнiк - яшчэ ў iншым свеце.

Потым я зрабiў нечуваную рэч: саскочыў з Ф'ялара i, тут жа апынуўшыся каля дзядулi, кiнуўся яму на шыю i прашаптаў у адчаi:

- Дапамажыце мне, выратуйце мяне, скажыце, што вы мой дзядуля.

Я быў напалоханы i чакаў, што ён, убачыўшы Ведэра i Кадэра ў чорных шаломах, адштурхне мяне. Чаму ён павiнен iлгаць i трапляць з-за мяне ў пячору Катлы?

Але ён не адштурхнуў мяне, а моцна прытулiў, i я адчуваў яго добрыя рукi, якiя як бы абаранялi мяне ад зла.

- Унучак, - сказаў ён гучна, каб Ведэр i Кадэр пачулi. - Дзе ты быў увесь гэты час? I што ты нарабiў, дзiцятка, раз цябе суправаджаюць салдаты?

Мой бедны дзядуля, як яму папала ад Ведэра i Кадэра! Яны ўсё крычалi i крычалi на яго, маўляў, калi ён не можа сачыць за сваiмi ўнукамi i дазваляе iм бадзяцца ў гарах Наджыялы, то ён наогул iх не ўбачыць, i ён павiнен помнiць пра гэта. На гэты раз яны яму даруюць, - сказалi яны i паехалi. Неўзабаве iх шаломы ператварылiся ўдалечынi ў маленькiя кропкi. Я пачаў плакаць, усё яшчэ знаходзячыся ў абдымках дзядулi... Можа, таму, што ноч была такая доўгая i цяжкая ў мяне i нарэшце ўсё скончылася. Дзядуля даў мне выплакацца, пацiху супакойваў мяне. Як добра было б, каб ён быў маiм сапраўдным дзядулем. Мне захацелася сказаць яму пра гэта, хоць я ўсё яшчэ працягваў плакаць.

- Можа, я i змагу стаць тваiм дзядулем. Мяне завуць Мацiяс, а цябе, дзiцятка?

- Карл Львi.. - пачаў я, але спахапiўся: неразумна было б называць гэта iмя ў Далiне Дзiкай Ружы.

- Дзядуля, дарагi, маё iмя... - сакрэт, - сказаў я. - Называй мяне Сухарык.

- А, Сухарык, - засмяяўся дзядуля Мацiяс. - Iдзi ў кухню i пачакай мяне там, а я завяду твайго каня ў стайню.

Я ўвайшоў у маленькую бедную кухню, дзе, акрамя стала, лаўкi, некалькi крэслаў i плiты, нiчога не было. Яшчэ каля сцяны стаяў буфет.

Неўзабаве прыйшоў i Мацiяс.

- Такi самы буфет i ў нас дома, у Вiш... - пачаў я i замаўчаў.

- Дома ў Вiшнёвай Далiне? - здагадаўся Мацiяс.

Я з жахам зiрнуў на яго. Зноў сказаў тое, чаго не трэба было гаварыць.

Але Мацiяс больш нiчога не сказаў, а падышоў да акна i выглянуў на двор, некаторы час пастаяў, каб пераканацца, што нiкога няма вакол, потым павярнуўся да мяне i цiха кажа:

- У маiм буфеце сёе-тое ёсць. Пачакай хвiлiнку i ты пераканаешся ў гэтым.

Ён адсунуў буфет плячом - за iм былi патаемныя дзверы. Калi ён адчынiў iх, высветлiлася, што за iмi - пакой. Хтосьцi ляжаў на падлозе i спаў.

Гэта быў Джанатан.

9

Я магу прыгадаць усяго некалькi выпадкаў, калi я быў такi шчаслiвы, што не ведаў, на якiм свеце знаходжуся. Аднойчы, яшчэ ў маленстве, на каляды Джанатан падарыў мне санкi, на якiя ён збiраў грошы вельмi доўга. I другi раз, калi я ўпершыню трапiў у Наджыялу i знайшоў Джанатана каля рэчкi. Потым увесь той дзiўны вечар у Сядзiбе Рыцараў, калi я быў такi шчаслiвы, што ледзьве стрымлiваў сябе. Але нiшто не iшло нi ў якое параўнанне з тым, як я знайшоў Джанатана на падлозе ў доме Мацiяса! Уявiце, як можа быць шчаслiвы чалавек усё ўва мне спявала!

Я не чапаў Джанатана, не будзiў яго, нават не ўскрыкнуў ад радасцi. Проста лёг побач з iм, зусiм цiха, i заснуў.

Колькi я спаў - не ведаю. Мабыць, цэлы дзень. Але калi я прачнуўся, Джанатан сядзеў на падлозе побач са мной. Ён проста сядзеў i ўсмiхаўся, а нiхто не ўсмiхаецца так, як ён. Думалася, што ён не вельмi ўзрадуецца майму з'яўленню. Магчыма, ён ужо i забыўся, што клiкаў мяне на дапамогу. Але цяпер бачыў я, што ён быў гэтак жа рады, як i я. Я таксама заўсмiхаўся. Мы так i сядзелi, гледзячы адзiн на аднаго, i нiчога не гаварылi.

- Ты клiкаў на дапамогу, - сказаў я нарэшце. Джанатан адразу перастаў усмiхацца. - Чаму ты клiкаў? - запытаўся я.

Ясна, штосьцi такое было, пра што яму цяжка гаварыць. Ён адказаў вельмi цiха, як быццам адказаць мне было яму вялiкай цяжкасцю.

- Я бачыў Катлу, - сказаў ён. - Я бачыў, што яна робiць.

Я не хацеў мучыць яго пытаннямi пра Катлу, у рэшце рэшт у мяне было шмат усяго, што трэба было яму расказаць, i ў першую чаргу - пра Джосi.

Джанатан не хацеў усяму гэтаму верыць. Яго твар збялеў, i ён ажно заплакаў.

- Не, не, не Джосi, - паўтараў ён, i слёзы цяклi з яго вачэй.

Потым Джанатан спахапiўся.

- Трэба неадкладна расказаць пра ўсё Сафii, - заклапочана прамовiў ён.

- Але як мы зможам гэта зрабiць? - здзiвiўся я.

- Тут знаходзiцца адзiн з яе галубоў, - сказаў ён. - Б'янка. Сёння вечарам яна можа вярнуцца назад.

Я так i думаў. Гэта ж галубок Сафii! I расказаў яму, што дзякуючы гэтаму галубку я апынуўся тут, а не ў пячоры ў Катлы.

- Гэта было проста дзiва, - расказваў я. - Сярод усiх дамкоў Далiны Дзiкай Ружы я пад'ехаў менавiта да таго, дзе ты. Але калi б я не ўбачыў Б'янку, то, напэўна, праехаў бы мiма.

- Б'янка, Б'янка, дзякуй за тое, што ты сядзела тут, - сказаў Джанатан.

Але ў яго ўжо не было часу далей слухаць мяне: трэба было спяшацца. Ён злёгку пастукаў у патаемныя дзверцы, неўзабаве яны адчынiлiся, i ў праёме паявiўся Мацiяс.

- А, маленькi Сухарык усё спiць, - пачаў Мацiяс, але Джанатан не даў яму дагаварыць.

- Калi ласка, прынясi Б'янку, - папрасiў ён. - Яна павiнна ляцець, як толькi сцямнее.

Ён растлумачыў чаму, расказаў Мацiясу пра Джосi. Мацiяс пакiваў галавой так, як гэта робяць старыя людзi, калi яны нечым азмрочаны.