- Народ Далiны Дзiкай Ружы павiнен бачыць нас абодвух, - настойваў Орвар. - Ён павiнен бачыць нас абодвух.
- Што ж, раз трэба, значыць трэба, - згадзiўся нарэшце Джанатан.
I нават пры святле адной свечкi я заўважыў, як ён пабялеў.
Грыма i Ф'ялара нам давялося пакiнуць у лесе з Эльфрыдай, калi мы вярталiся з пячоры Катлы. Але было вырашана, што Сафiя прывядзе коней у дзень бiтвы, калi пойдзе разам з усiмi праз галоўныя вароты.
Гаварылi i пра тое, што павiнен рабiць я. Я нiчога не павiнен быў рабiць, толькi чакаць, пакуль усё скончыцца. Сядзець i чакаць у кухнi.
Нiхто не спаў гэтай ноччу.
I надышло нарэшце свiтанне.
Так, надышоў свiтанак i разам з iм дзень паўстання. О, як у мяне балела сэрца ў гэты дзень! Мне былi чутны крыкi, я бачыў кроў, таму што бiтва iшла на схiлах нiжэй Мацiясавага дома. У гушчынi бою вярхом скакаў Джанатан, вецер ускалмацiў валасы, а вакол яго бой, зiхценне мячоў, коп'яў, свiст стрэл i крыкi, крыкi, крыкi... Я прызнаўся Ф'ялару, што калi Джанатан памрэ, то я тады таксама хачу памерцi.
Так, Ф'ялар быў са мной у кухнi. Я не хацеў нiкому гаварыць пра гэта, але ён мне быў вельмi патрэбны менавiта тут. Я не мог быць адзiн, проста не мог. Ф'ялар таксама выглядваў з акна, ён назiраў, што там адбываецца. Раптам ён заржаў. Не ведаю чаму - цi то хацеў быць побач з Грымам, цi то быў напалоханы гэтак жа, як я.
Мне было страшна... страшна... страшна...
Я бачыў, як ад кап'я Сафii звалiўся Ведэр, як загiнуў Кадэр ад мяча Орвара, а за iм i Додзiк, а потым яшчэ некалькi салдат; яны падалi справа i злева. Джанатана можна было заўважыць у самай гушчынi бою, яго твар усё больш бляднеў, i сэрца ў мяне сцiскалася ўсё больш i больш.
I настаў нарэшце бiтве канец!
Шмат крыку было ў гэты дзень у Далiне Дзiкай Ружы, але ў нейкi момант узняўся крык незвычайны. У разгар бiтвы раптам пачуўся гук баявога рога, i хтосьцi пранiзлiва закрычаў:
- Катла iдзе!
I адразу ж пачуўся рык, галодны рык Катлы, якi ўсе так добра ведалi. Воiны пачалi кiдаць на зямлю мячы, стрэлы, коп'i, таму што не мела сэнсу змагацца далей - ад Катлы паратунку не было. Усё змяшалася ў суцэльны голас - гром навальнiцы, гукi баявога рога Тэнджыла, аглушальны роў Катлы... З храпаў Катлы вырываўся смертаносны агонь, забiваючы кожнага, на каго паказваў Тэнджыл. А ён усё паказваў i паказваў, i яго жорсткi твар цямнеў ад лютасцi. Цяпер я ўжо не сумняваўся, што надышоў канец Далiне Дзiкай Ружы.
Я не хацеў глядзець, я не хацеў бачыць... усё гэта. Але ж Джанатан!.. Мне трэба было ведаць, дзе ён, i я ўбачыў яго якраз каля Мацiясавага дома - ён сядзеў на Грыме, збялелы i спакойны.
- Джанатан, - закрычаў я. - Джанатан, ты чуеш мяне?
Але ён не чуў, i я заўважыў, як ён прышпорыў каня i паляцеў унiз па схiле, як страла, iмчаў хутчэй, чым хто калi-небудзь мог iмчацца. Ён iмчаўся да Тэнджыла... I вось ён ужо ў яго ззаду.
Вось баявы рог загучаў зноў, але цяпер ужо трубiў Джанатан. Ён выхапiў рог з рук Тэнджыла i трубiў што было сiлы, каб Катла магла зразумець, што ў яе цяпер новы гаспадар.
Потым усё раптам супакоiлася, здаецца, нават прайшла навальнiца. Усе замерлi ў чаканнi. Тэнджыл сядзеў на сваiм канi напалоханы i чакаў таксама. Чакала i Катла.
