Выбрать главу

Яшчэ ў неаліце былі прыручаны амаль усе вядомыя сёння хатнія жывёлы. У бронзавым веку жывёлагадоўля існавала паўсюдна. На кожнай стаянцы, дзе былі ўмовы для захавання арганічных рэчываў, у вялікай колькасці сустракаюцца косткі свойскіх кароў, коней, свіней, авечак i коз. А вось курэй i іншых свойскіх птушак нашы продкі ў бронзавым веку яшчэ не ведалі.

У цёплыя месяцы не было цяжкасці з пашай. Зімой жа жывёлу кармілі назапашаным лісцем, тонкім галлём, сушанай травой, саломай. Пры неглыбокім снезе статак выганялі ў лес на падножны корм. З-за цяжкасцей у нарыхтоўцы корму на зіму (касіць жа не ўмелі), можна думаць, што шырока практыкавалася асенняе заколванне i зарэз жывёлы. Тым больш, што мяса зімой магло захоўвацца доўга.

Вядома, нашым продкам свойская жывёла была неабходна для мяса. Але ад яе атрымлівалі таксама скуры, воўну, косткі i рогі для розных вырабаў, тлушч для спальвання ў асвятляльных каганцах, сухажыллі для сшывання вопраткі. Вельмі верагодна, што ўжо ў той час ужывалі i малако. Можна меркаваць, што некаторыя гліняныя пасудзіны з адтуліналлі ў сценках служылі для адцэджвання тварагу.

ПАЛЯВАННЕ, РЫБАЦТВА, ЗБІРАЛЬНІЦТВА

У лясах i на балотах, якімі так багата наша зямля, у бронзавым веку было мноства дзічыны, у азёрах i рэках — рыбы. Паколькі земляробства i жывёлагадоўля ў той час яшчэ не маглі задаволіць усе патрэбы ў харчаванні першабытнага чалавека, значную ўвагу ён удзяляў традыцыйным заняткам — паляванню, рыбацтву i збіральніцтву.

Відаць, асноўнай паляўнічай зброяй былі лукі i стрэлы. Для палявання на буйнога звера — тура, зубра, лася, аленя, дзіка — ужываліся таксама дзіды i сякеры. Кінжалы былі дапаможнай паляўнічай зброяй. Пры паляванні скарыстоўвалі i розныя самастрэлы, пасткі, лоўчыя ямы.

Таксама i ў рыбацтве ў параўнанні з папярэдняй эпохай асаблівых якасных змен не адбылося. Рыбу лавілі вудамі, сеткамі, плеценымі з дубцоў або лучынак пасткамі, білі яе гарпунамі. Праўда, самі прылады лоўлі ўдасканаліліся. Рыбацкія касцяныя кручкі набылі тонкія зазубіны i сталі падобнымі на металічныя, з'явіліся медныя кручкі. Зазубні на некаторых касцяных гарпунах падаўжэлі. Даўжэйшымі i шырэйшымі сталі i сеткі. Ужыванне шліфаваных каменных i асабліва бронзавых дрэваапрацоўчых інструментаў дазволіла рабіць лепшыя i больш устойлівыя чаўны, a ў выніку гэтага сталі даступнымі для старажытных рыбакоў любыя глыбіні.

Раскопваючы рэшткі жылля на тарфянікавых стаянках, часам жахаешся таму бруду, які акружаў у старажытнасці чалавека. Падлога літаральна завалена смеццем, абгрызенымі i пашчапанымі косткамі, шалупінамі арэхаў, жалудоў, рыбінай луской. Складваецца ўражанне, што жыллё прыбіралі вельмі рэдка.

Пра тое, што чалавек бронзавага веку, як i яго продак веку каменнага, працягваў займацца збіральніцтвам, а таксама шырока выкарыстоўваў у сваім побыце арганічныя рэчывы з навакольнага асяроддзя, мы ведаем пераважна са знаходак на такіх вось «засмечаных» стаянках.

Значнае месца ў харчаванні старажытных людзей займалі жалуды. Ды яшчэ i ў нядаўні час жыхары Еўропы галоднымі гадамі дамешвалі жалудовую муку ў хлеб, як i тоўчаную хваёвую i бярозавую кару, У некаторых частках Паўночнай Еўропы жалудовая мука ўжывалася для выпечкі хлеба ажно да XIX стагоддзя i была ва ўсе сярэднія вякі шырока вядома як дабаўка да аржаной мукі. Жалуды па сваіх спажыўных якасцях не ўступалі ячменю. Напрыклад, кілаграм ячменю ўтрымлівае 65 грамаў бялку i 18 грамаў тлушчу, a сухія ачышчаныя жалуды — адпаведна 45 i 40 грамаў.

Шырока ўжываліся ў ежу i іншыя дзікарослыя расліны i ix часткі — грыбы, ягады, карані, лісце. У культурных пластах тарфянікавых стаянак Беларусі сустракаецца асабліва шмат шалупін лясных i вадзяных арэхаў. Вадзяныя арэхі, напрыклад, нават у Старажытным Егіпце лічыліся ласункам.

Ужываўся ў харч i мёд. У Даніі ў адным з пахаванняў на сценках знойдзенай берасцянай пасудзіны меліся рэшткі мёду, дамешанага ў журавінавае віно. Воск у бронзавым веку ўжываўся ў бронзаліцейнай справе. Сведчанняў, што чалавек гэтага часу наўмысна разводзіў пчол, няма. Мусіць, на першым часе хапала мёду i воску i ад дзікіх лясных пчол.

Неабходная чалавечаму арганізму соль паступала з мясам. Там, дзе гэта было можна, чалавек бронзавага веку стараўся соль здабыць з зямлі або мора. Так, ва ўсходніх Альпах знойдзены познебронзавыя солездабываючыя шахты. На берагах мораў соль выпарвалі.