Выбрать главу

Асвятляецца ўся сцэна. У акопчыку ляжыць эсэсавец з мікрафонам у руцэ.

Эсэсавец (у мікрафон). Рускі зольдат, рускі офіцыр! Ві ўсе акружан і цераз айн-цвай дзень будзе капут! Здавайце уф палён! Здавайце уф палён! Палён — ёсць жыць, зопроціўленне — смерць! Віходзіт з крэпасці белы сцяк, і ві будзе жыць!..

Кукушкін спыніўся непадалёк, слухае.

Зомер (штурхнуў аўтаматам у спіну). Марш-марш!

Уваходзяць Марасян з белым сцягам, з ім група бяззбройных чырвонаармейцаў з паднятымі ўгару рукамі. Зомер наставіў аўтамат, эсэсавец узняўся і выхапіў пісталет.

Марасян. Дзе тут у палон здаюцца?

Зомер. О!.. Зараз… Зараз… (Эсэсаўцу.) Ганс! Пакажы дарогу.

Эсэсавец. Яволь!

Марасян (заўважыў Кукушкіна). Гэта ты?!

Кукушкін. Я… А вы чаго?.. Няўжо…

Зомер. Маўчаць!..

Марасян (выхапіў з-пад гімнасцёркі гранату). Хэндэ хох!

Эсэсавец і Зомер разгублена ўзнімаюць рукі. Чырвонаармейцы імгненна абяззбройваюць іх, затыкаюць пілоткамі раты, рамянямі звязваюць рукі і ногі.

Кукушкін (ашаломлены). Браточкі!..

Марасян. Ціха!

Кукушкін. Хрыстос уваскрэс!

Марасян. Пайшлі!

Кукушкін. Ногі самлелі!..

Марасян перакінуў яго цераз плячо, пабег назад услед за чырвонаармейцамі.

Карціна чацвёртая

Асветлена толькі авансцэна. Марасян прыносіць на сабе Кукушкіна. Ставіць яго на ногі. Той яшчэ хістаецца.

Марасян. Ды стой ты!

Кукушкін. Зараз… О, стаю ўжо. Толькі каленкі дрыжаць яшчэ… Але гэта ўжо ад радасці… Што жывы…

Марасян (у запале). Ты разумееш, што нарабіў?!

Кукушкін. Разумею… Зганьбіў сваю роту гэтым палонам…

Марасян. Ды ідзі ты к чорту са сваім палонам! Ты думаеш, я спецыяльна пашыбаваў з хлопцамі цябе ратаваць?

Кукушкін. Няўжо і праўда ішлі немцам здавацца?

Марасян. Ішак ты! У нас патронаў ужо не было. Ішлі пазычыць у немцаў.

Кукушкін. Як?

Марасян. Вельмі проста. Учора мы таксама прыйшлі ў адзін каземат, заняты немцамі, «здавацца». З белым сцягам, з узнятымі ўгору рукамі, — як мае быць. Потым выхапілі гранаты і прымусілі гадаў легчы. Забралі тры ручныя кулямёты, патроны, аўтаматы, гранаты. Словам, спажыва добрая.

Кукушкін. Ну ядры ж вашу ў корань!

Марасян. I сёння прынеслі б не меней, каб не ты!

Кукушкін. Я?

Марасян. Ты. Сарваў усю аперацыю!

Кукушкін. Як?

Марасян. Трэба было ратаваць ці не, калі ўжо наткнуліся на цябе, ішака?!

Кукушкін. Дайшло.

Марасян. Хвала богу.

Кукушкін. А куды вы ішлі?

Марасян. У будынак, што ля варот.

Кукушкін. Ну дык скажы дзякуй мне.

Марасян. За што?

Кукушкін. Я вас таксама ўратаваў.

Марасян. Як?

Кукушкін. Калі мяне вялі, з таго будынка выбегла з паўсотні фашыстаў. Заляглі якраз поруч з будынкам.

Марасян. Няўжо?

Кукушкін. Ідзі правер.

Марасян. Шакалы!

Кукушкін. Уяўляю: Самвел з дзесяткам байцоў парываецца на штурмавую часць… От бы хэпдэхохнулі вас там!

Марасян. Даруй, дарагі… (Абнімае Кукушкіна.) Дзякую.

Кукушкін. Не трэба падзякі. Баш на баш. Ты — мяне, я — цябе.

Марасян (здымае з шыі нямецкі аўтамат). Вазьмі, дарагі.

Кукушкін. А ты з чым?

Марасян. Я цябе прашу — вазьмі! Ад усяе душы! На ўсё жыццё — дружба. Прыязджай пасля вайны ў Ерэван — самым дарагім госцем будзеш!

Высвятляецца ўся сцэна — агнявая пазіцыя ў руінах. Некалькі байцоў ляжаць за абломкамі сцен. З боку немцаў чутны радыёзаклікі.