Выбрать главу

Як доўга ўсё гэта працягвалася? Мне здавалася, што я стаяў на гэтай сцяжыне тысячу год i не бачыў нiчога, акрамя гэтых страшыдлаў у iх апошняй бiтве.

Гэта была доўгая i жахлiвая бiтва. Нарэшце яна закончылася. Катла выдала свой апошнi немы роў, перадсмяротны, i сцiхла. У Карма не было ўжо галавы, i яны ўтапiлiся разам, абвiўшы адно аднаго. I вось, нi Карма, нi Катлы ўжо не было, яны знiклi, як быццам нiколi не iснавалi. Пена зноў стала белай, мярзотная кроў страшыдлаў была аднесена магутнай плынню вадаспада. Усё стала як i раней, як i было ў старажытныя часы.

Мы стаялi на сцяжынцы i глядзелi, хаця ўсё ўжо мiнулася. Мы доўга не маглi сказаць нi слова. Нарэшце Джанатан спахапiўся:

- Мы павiнны з'ехаць адсюль хутчэй, хутка стане цёмна, а я не хачу, каб ноччу мы заставалiся ў Карманьяцы.

Бедныя Грым i Ф'ялар! Не ведаю, як мы змаглi падняць iх i як паехалi. Яны былi такiя стомленыя, што ледзьве цягнулi ногi.

Але мы паехалi з Карманьякi i апошнi раз перасеклi мост. Конi больш iсцi не маглi. Як толькi мы даехалi да канца моста, яны павалiлiся i засталiся ляжаць, нiбы думаючы, што яны зрабiлi ўсё, што маглi - дапамаглi нам дабрацца да Наджыялы, i гэтага было дастаткова.

- Мы на старым месцы распалiм касцёр, - сказаў Джанатан, маючы на ўвазе строму, дзе мы правялi тую навальнiчную ноч, калi я ўпершыню ўбачыў Катлу. Я схамянуўся, калi прыгадаў гэта, таму што мне не хацелася б спыняцца ў iншым месцы. Але далей мы нiкуды не маглi пайсцi.

Перад тым як уладкавацца нанач, трэба было напаiць коней. Мы далi iм крыху вады, але яны не хацелi пiць. Яны ператамiлiся, i я непакоiўся за iх.

- Джанатан, яны нейкiя дзiўныя, - усё больш трывожыўся я. - Як думаеш, iм будзе лепш пасля сну?

- Так, усё будзе добра, калi яны паспяць, - супакоiў мяне Джанатан.

Я пагладзiў Ф'ялара, якi ляжаў з заплюшчанымi вачыма.

- Якi ў цябе быў цяжкi дзень, - сказаў я. - Але заўтра ўсё будзе добра...

Мы распалiлi касцёр якраз на тым месцы, дзе i раней. Гэта строма была самым лепшым месцам для прывалу, калi не думаць пры гэтым, што побач Карманьяка. За намi сцяной стаялi горы, яны былi цёплыя ад сонца i прыкрывалi нас ад ветру. Перад намi цяснiна абрывалася да вадаспада Карма, а ад моста да зялёнага лужка таксама быў круты схiл, i лужок адсюль выглядаў маленькiм зялёным лапiкам, далёка-далёка ўнiзе.

Мы сядзелi ля кастра i глядзелi, як цемра ахутвае горы i раку.

Я быў вельмi стомлены i думаў пра тое, што нiколi ў маiм жыццi я не перажываў такiх цяжкiх дзён. Ад свiтання да вечара я нiчога не бачыў, акрамя крывi, страху i смерцi. "Ёсць прыгоды, якiх лепш бы i не было", - казаў неяк Джанатан. А сёння ў нас было якраз дастаткова такiх прыгод. Дзень бiтвы, ён быў доўгi i цяжкi, але цяпер ён, нарэшце, закончыўся.

Але нашаму гору не было канца. Я прыгадаў Мацiяса i вельмi смуткаваў ля кастра. Таму запытаў у Джанатана:

- Як ты думаеш, дзе цяпер Мацiяс?

- Ён у Наджылiме, - упэўнена адказаў Джанатан.

- У Наджылiме? Я нiколi не чуў пра яе, - пацiснуў плячамi я.

