Авілаў. А чаго гэта вы неяк дзіўна запунсавелі, таварыш лейтэнант, з аднаго боку?
Радчук (памацаў шчаку). Гэта ў мяне… аднабаковая рэакцыя, таварыш маёр.
Авілаў (Зіне). Бывае такая, таварыш ваенурач?
Зіна. Іншы раз бывае.
Авілаў. Між іншым, Зінаіда Пятроўна…
Зіна. Слухаю, Пятро Міхайлавіч.
Авілаў. У якім вы палку служыце?
Зіна. У вашым, 44-м.
Авілаў. А чаму я вас бачу ў інжынерным?
Зіна. Тут сёння адзінае месца ў крэпасці, дзе можна патанцаваць перад выхадным.
Авілаў. Натанцаваліся ўжо ці яшчэ не?
Зіна. Бадай-што досыць.
Авілаў. Дазваляю ў такім разе адпачыць.
Зіна. Дзякую. Можна ісці?
Авілаў. Дабранач.
Зіна. Добрай ночы, таварышы камандзіры!
Радчук і Зіна выходзяць.
Зімін. Старэеш, Пятро Міхайлавіч.
Авілаў. Няўжо?
Зімін. Маладым зайздросціш. Яны тут толькі ацішыліся, а ты іх…
Авілаў. Няхай пройдуцца. А нам сам-насам пагаманіць трэба.
Зімін. Слухаю, Пятро Міхайлавіч.
Авілаў. Кажуць, за сям’ёй наважыўся ехаць?
Зімін. Ага. Заўтра.
Авілаў. На колькі дзён адпрасіўся?
Зімін. Дзень туды, дзень адтуль, суткі на ўладкаванне быту.
Авілаў. Значыць, дваццаць сёмага будзеш тут?
Зімін. Тут. А што?
Авілаў. Дваццаць сёмага будзе разглядацца мая персанальная справа на дывізійнай парткамісіі.
Зімін. А што здарылася?
Авілаў. Нехта падаў заяву, што я сею ў палку панічныя чуткі пра вайну.
Зімін. Глупства, вядома?
Авілаў. Не, я і праўда казаў ды і кажу сваім афіцэрам, што вайны нам не мінаваць і трэба быць гатовымі ў любую мінуту. Але нехта ўбачыў у гэтым палітычны крымінал, за які я магу развітацца з партбілетам, а то і з жыццём. Гледзячы як павярнуць.
Зімін. Та-ак…
Авілаў. Ды чорт яго бяры, тое жыццё, калі дакажуць мне, што я зрабіў палітычнае злачынства. Але я хачу зразумець, што робіцца вакол нас. Кожны дзень над крэпасцю і граніцай шныраць нямецкія самалёты, а мы робім выгляд, што не заўважаем іх. Кажуць, немцы падцягваюць к Бугу артылерыю, а мы выводзім дывізію ў летнія лагеры і распыляем баявую тэхніку. А тая тэхніка, што асталася ў крэпасці, на сённяшні дзень у разабраным выглядзе, бо заўтра чамусьці спатрэбілася рабіць тэхнічны агляд… Ходзяць чуткі, што рэгулярныя часці немцаў занялі зыходныя пазіцыі, а мы нічога не ведаем… Добра, калі ўсё гэта — правакацыя, а калі — не?.. Таму я і кажу ў сваім палку: хлопцы, трымай вуха! Дык што, Аляксей Іванавіч, правільна я кажу ці не? Ну як, па-твойму?
Зімін. Ты разумееш, Пятро Міхайлавіч, немцы ж і праўда могуць правацыраваць нас, каб мы заварушыліся. Але ж мы не можам паддавацца на іх правакацыю.
Авілаў. А няўжо я кажу, што трэба адказваць на правакацыю? Трэба толькі адно: прывесці гарнізон у баявую гатоўнасць.
Зімін. А немцы могуць падумаць, што мы рыхтуемся да прэвентыўнага ўдару.
Авілаў. Але ж яны ўжо адкрыта рыхтуюць яго.
Зімін. А што, калі немцы хочуць праверыць, наколькі мы перакананы ў трываласці дагавору з Гітлерам? I таму знарок, дэманстратыўна манеўруюць перад крэпасцю? Ну, і мы пачнём варушыцца ды яшчэ возьмем іх на мушку! Што яны падумаюць? Толькі адно: мы не верым у дагавор. Трэба іх наводзіць на такую думку? Ні ў якім разе! Тут усё чортведама як складана, і табе, Пятро Міхайлавіч, варта зразумець гэта як мага хутчэй.
Авілаў. Ды не, я, здаецца, ужо зразумеў. На жаль.
Зімін. Дарэмна ты пакрыўдзіўся.
Авілаў. Крыўдна было б, каб так разважаў кадравы афіцэр, страявік. А ты, таварыш Зімін, камісар і, прабач, яшчэ бадай цывільны.
Уваходзіць Трубачоў.
Трубачоў. Дазвольце?
Зімін. Калі ласка.
Трубачоў (Авілаву). Таварыш Авілаў, я да вас.
Авілаў. Слухаю.
Трубачоў. Дазвольце не разбіраць тэхніку да раніцы.
Авілаў. Чаму?
Трубачоў. На ўсякі выпадак.
Авілаў. Паспееце раніцай?
Трубачоў. Абавязкова.
Авілаў. Ну што ж, таварыш Трубачоў, вы мой намеснік па гэтай частцы, — вам лепш відаць.
Трубачоў. То я пайду, загадаю.
Авілаў. Ідзіце.