1-я жанчына (ужо ідучы). Сама яна ледзь-ледзь жывая.
Аксіння і жанчыны выходзяць.
Сцэна цямнее. Адначасова пачынаецца абстрэл форта. З кожнай секундай нарастае шквал бою. Здаецца, што на форт наляцеў смерч, каб адпомсціць за тое жыццё, якое зараз нараджаецца дзесьці тут, у падзямеллі. У паўзе паміж гулам і аўтаматным трэскам чуецца голас з нямецкай радыёўстаноўкі.
Радыё. Усё роўна будзеце знішчаны! Цэнтральная частка стала магілай для гарнізона, які абараняў яе, няўжо і вы хочаце пахаваць сябе пад руінамі форта? Вы мужныя салдаты, вы храбра абараняецеся, няўжо ў вас не хопіць смеласці прызнацца, што вы ў безнадзейным становішчы?.. Маёр Авілаў! Вы дастойны самай высокай узнагароды за вашу стойкасць, і ўзнагародай вам будзе — жыццё, калі загадаеце свайму гарнізону скласці зброю!.. Гэта апошні наш ультыматум і апошні шанц выратаваць жыццё!.. На ваш форт абрушыцца вогненная лавіна бензіну і бомб. Здавайцеся, вы блакіраваны з усіх бакоў, бо Цэнтральная частка ўжо наша!
Пражэктар рэзка асвятляе твар Марыны.
Марына. Брэшаш, гад, Цэнтральная частка яшчэ не ваша: я тут! Я забіла ўжо восем немцаў і яшчэ буду забіваць! Вы баіцёся мяне, як тую здань, толькі я не здань! Я жывая, і дрыжыце, пакуль я жывая!.. I можа я не адна тут яшчэ!.. Калі хто астаўся жывы — адгукніцеся, родныя мае!.. Кукушкін! Ты ж самы вясёлы быў тут, няўжо і цябе смерць узяла?!
Кукушкін. Ні халеры!.. Не ўзяла і не возьме! Жывы пакуль!.. Перабраўся ў Цярэспальскую вежу! Заселі тут з лейтэнантам Наганавым і косім з двух кулямётаў!.. Бачылі б, якія пакосы ляжаць на мосце перад Цярэспальскімі варотамі!.. Люба-дорага!..
Марына. Дзе Зіна… ваенурач ваш, помніш?
Кукушкін. А хто ж яе не помніць? Толькі дзе яна — не ведаю!
Зіна. Я далёка ад вас… Мяне, раненую, немцы выцягнулі з-пад руін… Вынеслі кудысьці, кінулі. Тут многа ляжыць нашых раненых, забітых… Адзін з іх — поруч са мной… I ведаеш, Марына, хто гэта?.. Толя Радчук… Помніш, мы пелі з ім… «Очи черные…»?.. Толькі-толькі памёр у мяне на руках… Марына, адпомсці за яго, за мяне… За Трубачова, Зіміна… Іх таксама няма ўжо! Забівай, Марына, іхніх забойцаў!..
Знікаюць твары. Цемру на сцэне праразаюць кароткія стрэлы з аўтамата. Адзін, другі, трэці… Пры кожным стрэле ўспыхвае агонь і асвятляе постаці немцаў. Падаюць падкошаныя аўтаматнай чаргой адзін, другі, трэці чырвонаармейцы… На Усходні форт зноў наляцеў ураган агню. Час ад часу ў гуле кананады чуецца прарэзлівы выкрык: «Здавайцеся!.. Здавайцеся!.. Маёр Авілаў, здавайцеся!..»
I раптам — цішыня. Сцэна паступова асвятляецца, і з падзямельнага ходу ціха-ціха выходзіць Аксіння з дзіцем на руках, загорнутым у салдацкі шынель. Услед за ёй ідуць жанчыны. Насустрач ім — Авілаў у разарванай гімнасцёрцы, з перавязанай рукой. Ён толькі-толькі з бою.
Авілаў (спыніўся перад жанчынамі, паказвае вачыма на загорнутае дзіця). Жывы салдат?
Аксіння. Пакуль.
Авілаў. Значыць, будзе жыць.
Аксіння. Ён памрэ.
Авілаў. Будзе жыць!
Аксіння. Ён астаўся без малака… Валя толькі што памерла… Сэрца не вытрымала гэтага страху і болю…
Авілаў. Дык вось… Я не хачу, каб і вы паміралі… Яму таксама трэба жыць. Бярыце дзяцей і выходзьце з крэпасці… Немцы выпусцяць вас… Ксана, табе даручаю ўсіх іх. Бяры Сашу і вядзі… Аставацца тут — непазбежная смерць, там жа — хоць нейкі шанц на жыццё… На крайні выпадак зрабіце так, каб хоць дзеці асталіся жыць… Я не прашу, я — загадваю… Ніякага пярэчання не прымаю і патрабую неадкладнага выканання… Станавіцеся па дзве ў рад. Дзеці пойдуць за вамі… Ксана, падымі малога над галавой: няхай будзе замест белага сцяга… А пакуль давайма развітвацца… (Абдымае Аксінню. Тая ўсхліпнула.) Ну-ну, спакойна… Пакажы ўсім прыклад…
Астатнія жанчыны абнялі байцоў, якія падышлі. Некаторы час усе стаяць як скамянелыя.
Авілаў. Ну, пайшлі… За мной. Я пакажу вам, куды ісці…
Парамі, не спяшаючыся, жанчыны рушылі ўслед за Авілавым. Аксіння падняла на руках дзіця. Ідзе наперадзе ўсіх. Жанчыны ўзнімаюцца на земляны вал і знікаюць за ім. Адна за другой. Адна за другой. Пад музыку, суровую і строгую… Байцы яшчэ доўга глядзяць ім услед.
Радыё. Слухайце, салдаты! Слухайце, салдаты! Выходзьце ўслед за жанчынамі! Выходзьце ўслед за жанчынамі! Калі ваш камандзір Авілаў не дазваляе вам, звяжыце яго і прывядзіце з сабой! Вы ўсе астанецеся жывыя і паедзеце дадому! Жыццё і свабода — за маёра Авілава!