Выбрать главу

- Што гэта робiцца? Чалавеку нават ноччу спакойна паспаць не даюць!

Я зiрнуў i ўбачыў Мацiяса, так, ён быў тут, ён сядзеў у самым цёмным кутку пакойчыка на сваiм ложку, утаропiўшыся на свечку. На iм была толькi кашуля, валасы ўскалмачаныя, як быццам ён даўно спаў. Пад акном стаялi ночвы, якiя ён прысланiў да сцяны. Мой дзядуля, выходзiць, быў хуткi, як яшчарка.

Мне проста было шкада Додзiка. Я нiколi не бачыў яго такiм разгубленым, як тады, калi ён углядаўся на Мацiяса.

- Я... проста зайшоў выпiць вады, - выцiснуў ён з сябе пахмурна.

- Вады? Гэта добра, - сказаў Мацiяс. - А цi ж ты не ведаеш, што Тэнджыл забаранiў вам браць у нас ваду? Ён баiцца, што мы вас атруцiм. I калi прыйдзеш i разбудзiш мяне яшчэ раз, дык i сапраўды атручу.

Я не ведаю, як асмелiўся ён так размаўляць з Додзiкам, але, магчыма, з людзьмi Тэнджыла i трэба было размаўляць менавiта так, бо Додзiк, штосьцi прабурчаўшы ў адказ, адразу знiк.

10

Нiколi раней я не сустракаў у поўным сэнсе жорсткага чалавека, пакуль не ўбачыў Тэнджыла з Карманьякi.

Ён перасек на сваiм залатым паруснiку Старажытную Раку, а я ў гэты час з Мацiясам стаяў на беразе.

Сам Джанатан прыслаў мяне сюды. Ён хацеў, каб я ўбачыў Тэнджыла.

- Тады ты лепш зразумееш, чаму тутэйшыя жыхары пакутуюць, галадаюць i памiраюць з адной-адзiнай думкай i адной-адзiнай марай - убачыць сваю зямлю зноў свободнай.

Замак Тэнджыла знаходзiўся высока ў Старажытных Гарах. Ён жыў там пастаянна, толькi зрэдку перапраўляўся цераз раку, каб з'явiцца ў Далiне Ружы i нагнаць жаху на людзей, каб нiхто нiколi не забываўся, хто ён, або каб хто-небудзь не пачаў марыць пра свабоду.

Спачатку я ледзьве мог што-небудзь разгледзець, бо перада мной стаялi доўгiя шэрагi салдат Тэнджыла. Яны, вiдаць, павiнны былi ахоўваць яго, пакуль ён знаходзiўся ў Далiне Дзiкай Ружы. Яму, напэўна, было страшна доўга заставацца ў Далiне, бо нечакана з-за любога вугла магла прасвiстаць страла. Тыраны заўсёды баяцца, казаў Джанатан, а Тэнджыл быў самым горшым з усiх тыранаў.

Калi спачатку мы нiчога не бачылi, нi я, нi Мацiяс, дык потым я знайшоў выйсце. Усе салдаты стаялi, як каменныя, шырока расставiўшы ногi. I мне прыйшла думка, што калi легчы на жывот i прапаўзцi памiж iх нагамi, дык можна будзе ўсё ўбачыць.

Але я не мог прымусiць Мацiяса зрабiць тое самае.

- Галоўнае, каб ты што ўбачыў, - сказаў ён. - I тое, што ўбачыш, ты ўжо нiколi не забудзеш.

I вось бачу: вялiзны, прыгожы, зiхатлiвы паруснiк насоўваецца на нас з вады, а ў iм - весляры, апранутыя ва ўсё чорнае. Вёслаў было больш, чым я мог падлiчыць, яны паблiсквалi кожны раз на сонцы, паяўляючыся з вады. Веслярам даводзiлася цяжка, таму што моцнае цячэнне адганяла лодку ад берага, магчыма, гэта было з-за вадаспада, якi абрынваўся нiжэй па рацэ, - можна было чуць яго грозны грукат.

- Тое, што ты чуеш, - сказаў Мацiяс, - гэта вадаспад Карма, гэта песня вадаспада Карма, гэта калыханка ў Далiне Дзiкай Ружы, пад якую дзецi кладуцца спаць.

Я падумаў пра дзяцей Далiны.

Напэўна, яны калiсьцi бегалi i гулялi на рацэ, цяпер яны ўжо, вядома, не гуляюць, iм перашкаджае гэта вялiзная праклятая сцяна, зусiм глухая. Па ўсёй даўжынi было толькi двое варот, першыя з iх - гэта тыя, праз якiя я прайшоў, яны называлiся галоўнымi, а другiя - гэта тут, на рацэ, з выхадам на прыстань. Якраз сюды цяпер прычальваў Тэнджыл са сваiмi салдатамi. Вароты былi адчынены для Тэнджыла. Выглядваючы з-за ног салдат, я азiраў прыстань i чорнага скакуна Тэнджыла, якi ўжо чакаў яго. Гэта быў цудоўны конь, упрыгожаны залатым сядлом i залатой збруяй, якiя блiшчалi на сонцы. Тэнджыл ступiў на зямлю, сеў на каня i паехаў да варот. Здарылася так, што ён праязджаў зусiм побач са мною, i я ўбачыў яго жорсткi твар i жорсткiя вочы. Жорсткi, як змей, - праўду гаварыў Джанатан, бо ён сапраўды быў такi: жорсткi i прагны да крывi. Гарнiтур на iм быў чырвоны, як кроў, нават султаны на шлёме былi чырвоныя, нiбы ён акунуў iх у кроў. Яго вочы нерухома глядзелi ўдалячынь, на людзей ён не глядзеў, быццам на свеце не было нiкога, акрамя Тэнджыла з Карманьякi. Так, ён быў страшны ўжо сваiм выглядам.