Джанатан падзьмуў у рог яшчэ раз.
Раптам Катла зараўла i, злосная, павярнулася да чалавека, якому калiсьцi яна так слепа падпарадкоўвалася.
I я прыгадаў, як Джанатан сказаў аднойчы:
- Калi-небудзь адплата знойдзе Тэнджыла!
I вось гэты дзень настаў!
Гэта быў канец бiтвы ў Далiне Дзiкай Ружы. Многiя аддалi свае жыццi за свабоду. Так, Далiна была свабодная, але вакол ляжалi забiтыя, i яны ўжо нiколi не даведаюцца аб свабодзе.
Мацiяс быў мёртвы, у мяне ўжо не было дзядулi. Губерт таксама быў мёртвы, ён загiнуў у лiку першых. Яму не давялося прайсцi праз рачныя вароты, таму што ён сустрэў салдат Тэнджыла раней, i самае страшнае - ён сустрэў Катлу. Тэнджыл узяў яе з сабой у той дзень, каб жорстка пакараць Далiну Дзiкай Ружы за ўцёкi Орвара.
Тады ён не ведаў, што гэта будзе Днём Бiтвы, а калi даведаўся пра гэта, дык, пэўна ж, быў рады, што ўзяў з сабой Катлу.
Але цяпер ён быў мёртвы, як i многiя iншыя.
- Нашым пакутам прыйшоў канец! - гукнуў Орвар. - Нашы дзецi будуць расцi свабоднымi i шчаслiвымi. Мы зробiм Далiну Дзiкай Ружы такой жа, якой яна была раней.
Але я падумаў, што без Мацiяса Далiна нiколi не будзе такой, якой яна была раней.
Орвара паранiлi мячом у спiну, але здавалася, што ён не адчуваў болю i наогул не турбаваўся пра гэта. Вочы яго ззялi, калi ён гаварыў з народам Далiны.
- Мы будзем шчаслiвымi зноў, - як клятву, паўтараў ён перад народам.
Многiя плакалi ў той дзень - многiя, але толькi не Орвар.
Сафiя таксама засталася жывой, яе нават не паранiла, i ёй трэба было разам з воiнамi, якiм пашчасцiла ўцалець, вярнуцца ў Вiшнёвую Далiну.
Яна падышла да нас развiтацца.
- Так, вось тут жыў Мацiяс, - сказала яна, заплакаўшы. Потым абняла Джанатана. - Вяртайцеся ў Сядзiбу Рыцараў. Я буду ўвесь час думаць пра вас, пакуль мы не сустрэнемся зноў.
Потым яна паглядзела на мяне.
- Карл, ты ж паедзеш са мной?
- Не, - адказаў я. - Я паеду з Джанатанам.
Я вельмi баяўся, што Джанатан пашле мяне разам з Сафiяй, мне так гэтага не хацелася.
- Я хачу, каб Карл застаўся са мной, - сказаў ён.
На схiле за домам Мацiяса ляжала Катла. Гэта была страшэнная, маўклiвая, налiтая крывёю глыба. Вось i цяпер яна зноў паглядзела на Джанатана, як сабака, якi хоча ўгадаць, чаго жадае гаспадар. Цяпер яна ўжо нiкога не чапала, але да таго часу, пакуль яна ляжала тут, жах напаўняў Далiну i нiхто не адважваўся быць шчаслiвым. Далiна Дзiкай Ружы не рашалася нi святкаваць вызваленне, нi смуткаваць у жалобе па загiнуўшых да таго часу, пакуль iснавала драконiха Катла. Адзiным чалавекам, якi мог прымусiць яе вярнуцца ў пячору, быў Джанатан.
- Выручы Далiну Дзiкай Ружы яшчэ раз, - звярнуўся да яго Орвар. - Калi ты завядзеш яе туды i пасадзiш на ланцуг, то ўсё астатняе, як прыйдзе час, зраблю я сам.
- Добра, - згадзiўся Джанатан. - Гэта апошнi раз, калi я магу паслухаць цябе.
Я ўявiў сабе, як можна падарожнiчаць уздоўж ракi. Ты павольна iдзеш i назiраеш, як цячэ рака, блiшчыць вада, як трапечуцца пад ветрам галiнкi лазы. Але я нiяк не мог уявiць падарожжа ўздоўж ракi, калi ў цябе па пятах iдзе драконiха.