Радыё. Здавайцеся! Здавайцеся! Ваша супраціўленне страціла ўсялякі сэнс: германскія войскі на подступах да Смаленска, рускія арміі разбіты, абкружаны і цэлымі дывізіямі здаюцца ў палон!
Падпаўзаюць Марасян і Кукушкін.
Марасян. Вось тут займай сваю пазіцыю…
Радыё. На што вы спадзеяцеся? Дапамогі вам няма і не будзе!
Дзесьці наперадзе пазіцыі пад руінамі загучала мелодыя песні «На сцены». Выводзяць яе дзве трубы.
Кукушкін. Дзе гэта граюць?
Марасян. Вунь там, наперадзе. Якраз на нічыйнай паласе. Заваліла, і ніяк нельга падступіцца да іх, каб выратаваць.
1-ы баец. Былі чатыры, цяпер толькі дзве трубы пакуль яшчэ жывы… Другія дзве, відаць, ужо… Паветра ім там нестае, ці можа ад ран…
Кукушкін. Трэба ж было б неяк хоць гэтых выцягнуць…
Марасян. Спрабавалі — ніяк. Немцы такі агонь адкрылі — жах! Ну, я пайшоў.
Кукушкін. Куды?
Марасян. У штаб. Выклікаюць. (Адпаўзае за кулісы.)
Кукушкін (падпоўз да байцоў). Ну, як вы тут?
1-ы баец. Хавай галаву і не пішчы.
Кукушкін. А мне ўжо не страшна.
2-гі баец. У палоне пасмялеў?
Кукушкін. А што ты думаеш?
3-ці баец. Штаны перамяніў?
Кукушкін. Ні халеры. Не так я ўжо і напалохаўся.
2-гі баец. Глядзі ты — герой!
Кукушкін. Калі хочаш ведаць, немец сам напалоханы.
3-ці баец. Ідзі…
Кукушкін. Факт! Каб вы бачылі, як яны там завіхаліся вакол мяне!
1-ы баец. Залівай.
Кукушкін. Як яны прасілі, каб я сказаў у іхнюю трубку. Вунь, каторая сюды брэша. Каб вы, значыцца, у палон здаваліся.
2-гі баец. Бач ты!
Кукушкін. А чаму, па-твойму, прасілі? Прыспічыла! Хана немцу!
1-ы баец. А ты адкуль ведаеш?
Кукушкін. Ды паміж сабой яны там гергеталі, што нашы пачынаюць лупцаваць іх… Папёрлі назад, а тут крэпасць наша папярок ім стала… От і крычаць у свае трубкі, каб здаваліся хутчэй. А пра Смаленск ці Мінск — брэшуць, сабакі!
3-ці баец. Яны пры табе гаварылі?
Кукушкін. Пра што?
3-ці баец. Што іх папёрлі.
Кукушкін. Няўжо ж.
3-ці баец. Адкуль жа ты па-іхняму разумееш?
Кукушкін (збянтэжаны). Я?!
1-ы баец. Ты.
Кукушкін. Дык… А чаго там разумець? Каб у іх была другая выкрутка — нібы яны малілі б мяне хрыстом-богам? Ды ніколі!
Падпаўзае Зімін.
Зімін. Што тут у вас чуваць, хлопцы?
1-ы салдат. Пакуль ціха, таварыш камісар.
Зімін. Ненадоўга. Хутка зноў пачнецца.
2-гі салдат. Патронаў бы крыху…
Зімін. Мы там у штабе падзялілі рэшту патронаў. Ваша частка… Трымайце. (Дае ў працягнутыя рукі па абойме патронаў, па тры гранаты.) Ну і — паёк на сёння… (Раздае па аднаму сухару.)
3-ці салдат. Ну, браткі, жывём!
Зімін. Больш пакуль няма. Трымайцеся на гэтым. I запомніце: ні кроку назад… Калі цераз вашу пазіцыю прарвуцца — усім амба… Няхай камяні плавяцца, а вы стойце, бо вы людзі. Вы мацнейшыя за камяні…
1-ы салдат. Няўжо няма ўжо куды падацца?
Зімін. Так, няма куды… Цэнтральная частка блакіравана з усіх бакоў. Паўднёва-ўсходнія казармы захоплены ворагам. Ідзе бой за казармы 333-га палка. Немцы прарваліся ў Кобрынскія і Паўночна-Заходнія вароты… Далей пакуль не пускаюць. I не прапусцяць, калі мы тут не пусцім…
3-ці салдат. А што з фронтам чуваць, таварыш камісар?
Зімін. Сувязі няма. Але фронт, хутчэй за ўсё, пад Кобрынам.
2-гі салдат. Пагоняць немца назад?
Зімін. А як жа! Таму будзем стаяць да апошняга патрона!
Кукушкін. Выйдуць патроны — каменнем глушыць пачнём!
Зімін. Правільна, Кукушкін! Ну, пакуль, браткі. Папаўзу да суседзяў. Ім таксама патроны патрэбны. (Адпаўзае.)
Радыё. Увага! Увага!.. Генерал Кукушкін! Генерал Кукушкін!
Кукушкін (хапіўся за галаву). Ну ідыёты!..
Радыё. Пашкадуйце сваіх салдат і афіцэраў! Загадайце ім спыніць супраціўленне!
I зноў дзве трубы зайгралі «На сцены».