Выбрать главу

За гэты час Авілаў вярнуўся да салдат, слухае разам з імі радыё.

Авілаў. Ну што ж, хлопцы… Рашайце. Нас асталося мала. Боепрыпасаў і таго меней. Змагаліся вы, як героі, але сілы, самі бачыце, няроўныя… Дапамагчы нам ужо, відаць, ніхто не дапаможа… Асобныя вузлы супраціўлення яшчэ трымаюцца, але і яны, відаць, блакіраваны, як і мы… Так што рана ці позна прыйдзецца выбіраць паміж смерцю і палонам. Пра сябе скажу адно: я астаюся. Апошні патрон пакіну для сябе, але і яго хутчэй за ўсё выпушчу ў сэрца ворагу.

Радыё. У апошні раз прапануем — выходзьце! Хапайце маёра Авілава і выходзьце! Выходзьце!..

Салдаты выхапілі гранаты, рынуліся да вала і кінулі праз яго гранаты. Грымнулі выбухі, і на сцэне стала цёмна. Затрашчалі кулямёты, аўтаматы. На нейкае імгненне праменні пражэктараў асвятлілі постаці асобных байцоў…

…нехта замахнуўся прыкладам…

…апускае штык у спіну немцу…

…прыпадае да ручнога кулямёта…

…узмахнуўшы гранатай, Авілаў рынуўся ў глыб сцэны на чале групы байцоў…

…падаюць байцы — адзін… другі… трэці…

Але супакоіліся пражэктары. Заціх гул бою. На авансцэне асвятляюцца постаць байца і група салдат, якія стаяць за ім разгорнутым фронтам да залы.

Баец (у залу). Не! У палон мы не пайшлі… Мы асталіся тут. З кожным днём нас рабілася ўсё меней і меней… Мы паміралі ў агні страшэнных атак і контратак… Каменне плавілася, а людзі стаялі… Але выстаяў толькі наш камандзір, маёр Авілаў. Мы ж асталіся тут… Пад каменнымі руінамі… Не ступайце на іх, калі станеце хадзіць тут пасля вайны, — нам будзе балюча: каменне крывёю нашай набракла…

Над маўклівым строем байцоў успыхнула знаёмая песня:

Узнімайся, наш сцяг, і на штурм нас вядзі, Абрушым на гадаў удары! Таварыш, таварыш, на сцены ідзі Услед за сваім камісарам!..

Заслона

1968 г.