Стала зусiм цёмна. Самога Мацiяса мы ўжо не маглi бачыць, а бачылi толькi святло яго лямпы.
- Лямпу трымае высока, значыць, Додзiка няма, - сказаў Джанатан. - Хадзем.
Але як толькi мы пабеглi, святло лямпы, як маланка, хутка апусцiлася ўнiз, i мы вымушаны былi адразу спынiцца. Было чутно, як да Мацiяса пад'ехалi коннiкi i спынiлiся.
Джанатан падштурхнуў мяне ў спiну.
- Iдзi, - прашаптаў ён. - Iдзi да Мацiяса.
Ён кiнуўся ў зараснiк дзiкiх руж, а я, дрыжучы ад страху, пайшоў на святло лямпы.
- Мне проста хацелася падыхаць, - пачуў я голас Мацiяса. - Такi цудоўны вечар.
- Цудоўны вечар, - прабурчаў грубы голас. - Цi ты не ведаеш, што выходзiць пасля захаду сонца нельга, гэта караецца смерцю?
- Непаслухмяны дзед, вось хто ты. А дарэчы, дзе хлопчык?
- Ён зараз прыйдзе, - сказаў Мацiяс, калi я ўжо быў побач з iм. I я пазнаў гэтых двух коннiкаў: гэта былi яны, Ведэр i Кадэр.
- Ты што, зноў збiраешся ў горы паглядзець на месяц? - строга запытаў Ведэр. - Ага, а як цябе завуць, маленькi нягоднiк? Я не запомнiў.
- Мяне завуць Сухарык, - адказаў я. Я вырашыў сказаць так, бо нiхто не ведаў гэтага iмя - нi Джосi, нi хто iншы, толькi Джанатан, я i Мацiяс.
- Так, Сухарык, - буркнуў Кадэр. - Як думаеш, чаго мы прыехалi сюды?
Я адчуў, што ногi ў мяне падкошваюцца. "Кiнуць яны мяне ў пячору Катлы, падумаў я. - Напэўна, пашкадавалi, што адпусцiлi, дык цяпер вярнулiся, каб схапiць. А чаго б яшчэ?"
- Ведаеш, - працягваў Кадэр, - вечарамi мы аб'язджаем гэту далiну, каб пераканацца, што народ падпарадкоўваецца загадам Тэнджыла. А твой дзядуля не разумее гэтага, ты б растлумачыў яму, чым для вас гэта можа скончыцца, як не будзеце сядзець дома, калi ўжо цёмна.
- Май на ўвазе, - дадаў Ведэр. - Табе не ўдасца пазбегнуць непрыемнасцей другiм разам, калi мы знойдзем цябе там, дзе табе не належыць быць, запомнi гэта, Сухарык. Будзе жывы цi мёртвы твой дзядуля, нам усё роўна. А ты, ты яшчэ вельмi малады, ты ж хочаш вырасцi i стаць чалавекам Тэнджыла, цi не так?
"Чалавекам Тэнджыла? Не, лепш памерцi", - падумаў я, але не сказаў гэтага. Я так хваляваўся за Джанатана, што не асмелiўся iх дражнiць, таму прамямлiў:
- Так.
- Добра, - сказаў Ведэр. - Заўтра зранку спусцiся да вялiкай прыстанi, там ты зможаш пабачыць Тэнджыла, вызвалiцеля Далiны Дзiкай Ружы. Заўтра ён перасякае Старажытную Раку на сваiм залатым паруснiку i збiраецца высадзiцца на вялiкай прыстанi.
Яны ўжо збiралiся ад'язджаць, як раптам Кадэр у апошнi момант прытрымаў свайго каня.
- Паслухай, стары, - крыкнуў ён Мацiясу, якi ўжо скiраваўся да дамка. Можа, дзе-небудзь тут ты бачыў прыгожага светлавалосага маладога чалавека па iменi Львiнае Сэрца?
Я трымаўся за руку Мацiяса i адчуў, як ён задрыжаў, але адказаў спакойна:
- Не, не бачыў i не ведаю нiякага Львiнага Сэрца.
- А, не ведаеш... Ну, а калi выпадкам сустрэнеш яго, то не забывай, што чакае таго, хто дасць яму прытулак цi схавае яго. Пакаранне смерцю!
Нарэшце Мацiяс зачынiў дзверы.
- Пакаранне смерцю тут i пакаранне смерцю там, - прабурчаў ён. - Гэта ўсё, пра што людзi толькi i могуць думаць.
