Выбрать главу

Сцэна павольна цямнее, толькі бачны твар Авілава, схілены над сталом.

Так, відаць, і не давядзецца нам сустрэцца з табой…

За спіной у Авілава ледзь прасвятляюцца абрысы Холмскіх варот крэпасці. Збоку ля варот можна пазнаць Зіміна. Ён стаіць у сподняй кашулі. З галавы звісае парудзелы бінт.

Зімін. Так, маёр… дарагі мой чалавек… Не пабачымся мы з табой… Я стаю ля Холмскіх варот… Зараз грымне залп з нямецкіх аўтаматаў, і я ўпаду… Мяне расстраляюць зараз… I дзіўна, маёр… Кажуць, што перад смерцю чалавек бачыць усё сваё жыццё… А я бачу толькі цябе… Дакладней, я вельмі хачу бачыць цябе… Хачу, каб ты ведаў, як я дорага заплаціў за сваю маладушнасць… Не, не ў баях… У баях я стаяў насмерць… Я раней збаяўся, калі трэба было падаць табе руку і сказаць: будзеце судзіць яго — судзіце і мяне, бо я таксама не разумею асцярожнасці, якая будзе каштаваць нам вялікай крыві…

Авілаў (у той жа паставе). Ты правільна сказаў, камісар, — асцярожнасць… Добра, калі яна абыдзецца толькі крывёю і жыццём крэпасці… А калі — жыццём дывізій, арміяй, жыццём народа?.. Я ўжо не помню, колькі дзён і начэй мы гарым у гэтым агні… Я аглух ад бомбаў, гранат і снарадаў… Але мне здаецца, што нашы войскі адступілі ўжо вельмі далёка… Я ўжо не чую іх… I добра, калі адступілі ў баявым парадку…

Зімін. Хораша мы пагаманілі з табой, маёр… Мне нават лягчэй стала… А што ж зараз?.. Ага, афіцэр падыходзіць да аўтаматчыкаў… Я ведаю яго… Ён прыходзіў да мяне парламенцёрам… Ён мяне таксама пазнаў… Ну вось… аўтаматы наведзены на мяне… Зараз будзе каманда… Ну, маёр… бывай…

Знікаюць абрысы Холмскіх варот, а з імі постаць Зіміна. Авілаў сядзіць па-ранейшаму. Марыны ўжо няма. Падыходзіць Аксіння. Кладзе руку на плячо Авілаву. Той схамянуўся.

Аксіння. Задрамаў.

Авілаў. Не.

Аксіння. А то і праўда, перадрамаў бы мінутку?

Авілаў. Няможна, Ксана.

Аксіння. Пакуль жа ціха.

Авілаў. Вось гэта і страшна. Зараз у іх ідзе перагрупіроўка. Частку сілы з Цэнтра яны перакідаюць сюды. Штурм можа пачацца ў любую мінуту.

Аксіння. Няўжо будзе яшчэ страшней, чым было?

Авілаў. Страшней то яшчэ нішто. Цяжэй будзе.

Аксіння. I што рабіць?

Авілаў. Абараняцца.

Аксіння. Няўжо не будзе ўжо ніякага выратавання?

Авілаў. Ты — салдат, Ксана… Як і я. А салдаты стаяць да апошняга. За мінуту да смерці іншы раз і прыходзіць выратаванне. Але прызнаемся па-салдацку… Да нас яно, відаць, спозніцца.

Аксіння. Я баюся памерці…

Авілаў. Табе трэба жыць… Дзеля нашага сына… Як ён там?

Аксіння. Як і ўсе дзеці. Дрыжыць, плача… Чэзне ад голаду і смагі.

Авілаў. Дзяцей трэба ратаваць, Ксана.

Аксіння. Пакуль яны ў падзямеллі.

Авілаў. Падзямелле — не прытулак.

Аксіння. А як іначай?

Авілаў. Іх трэба вывесці з крэпасці.

Аксіння. Куды?

Авілаў. Да немцаў.

Аксіння. Адных?

Авілаў. Усе жанчыны пойдуць з імі. Ты — таксама.

Аксіння. А вы астанецеся?

Авілаў. Ну, вядома.

Аксіння. Не пайду. Чуеш?

Авілаў. Чую.

Аксіння (скрозь слёзы). Я не пайду…

Авілаў. Ты зразумей…

Аксіння. Не зразумею… Не магу зразумець… (Плача, прыхіліўшыся да пляча Авілава.)

Авілаў. Ксана… нельга ж так… (Садзіць яе на табурэтку ля стала.)

Прыбягае 1-я жанчына.

1-я жанчына. Аксіння Андрэеўна!..

Аксіння не чуе. Паклала галаву на рукі, схіліўшыся над сталом.

Ксана... Што з ёй?

Авілаў. Гэта пройдзе… Што ў вас?

1-я жанчына. Там адна… родзіць.

Авілаў (пратэстуе). Навошта?!

1-я жанчына (не зразумела). Як — навошта?

Авілаў. Прабачце… Сарвалася… Ксана…

Аксіння (прыўзняла галаву). Што?

Авілаў. Да цябе прыйшлі.

1-я жанчына. Аксіння Андрэеўна…

Аксіння. Ну?

1-я жанчына. У Валі роды…

Аксіння. Ды што ты!

1-я жанчына. Памажыце… Мы там усе разгубіліся.

Аксіння (падхапілася). Пайшлі!