- Не, ты чуў, - сказаў Джанатан. - Цi ж ты не памятаеш тую ранiцу, калi я пакiдаў Вiшнёвую Далiну, а ты так баяўся? Цi ж ты не памятаеш, што я сказаў тады? "Калi я не вярнуся, мы сустрэнемся ў Наджылiме". Вось там цяпер Мацiяс.

Потым ён расказаў мне пра Наджылiму. Ён не расказваў мне гiсторый вельмi даўно, у нас не было часу. Але цяпер, калi мы сядзелi каля кастра i размаўлялi пра Наджылiму, усё было дакладна так, як бы мы сядзелi скрайку на маiм ложку дома ў горадзе.

- У Наджылiме... У Наджылiме... - сказаў Джанатан такiм голасам, якiм ён звычайна расказваў казкi. - У ёй яшчэ жывуць казкi, i легенды, i кастры.

- Бедны Мацiяс, i там, значыцца, таксама ёсць прыгоды, якiх лепш бы i не было.

Але Джанатан адказаў, што там няма дрэнных казак, а якраз наадварот, там вельмi добра.

"Людзi там шчаслiвыя, так, яны працуюць, вядома, дапамагаюць адзiн аднаму ва ўсiм, але яны i спяваюць, гуляюць, расказваюць казкi, - гаварыў ён. Зрэдку яны палохаюць дзяцей жахлiвымi, жорсткiмi сагамi пра страшыдлаў, такiх, як Карм i Катла, i пра такiх жорсткiх людзей, як Тэнджыл. Але потым яны смяюцца над усiм гэтым".

- Вам было страшна? - пытаюцца яны ў дзяцей. - Дык гэта ж толькi сагi. Гэта тое, што нiколi не iснавала, ва ўсякiм разе тут, у нашых далiнах.

- Мацiяс шчаслiвы ў Наджылiме, - сказаў Джанатан. - Там у яго старая ферма ў Яблыневай Далiне, самая прыгожая ферма ў самай прыгожай i самай зялёнай далiне Наджылiмы.

- Неўзабаве трэба будзе збiраць яблыкi ў яго садзе, - сказаў Джанатан. - I мы будзем там, каб дапамагчы яму. Ён жа зусiм старэнькi, каб узлазiць на лесвiцу.

- Я вельмi хачу трапiць туды, - сказаў я. I падумаў, што ў Наджылiме павiнна быць вельмi добра, i акрамя таго, я вельмi хацеў пабачыць Мацiяса зноў.

- Ты сапраўды гэтага хочаш? - спытаў Джанатан. - Мы маглi б жыць разам з Мацiясам. На ферме Мацiяса ў Яблыневай Далiне ў Наджылiме...

- А як гэта ўсё будзе?

- О, гэта будзе цудоўна, - адказаў Джанатан. - Мы зможам ездзiць на конях па лясах, распальваць кастры - калi б ты толькi ведаў, якiя лясы ў Наджылiме! А ў глыбiнi лясоў ёсць маленькiя чыстыя азёры. Мы маглi б распальваць кастры кожны вечар каля якога-небудзь возера i праводзiць там некалькi дзён i начэй. А потым вяртацца да Мацiяса.

- I дапамагаць яму збiраць яблыкi? - падказаў я. - Але тады Сафii i Орвару давядзецца клапацiцца аб Вiшнёвай Далiне i Далiне Дзiкай Ружы без тваёй дапамогi, Джанатан?

- Ну i што ж, - адказаў Джанатан. - Я не патрэбен больш Сафii i Орвару. Яны самi цудоўна справяцца ў сваiх далiнах.

Але потым ён замоўк i больш нiчога не расказваў. Мы абодва маўчалi, бо я быў вельмi стомлены i не вельмi шчаслiвы. Не такое ўжо гэта суцяшэнне слухаць пра Наджылiму, калi яна ад нас так далёка.

Цемра станавiлася ўсё гусцей i гусцей, а горы цямней i цямней. Вялiзныя птушкi лёталi над намi i крычалi так сумна, што ўсё здавалася надта змрочным. Вадаспад Карма грымеў удалечынi, i мне ўжо надакучыла слухаць яго. Шум вадаспада нагадваў мне пра тое, пра што хацелася б забыць. Усё было такое сумнае, што падумалася - я нiколi не буду шчаслiвы.