- Я нiколi не здамся жывым, - павярнуў галаву Орвар. - Я хачу, каб ты ведаў гэта, Львiнае Сэрца.
Мы ехалi насустрач нашым ворагам усё блiжэй i блiжэй, з выглядам поўнага спакою, наколькi нам удавалася захоўваць спакой. Па маiм целе прабягалi мурашкi, i я паспеў падумаць, што калi нас схопяць, то лепш бы нам было заставацца ў пячоры Катлы i не пакутаваць усю гэтую страшную ноч.
I вось мы з'ехалiся на вузкай сцяжыне - але не настолькi вузкай, каб не размiнуцца. Я пазнаў, што першы з iх быў не хто iншы, як Парк.
Але Парк не глядзеў на нас, ён глядзеў на Орвара, i калi яны праязджалi мiма адзiн аднаго, гукнуў:
- Вы чулi, знайшлi яны яго цi не?
- Не, я нiчога не чуў, - адказаў Орвар.
- Куды вы едзеце? - пацiкавiўся Парк.
- Ды вось, пару палонных вязу, - кiўнуў Орвар на нас.
Больш нiякай iнфармацыi Парк не атрымаў, i мы паехалi хутка, як толькi маглi.
- Сухарык, асцярожна азiрнiся i паглядзi, што яны робяць.
- Яны паехалi далей, - азiрнуўшыся, паведамiў я Джанатану.
- Ну, дзякуй богу.
Але Джанатан паспяшаўся сказаць гэта, бо, зiрнуўшы яшчэ раз, я ўбачыў, што яны спынiлiся i глядзяць нам услед.
- Яны штосьцi западозрылi, - сказаў Джанатан.
Ужо было ясна, што здарылася.
- Спынiцеся на хвiлiну, - закрычаў Парк. - Я хачу паглядзець блiжэй на тваiх палонных.
Орвар сцiснуў зубы.
- Едзьце, Джанатан, - сказаў ён. - Iнакш усе мы нябожчыкi.
I мы паехалi.
Парк i ўвесь яго атрад павярнулi назад, так, яны павярнулi назад i iмчалiся за намi, ажно грывы iх коней развявалiся на ветры.
- Ну, Грым, пакажы, на што ты здатны, - гукнуў Джанатан.
"I ты таксама, мой Ф'ялар", - падумаў я, уяўляючы, што я сам сяджу на iм зараз.
Нi ў кога не было лепшых коней, чым Грым i Ф'ялар, якiя ляцелi па дарозе, ведаючы, што вырашаецца пытанне аб жыццi i смерцi. Нашы ворагi iмчалiся за намi, мы чулi стук капытоў. Гэты тупат то наблiжаўся, то аддаляўся. Яны не збiралiся адставаць, бо Парк цяпер ведаў, на каго ён палюе. Нiводзiн салдат Тэнджыла не дазволiў бы, каб такая здабыча выслiзнула. Калi вернуць нас у замак Тэнджыла, яны атрымаюць вялiкую ўзнагароду.
Яны проста наступалi нам на пяты. I калi мы скакалi па мосце, дзве стралы прасвiсталi каля нас, але не закранулi.
Цяпер мы ўжо былi на баку Наджыялы, i самае горшае, як сцвярджаў Джанатан, павiнна было б застацца ззаду, але, наадварот, я не бачыў, каб так яно было. Паляванне працягвалася ўздоўж ракi. Вышэй па беразе дарога, якая вяла ў Далiну Дзiкай Ружы, выгiналася, паварочвала, а мы ўсё iмчалi па ёй. Гэта была тая самая дарога, якою мы ехалi ўчора вечарам, хоць здавалася, што гэта было тысячу год таму, калi мы з Джанатанам ехалi ў прыцемках. Так i трэба ездзiць уздоўж ракi, а не гэтак, як зараз, - так хутка, ажно конi падаюць.
Орвар iмчаў проста адчайна, таму што ён вяртаўся дадому, у Далiну Дзiкай Ружы. Джанатан не мог угнацца за iм, i Парк ужо даганяў нас. Я не разумеў, у чым справа, потым здагадаўся, што гэта з-за мяне. Больш умелага коннiка, чым Джанатан, я не ведаў, i нiкому не ўдалося б дагнаць яго, калi б ён быў адзiн на канi, але цяпер разам з iм сядзеў я, i гэта затрымлiвала яго.
