Выбрать главу

Зімін. Ідзіце і выбірайце сабе месца. Толькі пакуль дзе-небудзь глыбей, бо неўзабаве пачнецца артналёт.

1-ы ранены. Дзякуем, камісар… Айда, хлопцы. (Выходзіць.)

Трубачоў. Дарэмна.

Зімін. Зразумей іх, Трубачоў.

Багатаў. Я таксама пайду з імі.

Зімін. Табе нельга.

Багатаў. Чаму?

Зімін. За табой сцяг. Зберажы яго.

Багатаў. Не магу я аставацца тут адзін.

Трубачоў. Што з табой?

Багатаў. Дзевяты штурм можа быць апошнім, бо мы стаім ужо на пятачку. I на развітанне я хачу хоць аднаго гада прышыць…

Зімін. Ты лепш падумай, як і куды схаваць сцяг.

Трубачоў. I аставайся пакуль тут.

Зімін. Яшчэ пабачымся. А пакуль дай руку, лейтэнант… Дзякую табе за песню… Калі-небудзь яшчэ ўспомнім яе…

Багатаў праводзіць іх доўгім развітальным поглядам. Пачынае адвязваць сцяг.

На сцэне паступова цямнее. Гучыць трывожная музыка. Праз пэўныя прамежкі часу музыку заглушаюць словы з нямецкага радыёрупара.

Радыё. Да смерці асталося восем мінут… (Удары метранома.) Да смерці асталося пяць мінут… (Метраном.) Да смерці асталося тры мінуты… (Метраном.) Да смерці асталася адна мінута… (Метраном.) Дзе белы сцяг?! Дзе белы сцяг?!

З цемры ўгару ўзнімаецца чырвонае палотнішча. Яно павольна разгортваецца пад гукі ўжо адной трубы, якая чуваць з-пад руін. Трубач грае «На сцены». Артылерыйскі залп заглушае ўсё.

Карціна шостая

Усходні форт. Каземат. Авілаў стаіць перад групай жанчын, прыведзеных сюды Марынай з Цэнтральнай часткі крэпасці. Схуднелы, закураны, у парахавым дыме, у рудых бінтах.

Авілаў (Марыне). Дарэмна… Ну абсалютна дарэмна прывялі вы іх сюды…

Марына. А куды?

Авілаў. Не ведаю.

Марына. Каб я не прывяла іх сюды — усім бы нам там канец.

Авілаў. А што вас чакае тут?

1-я жанчына. Тут хоць пакуль казематы цэлыя.

Авілаў. Пакуль.

2-я жанчына. А там жа каменя цэлага не асталося!..

Авілаў. Ад нашага форта можа і таго менш астанецца.

Уваходзіць Аксіння — жонка Авілава.

Аксіння (углядаецца ў жанчын). Божухна мой… Адкуль яны?

Авілаў. З Цэнтральнай часткі.

Аксіння. Там што?..

Марына. Там — усё.

Аксіння. Пасля штурму?

Марына. Ага.

Аксіння. Я ледзь пазнала вас… Дзяўчаткі вы мае… (Прыглядаецца.) Валя, ты?..

2-я жанчына. Я…

Аксіння. Маша?

3-я жанчына. Я, Аксіння Андрэеўна…

Аксіння. А дзеці вашы?

Марына. Усе ў падзямеллі.

Аксіння. Галодныя, вядома?

1-я жанчына. Вельмі.

Авілаў. Ксана, там накапала з паўкацялка… Аддай дзецям… Па глытку… У цябе яшчэ штук сем сухароў. Падзялі. (Да жанчын.) I вы ідзіце ў падзямелле. Да світання асталося яшчэ гадзіны са дзве. Хоць крыху адпачніце. Раніцой зноў пачнецца.

4-я жанчына. Нам не прывыкаць.

2-я жанчына. I нікуды мы не пойдзем.

3-я жанчына. Дайце нам лепш вінтоўкі, гранаты. Выйдзем разам з вамі на пазіцыі…

Авілаў. Гэтага я вам не дазволю.

4-я жанчына. Чаму?

Авілаў. Таму што няма ў мяне ні гранат, ні патронаў. Амаль няма. А голымі рукамі не паваюеце. Лепш да дзяцей ідзіце. Ды і раненыя там. Яны без перавязак, без медыкаментаў… Можа хоць чым-небудзь паможаце… Вядзі іх, Ксана.

Аксіння. Пайшлі, дзяўчаткі… (Выходзяць.)

Авілаў (Марыне). А вы?

Марына. Я вяртаюся ў Цэнтральную частку…

Авілаў. З якой рады?

Марына. У мяне там сын з мужам асталіся… Пад руінамі…

Авілаў. Там жа немцы зараз.

Марына. Я там добра ведаю ўсе хады. Не знойдуць яны мяне… А я іх знайду. Буду біць з-пад зямлі… Пакуль самаé будзе ставаць…

Авілаў. Ну што ж… Ідзіце. Можа Зіміна з Трубачовым сустрэнеце…

Марына. Наўрад.

Авілаў. Чаму?

Марына. Самі чулі, што там было ўчора… Каша з людзей і камення… Нічога жывога не асталося…

Авілаў (стомлена прысеў на табурэтку. Абапёрся локцямі на стол. Закрыў далоняй вочы). Эх, Зімін, Зімін…