Выбрать главу

Трубачоў. I будзе яшчэ больш.

1-я жанчына. А далей?

Зімін. I далей тое самае… Толькі яшчэ цяжэй. Гэта і вы мусіце ведаць.

3-я жанчына. I што ж будзе? Чаго чакаць?

Трубачоў. Падыходу нашых часцей.

4-я жанчына. А яны прыйдуць?

Зімін. Прыйдуць!

1-я жанчына. А калі не?

Трубачоў. Калі б мне так сказаў вайсковец — на месцы расстраляў бы! Вы — жанчына.

1-я жанчына. Не шкадуйце. Усё роўна адзін канец.

Зімін. Так мы, дарагія мае, не дойдзем да тропу.

5-я жанчына. Троп толькі ў адным: трэба ратавацца!

Галасы. Во, во! Правільна!

5-я жанчына. Ратаваць дзяцей і самім выходзіць з гэтага пекла!

Зімін. А як?

5-я жанчына. Прабіце нам ноччу выхад з крэпасці, і мы пойдзем. I самі ідзіце!

2-я жанчына. I як мага хутчэй!

Трубачоў. Прабіваць выхад, на жаль, позна ўжо. Крэпасць блакіравана з усіх бакоў. А ісці напралом — загінем.

Зімін. Нават калі б і можна было прарвацца — мы ўсё роўна не пайшлі б з крэпасці.

1-я жанчына. Чаму?

Зімін. Перад крэпасцю мы затрымалі вялізныя сілы праціўніка. I чым больш мы будзем трымаць іх тут, тым лягчэй будзе нашаму камандаванню нанесці контрудар і прыйсці на дапамогу.

2-я жанчына. Толькі ці прыйдуць?

Зімін (не стрымаўшыся). Вы разумееце, што гаворыце? Ці ж можна нават падумаць, што Чырвоная Армія будзе адступаць?! Апамятайцеся!

3-я жанчына. Армія можа і не адступіць, а крэпасць не вытрымае.

Зімін. Вытрымае ці не, але стаяць мы будзем да апошняга патрона. Вы — жонкі камандзіраў і ведаеце, што такое воінскі абавязак.

2-я жанчына. Але дзеці, з дзецьмі што рабіць! Яны ж воінскага абавязку на сябе не бралі!

3-я жанчына. Няхай мы загінем, а ім жа трэба жыць!

Марына. А я што кажу? Схавайма дзяцей у надзейныя закуткі, а самі пойдзем шукаць склады… Можа хоць што-небудзь знойдзем і для дзяцей, і для байцоў. Будзем падтрымліваць іх! А ісці нам адгэтуль няма куды і няма чаго! Мой муж сёння загінуў, і я нікуды не пайду, пакуль не задушу хоць аднаго фашыста!.. Не пайду, таму што ў каземаце мой сын, ён верыць, што прыйдуць нашы і выратуюць яго!.. Я не магу весці малога на прарыў, каб якая куля прабіла яму галаву ці сэрца!.. А калі ўжо наканавана загінуць, то ўсёй сям’ёй астанемся пад руінамі… Разам з бацькам і мужам!.. I калі б ён жывы быў — таксама не пайшла б ад яго зараз. Адно нам наканавана з імі!.. Ды годзе хлюпаць! Не будзьце вы бабамі! Хадзем лепш раненых з-пад руін выцягваць, бінты шукаць! А зрэшты — таксама на сцены! Толькі не апускайце рукі, любыя вы мае!.. Там раненыя паміраюць, дзеці чакаюць, а мы тут як авечкі перапуджаныя!.. Ім трэба боем камандаваць, а не нашы мокрыя насы падціраць!.. Даволі, пайшлі! Я ў вас буду за камандзіра! (Імкліва пайшла з каземата.)

За ёй памкнуліся астатнія жанчыны.

Багатаў. Во баба!

Трубачоў. Любога палкоўніка за пояс заткне.

Зімін. Мы тут пыкалі-мыкалі, а яна адразу быка за рогі! Ёй бы — камісарам!

Прыбягае Марасян, ён толькі што з бою. Сваю гімнасцёрку прыклаў да раны на бядры і прывязаў яе рэменем.

Марасян (Зіміну). Дазвольце!

Зімін. Давай.

Марасян. Усё.

Зімін. Што — усё?

Марасян. Прыкончылі! Гналі да варот і яшчэ за вароты! З гарачкі аж у нямецкія пазіцыі ўрэзаліся!

Зімін. Вось гэтага я і баяўся.

Марасян. Нічога страшнага, таварыш камісар!

Зімін. Усе вярнуліся?

Марасян. Здаецца, усе. Толькі Кукушкіна не далічыўся.

Зімін. Забіты?

Марасян. Не ведаю.

Зімін. А ў самога што?

Марасян. Не пашанцавала.

Трубачоў. А па-мойму, — наадварот.

Марасян. Таварыш капітан, дарагі мой, ну што людзі падумаюць, калі ўбачаць рану на гэтым месцы? Падумаюць, што адступаў ці ўцякаў… А я ж наступаў!.. Перакульваўся цераз сцяну, галава была ўжо ўнізе, а ніжняя частка апынулася паверсе, і ў гэты момант асколак рыкашэтам прайшоўся па гэтаму самаму месцу… Ну няхай — у руку, у нагу ці яшчэ куды, а навошта сюды?

Зімін. Хадзіць можаш?

Марасян. Канечне, магу! Толькі гімнасцёрку б якую, гэтая ўся ў крыві.

Зімін здымае з сябе гімнасцёрку, аддае Марасяну.

Зімін. Бяры.