Усiм у Далiне Дзiкай Ружы было загадана сабрацца на плошчы, дзе Тэнджыл збiраўся сказаць прамову. Мы пайшлi з Мацiясам таксама.

Гэта была невялiкая ўтульная плошча з прыгожымi старымi будынкамi вакол. Тэнджыл сабраў тут усiх жыхароў Далiны Дзiкай Ружы. Людзi стаялi моўчкi, з невясёлымi думкамi. Гора застыла ў вачах кожнага. Тут, на гэтай плошчы, яны калiсьцi радавалiся жыццю, гулялi, танцавалi i спявалi па вечарах, сядзелi на лаўках пад лiпамi i размаўлялi.

На плошчы раслi дзве старыя лiпы. Тэнджыл пад'ехаў да iх i спынiўся. Не злазячы з каня, ён уталопiўся на плошчу i на людзей, але я ўпэўнены, што нiводнага чалавека ён не бачыў. Побач з iм быў яго саветнiк, вядомы ўсiм па iменi П'юк. Пра яго мне расказаў Мацiяс. У П'юка быў такi ж цудоўны конь, як i ў Тэнджыла, адно што белы. I вось яны сядзелi, як два ўладары, на сваiх конях, гледзячы проста перад сабой. Яны сядзелi так доўга, што салдаты, якiя акружалi iх шчыльным кальцом, з выцягнутымi з ножнаў мячамi, аблiвалiся потам пад яркiмi праменнямi сонца.

- Як думаеш - што скажа Тэнджыл? - запытаўся я ў Мацiяса.

- Што ён намi не задаволены. Ён нiколi добрага слова не скажа.

Але на гэты раз Тэнджыл наогул нiчога не сказаў. Ён не з тых, хто стане гаварыць з рабамi. Ён толькi гаварыў штосьцi П'юку, а той ужо абвяшчаў, як Тэнджыл незадаволены народам Далiны. Маўляў, людзi дрэнна працуюць, кепска ахоўваюць ад ворагаў яго, Тэнджыла.

- Браты Львiнае Сэрца яшчэ не знойдзены, - працягваў П'юк. - Наш мiласэрны ўладар не задаволены гэтым.

- Ну, вядома, вядома, - хтосьцi прабурчаў побач са мной. Гэта быў бядняк, апрануты ў лахманы, маленькi дзядок са зблытанымi валасамi i барадой.

- Цярпенне нашага ўсемiласцiвага гаспадара падыходзiць да канца, - вяшчаў П'юк. - Папярэджваю: ён жорстка пакарае Далiну.

- I правiльна, i правiльна, - шаптаў стары побач са мной, i я падумаў, што ён, пэўна, з'ехаў з глузду.

- Але, - працягваў П'юк, - наш мiласэрны ўладар, перш чым вынесе свой прысуд, яшчэ крыху пачакае. Ён прапануе ўзнагароду. Дваццаць белых коней таму, хто зловiць Львiнае Сэрца.

- Значыць, я злаўлю гэту маленькую лiсу, - прашаптаў стары, штурхаючы мяне ў бок. - Чуеш, гэта ж дваццаць белых коней можна атрымаць ад нашага ўсемiласцiвага! О, гэта добрая ўзнагарода за маленькую хiтрую лiсу!

Я так узлаваўся на яго за такiя словы, што, здаецца, гатоў быў забiць. Хiба ён ненармальны, што гародзiць такую лухту?

- Цi пры сваiм ты розуме? - абурыўся я.

- Не, не зусiм, - стары засмяяўся i пiльна паглядзеў мне ў вочы.

Яго вочы здалiся мне знаёмымi. Нарэшце я ўсё зразумеў. Толькi ў Джанатана маглi быць такiя цудоўныя ззяючыя вочы, такi добры i чысты пагляд. А я яшчэ абураўся... Але як у яго хапiла смеласцi з'явiцца тут, перад самым носам Тэнджыла? Хаця, натуральна, нiхто яго пазнаць не мог. Нават Мацiяс не пазнаў яго, пакуль Джанатан не падышоў i не паляпаў яго па спiне:

- А што, стары, цi мы раней з табой не сустракалiся?

Джанатан заўсёды любiў пераўвасабляцца. Ён часта вечарамi разыгрываў сцэнкi на кухнi, калi мы жылi на зямлi. Ён мог зрабiць з сябе якое-небудзь страшыдла або сатварыць такое смяхоцце, што я, бывала, ажно заходзiўся ад смеху.

Але цяпер, тут, перад носам у Тэнджыла, гэта было ўжо занадта.

- Я ж таксама павiнен бачыць, што адбываецца, - прашаптаў ён мне.

Але хутка стала ўжо не да смеху, бо тое, што мы пачулi, было зусiм не смешнае.

Тэнджыл загадаў усiм мужчынам Далiны выстраiцца перад iм. Сваёй жорсткай рукой ён указваў на тых, хто будзе перавезены цераз раку ў Карманьяку. Я ведаў, што гэта значыць, - Джанатан расказваў. Нiводзiн з тых, на каго ўказаў Тэнджыл, нiколi не вернецца назад жывым. Усе гэтыя няшчасныя павiнны будуць цягаць вялiзныя камянi для непрыступнай крэпасцi, якую ён будаваў на вяршыне Старажытных Гор. I там, у гэтай крэпасцi, спадзяецца адседзецца жорсткi Тэнджыл гады i дзесяцiгоддзi, адчуваючы сябе ў бяспецы. Ужо шмат людзей пагналi будаваць гэту крэпасць, i працуюць яны там да знямогi. А калi ўжо людзi зусiм знясiлены...