Гэта паездка павiнна вырашыць лёс Далiны Дзiкай Ружы, як казаў Джанатан. I я быў тым, ад каго залежала, як яна закончыцца. Закончыцца яна дрэнна. Я ўсё больш i больш пераконваўся ў гэтым. Кожны раз, азiрнуўшыся, я бачыў, што гэтыя чорныя шлемы ўсё блiжэй i блiжэй, зрэдку яны хавалiся за пагоркам, часам за дрэвамi, але, несумненна, яны даганялi нас.
Джанатан ведаў гэтак жа, як i я, што мы не можам выратавацца абодва, i было неабходна, каб Джанатан застаўся на канi адзiн: я не мог дазволiць, каб яго схапiлi з-за мяне. Я закрычаў на хаду:
- Джанатан, зараз зрабi так, як я скажу. Пакiнь мяне дзе-небудзь там, за паваротам, дзе мяне не змогуць убачыць, i даганяй Орвара!..
I я заўважыў, што спачатку ён здзiвiўся, але не так, як я чакаў.
- А ты зможаш? - запытаўся Джанатан у мяне.
- Не ведаю, але я б хацеў! - адказаў я.
- Мой смелы маленькi Сухарык, - гукнуў ён. - Я вярнуся па цябе! Як толькi Орвар будзе ў бяспецы ў Мацiяса, я вярнуся па цябе.
- Абяцаеш? - запытаў я.
- Ну, а як жа ты думаеш? - крыкнуў Джанатан.
Мы даехалi да вярбы, дзе мы купалiся.
- Я схаваюся ў гэтым дрэве, - кажу. - Ты знойдзеш потым мяне тут.
Часу не было, каб штосьцi сказаць яшчэ. Цяпер нас не бачылi з-за пагорка. Джанатан прытрымаў каня, каб я змог саскочыць. Потым ён зноў памчаўся галопам у лагчыну. А я прыцiх, слухаючы, як мiма праскакалi коннiкi. У нейкi момант я ўбачыў неразумны твар Парка. Ён ашчэрыўся, нiбыта гатовы быў укусiць, - i гэтаму чалавеку Джанатан выратаваў жыццё!
Джанатан ужо дагнаў Орвара, я бачыў, як яны знiклi разам, i я быў задаволены. А ты, стары Парк, скачы, калi думаеш, што табе гэта дапаможа. Больш табе не ўбачыць нi Джанатана, нi Орвара.
Я заставаўся ў лагчыне, пакуль Парк i яго людзi не знiклi з поля зроку, потым апусцiўся да ракi, да майго дрэва. Як было прыемна залезцi ў зялёную крону i ўладкавацца на шырокай галiне, бо я так стамiўся. Да берага, каля самага дрэва, прыбiла лодку, яна, пэўна, адарвалася недзе i зараз не была прывязана. "Як засмучаўся той, хто яе страцiў", - падумаў я i сеў у яе, азiраючыся па баках. Я глядзеў на бурлiвую ваду, на камень Парка i думаў, што гэта якраз тое месца, дзе ён павiнен быў быць. Потым я ўбачыў па той бок ракi гару Катлы i падзiвiўся, як можна трымаць у палоне людзей у яе жахлiвых пячорах. Я ўспомнiў пра Орвара i Джанатана, мне так хацелася, каб яны выратавалiся ў падземным праходзе, перш чым iх дагонiць Парк. Я думаў, вядома, i пра тое, што скажа Мацiяс, калi сустрэне Орвара ў сваiм сховiшчы. Як ён будзе рады! Я сядзеў i думаў пра ўсё гэта.
Пачало цямнець, i я зразумеў, што мне, пэўна, давядзецца правесцi тут усю ноч. У Джанатана не будзе часу вярнуцца да цемнаты. I калi сцямнела, мне зноў стала вусцiшна. Я адчуваў сябе вельмi адзiнока.
I раптам я ўбачыў жанчыну, якая ехала на канi ўздоўж берага ракi. Гэта была не хто iншая, як Сафiя. Я нiколi не быў так рады бачыць яе, як у гэты момант.
- Сафiя! - закрычаў я. - Сафiя, я тут.
Я выбраўся з гушчынi дрэва i замахаў рукамi, i спатрэбiлася шмат часу, пакуль яна пераканалася, што гэта быў я.
- Але, Карл, - сказала яна. - Як трапiў ты сюды? А дзе Джанатан? Пачакай, зараз мы да цябе спусцiмся, мы толькi напоiм коней.