Нашымі продкамі шырока скарыстоўвалася кара дрэў. Лістамі бяросты накрываліся стрэхі жылля, высцілалася падлога, з яе рабілася рознае начынне, ёю, нарэшце, носьбіты некаторых культураў (сярэднедняпроўскай) высцілалі дно магільных ям, у якіх хавалі сваіх нябожчыкаў-суродзічаў. З той жа бярозавай кары здабывалі клеепадобны дзёгаць, якім замазваліся трэшчыны на гліняных гаршках, шчыліны ў берасцяным посудзе, замацоўвалі ў драўляных i касцяных дзяржальнах каменныя прылады. Ca скручаных берасцяных стужак рабілі паплаўкі для сетак. Добрыя непатапляльныя паплаўкі атрымліваліся i з хваёвай кары. Часта скарыстоўвалася i кара іншых парод дрэў, у прыватнасці ліпы.
У бронзавым веку значна развілася дрэваапрацоўчая справа, бо бронзавымі прыладамі больш паспяхова, чым каменнымі, можна было высякаць у дрэве пазы i мацавальныя шыпы. Гэта дапамагала мацней i шчыльней змацоўваць паміж сабой розныя кавалкі дрэва i будаваць трывалейшае жыллё, чаўны, вырабляць рэчы хатняга побыту.
Тое-сёе вядома i пра вопратку i абутак гэтага часу. Калі вырошчвалі лён i ўмелі ткаць тканіну, то несумненна, што i вопратка была льняная. Рэшткаў вопраткі беларускім археолагам пакуль што не трапілася, але, напрыклад, выяўлена, што рудакопы на тэрыторыі Аўстрыі мелі скураныя безрукаўкі. У дубовых трунах у Даніі захаваліся скураныя чобаты, па верхнім краі якіх праз адтуліны былі працягнуты скураныя раменьчыкі, якімі абутак мацаваўся да нагі. На тарфянікавых помніках Еўропы сустракаюцца яшчэ неалітычныя скураныя, часам нават арнаментаваныя, ножны для кінжалаў. Скуранымі былі ножны кінжалаў i мячоў, а таксама чахлы для металічных сякераў i ў бронзавым веку.
З рогаў i костак выраблялі дзяржальны нажоў i кінжалаў, сярпоў, чарпакі, пасудзіны для пітва, духавыя музычйыя інструменты.
Яшчэ мезалітычнаму чалавеку Еўропы былі вядомы сані, на якіх перавозілі па снезе розныя грузы, у тым ліку i тушы ўпаляваных звяроў. Прыстасаванні для перацягвання цяжараў меліся i ў стэпавых i пустынных раёнах. Перад III тысячагоддзем да н. э. у Егіпце i Пярэдняй Азіі да гэтых прыстасаванняў прымацавалі кола — атрымаўся, хоць яшчэ i прымітыўны, воз. Воз на Крыце, мяркуючы па тагачасных малюнках, з'явіўся каля 2000 гадоў да н. э., у мацерыковай Грэцыі — пасля 1600 года, у Швецыі — пасля 1400 года да н. э. А вось у Цэнтральнай i Паўднёвай Афрыцы, у Амерыцы i Аўстраліі тубыльцы пазнаёміліся з колам толькі пасля з'яўлення там еўрапейцаў.
Запрогшы вала або каня ў воз (і ў плуг таксама), першабытны чалавек вызваліў частку сваёй сілы i часу для іншых заняткаў, для далейшага ўдасканальвання прыладаў працы, для новых адкрыццяў.
ПРАДЗЕННЕ I ТКАЦТВА
Першыя ніткі, відаць, спрабавалі скручваць проста рукамі, але толькі вынаходніцтва верацяна дазволіла атрымліваць доўгую i роўную нітку. Верацёны ў асноўным былі такія ж, якімі яшчэ карысталіся ў вёсках нашы бабулі. Яны мелі выгляд завостранага ўверсе драўлянага стрыжанька, унізе якога насаджваўся драўляны, каменны або гліняны дыск-праселка, які з'яўляўся махавічком i надаваў верацяну большую вярчальную інерцыю. На стаянках тшцінецкай культуры Беларусі праселкі ўжо сустракаюцца. Яны гліняныя i маюць характэрную рагатую форму.
Ніткі пралі з ільняной кудзелі i воўны. У абломку венца аднаго яшчэ позненеалітычнага гаршка з Панямоння быў заўважаны адбітак тоўстай ніткі, закатанай у гліну ў час вылепкі пасудзіны. Па адбітку відаць, што нітка была зроблена з воўны.
Моцныя ніткі былі неабходны для сшывання скураной вопраткі, але яны ў асноўным прызначаліся, каб ткаць тканіну.
У Заходняй Беларусі на позненеалітычных стаянках зрэдку сустракаюцца гліняныя чарапкі, аздобленыя выразнымі адбіткамі грубай тканіны. Гэта бясспрэчнае сведчанне ткацтва ўжо ў дадзены час.
Відавочна, што ў бронзавым веку ткацтва развівалася далей i ўдасканальвалася.
Плесці можна з паскаў мяккай сырой кары, з дубцоў, каранёў, нават з вяровак, але з нітак вельмі нязручна, таму для атрымання тканіны існаваў нейкі больш дасканалы метад, чым пляценне. Этнаграфічныя назіранні паказваюць, што першабытныя народы нядаўняга мінулага, якія знаходзіліся прыблізна на ўзроўні нашых жыхароў з бронзавага веку, ужо былі знаёмыя з прымітыўным ткацтвам з дапамогай адпаведнай рамы. З цягам часу рама ўдасканалілася так, што стала магчымым атрымліваць тканіну з рознымі спосабамі перапляцення. Кавалкі такіх тканін археолагі зрэдку знаходзяць на тарфянікавых стаянках.
Тканіна на такіх станках пэўна атрымлівалася нешырокімі стужкамі ў 10-15 см, як, напрыклад, у ткацтве некаторых народаў Афрыкі. Стужкі затым сшываліся. Нітка, верагодна, прасоўвалася касцяной або драўлянай іголкай, a прыбівалася да тканіны тонкімі драўлянымі мечападобнымі дошчачкамі, якія сустракаліся на тарфянікавых стаянках.