Авілаў. З Каламійцавым сувязь перарвана. Прабірайся да яго ў роту і перадай мой загад — праверыць усе супрацьгазы. Немцы рыхтуюцца закідаць яго роту слёзатачывымі гранатамі.
Аксіння. Ох, сволачы!
Авілаў. Не лаяцца ў страі!
Аксіння. А ідзі ты! Усё?
Авілаў. Усё. Ідзі.
Аксіння. Цераз плячо паварочвацца?
Авілаў. Хоць цераз галаву — толькі хутчэй!
Аксіння махнула рукой, пайшла. Зноў відаць толькі твар Авілава.
Вось так, камісар… Праз Усходні форт немца не прапушчу… Убачыш Трубачова — падзякуй ад мяне, што баявую тэхніку не разабраў… Вельмі ж спатрэбілася! Ты б толькі пабачыў, колькі немцаў мы тут навалілі!.. А будзе яшчэ больш… Сталі насмерць! Да апошняга!.. Ля Холмскіх варот таксама, чую, бой… Няўжо ты там? Стой, камісар, я памагу табе! Агнём і контратакамі адцягну немцаў на сябе!.. Стой да апошняга! А пакуль прабач, іду ў бой…
Гасне пражэктар. Асвятляецца штаб Зіміна.
Зімін. Так…
Трубачоў. Што будзем рабіць?
Зімін. Невядома, на якім мы небе.
Трубачоў. Што не на сёмым — галавой ручаюся.
Зімін. Гэта ўжо ясна, як божы дзень.
Трубачоў. Колькі нас тут асталося, колькі выйшла з крэпасці, колькі забітых і раненых, дзе і якія часці арганізавалі абарону — нічога невядома.
Зімін. Так мы ваяваць тут не зможам.
Трубачоў. Трэба наладзіць сувязь хоць бы з суседнімі вузламі абароны і паспрабаваць утварыць хоць якое-небудзь адзінае камандаванне.
Зімін. Можа пачнём з сябе?
Трубачоў. І я так мяркую.
Зімін. Дык вось. Ты — кадравы камандзір, ты і ўзначаліш абарону.
Трубачоў. Калі вы будзеце камісарам гарнізона.
Зімін. Гэта мне і па штату паложана.
Трубачоў. А лейтэнанта Багатава — начальнікам штаба.
Зімін. Ранены ён.
Трубачоў. А я сёння не сустракаў ніводнага цэлага камандзіра.
Зімін. Як ты, Багатаў, дыхаеш яшчэ?
Багатаў. Пакуль дыхаю.
Зімін. Дыхай, браце, штабістам будзеш.
Багатаў. Няхай. На бязрыб’і і рак — салавей.
Зімін. Не прыбядняйцеся.
Багатаў. Крыві б мне крышку падкачаць. Свая ў халявы пайшла. Стаю літаральна па калені ва ўласнай крыві…
Зімін. А ты сядай… (Падстаўляе яму табурэтку.) На гэты раз саграшым супраць статута. Грэх бяру на сябе.
Багатаў (сеў). Дзякую, таварыш камісар.
Зімін. Дык што ж мы маем на сённяшні дзень, як кажуць?
Трубачоў. Поўную блакаду крэпасці.
Зімін. Раз.
Трубачоў. Велізарныя страты ў жывой сіле і тэхніцы.
Зімін. Два.
Багатаў. Некалькі раз’яднаных вузлоў супраціўлення.
Зімін. Тры. Радыст, нічога новага?
Радыст. Нічога, таварыш камісар.
Зімін. Чатыры.
Трубачоў. Крэпасць асталася без вады.
Зімін. Пяць.
Багатаў. Да трохсот жанчын і дзяцей.
Зімін. Шэсць.
Трубачоў. I вялізную надзею на контрнаступленне нашых дывізій пад Кобрынам.
Зімін. Сем! I гэта самае галоўнае. Адгэтуль і задача: трымацца да падыходу нашых часцей. Згодзен, начальнік?
Трубачоў. Толькі так!
Зімін. Начштаба?
Багатаў. Адступаць жа ўсё роўна няма куды.
Зімін. Кропка. Пішы, Трубачоў, загад.
Трубачоў (вымае з планшэта паперу і аловак) Так… Загад нумар адзін… (Піша.)
Зімін. Вы не ўяўляеце, што гэта азначае, калі байцы будуць ведаць, што ёсць гарнізон, ёсць камандаванне!.. Яны ж насмерць будуць стаяць!
Уваходзіць група жанчын — жонкі камсаставу. Выгляд іх сведчыць аб перажытым за гэты дзень. На тварах і вопратцы цагляны пыл, сажа. Каторая не паспела надзець кофту — накінула на сябе шынель мужа. А то і дзіцячую коўдру. Ёсць параненыя. Абутыя хто ў тапкі, хто ў мужчынскія боты. Некаторыя плачуць. Больш стрыманая і сабраная Марына.
Марына. Мы — да вас.
Зімін. Калі ласка.
1-я жанчына (скрозь слёзы). Што нам рабіць?
Зімін. Спачатку супакоіцца.
2-я жанчына. Вам лёгка сказаць!
3-я жанчына. А ў нас — дзеці!
4-я жанчына. Мая дзяўчынка паранена…
Зімін. I ў нас многа раненых ды забітых.