Як толькi цокат капытоў ацiх удалечынi, Мацiяс выйшаў з лямпай зноў. Джанатан неўзабаве з'явiўся, яго рукi i твар былi падрапаны калючкамi, але ён быў рады, што нiчога дрэннага не здарылася i што Б'янка паляцела над гарамi.
Пазней мы вячэралi ў кухнi. Дзверы ў патаемны пакойчык былi прачынены, каб Джанатан мог хуценька знiкнуць у сваё сховiшча.
Але спачатку мы з Джанатанам схадзiлi ў стайню i накармiлi коней. Як прыемна было бачыць iх зноў побач аднаго з другiм. Напэўна, яны расказвалi адзiн аднаму пра ўсё перажытае. Я падсыпаў iм крыху аўса. Спачатку Джанатан хацеў спынiць мяне, але потым згадзiўся:
- Добра, няхай паядуць, але тут, у Далiне Дзiкай Ружы, лепш не даваць авёс коням.
Калi мы вярнулiся на кухню, Мацiяс паставiў на стол вялiкую мiску супу.
- Нiчога ў нас больш няма, i тут, у асноўным, вада, - як апраўдваючыся, сказаў ён, - але хоць цёплага пасёрбаеце.
Я развязаў свой мяшок, i, калi выцягнуў з яго лусты хлеба i вяндлiну, у Джанатана i Мацiяса перахапiла дух i вочы заблiшчалi. Мне было так прыемна наладзiць iм маленькае свята. Я адразаў невялiкiя кавалкi мяса, i мы елi суп з хлебам i вяндлiнай - елi, елi i елi. Доўгi час нiхто нiчога не гаварыў, потым Джанатан, нарэшце, сказаў:
- Ну, даволi есцi, я ўжо забыўся, што значыць быць сытым.
Я ўсё больш радаваўся таму, што трапiў у Далiну Дзiкай Ружы, мне здавалася, што гэта правiльна i разумна. Хацелася расказаць Джанатану i Мацiясу пра ўсё, што адбылося са мной пасля таго, як я паехаў з дому, як Ведэр i Кадэр дапамаглi мне трапiць у Далiну Дзiкай Ружы. Я ўжо расказаў iм збольшага, але Джанатан прасiў расказваць яшчэ i яшчэ, асаблiва пра Ведэра i Кадэра. Ён ад душы рагатаў над усiм гэтым, як я i чакаў. I Мацiяс пасмейваўся таксама.
- Не такiя ўжо яны разумныя, гэтыя людзi Тэнджыла, - казаў Мацiяс, - хаця думаюць пра сябе, што i вельмi.
- Дзе там, калi нават я абвёў iх вакол пальца, - сказаў я. - Толькi ўявiце, калi б яны ведалi, што маленькi брат, якога яны намерваюцца злавiць, быў у iх руках, што гэта той самы хлопчык, якога яны прывялi ў Далiну Дзiкай Ружы, - о, яны не адпусцiлi б яго проста так!
Сказаўшы гэта, я задумаўся аб тым, што раней неяк у галаву не прыходзiла, i запытаўся ў Джанатана:
- Слухай, а як ты сам трапiў у Далiну Дзiкай Ружы?
Джанатан засмяяўся.
- Я пераскочыў.
- Як гэта пераскочыў?.. На Грыме хiба?
- Так, - адказаў Джанатан, - у мяне няма iншага каня.
Я ведаў, якiя скачкi робiць Джанатан на Грыме. Але пераскочыць сцяну, якая акружае Далiну Дзiкай Ружы, - ды гэтаму нiхто не дасць веры.
- Разумееш, сцяна яшчэ не была закончана, - растлумачыў Джанатан. - Яна тады была ўзведзена не ўсюды i не на ўсю вышыню, праўда, ужо была даволi высокая.
- Добра, але варта! - усклiкнуў я. - Як цябе не заўважылi?
Джанатан укусiў яшчэ хлеба i зноў засмяяўся:
- Так, за мной ляцела цэлая гайня, а Грыма нават паранiлi. Але я ўцёк, а добры чалавек схаваў мяне ў свiрне, а потым прывёў сюды, да Мацiяса. Вось цяпер ты ведаеш усё.
Джанатан памаўчаў.
- Не, яшчэ не ўсё, - загаварыў ён зноў. - Ты не ведаеш, што Мацiяс кiруе тайнай барацьбой у Далiне Дзiкай Ружы, таму што Орвар зараз у пячоры Катлы. Людзi павiнны Мацiяса назваць вызвалiцелем, а не мяне.