Выбрать главу

Апрача лёну, а таксама канопляў, крапіва здаўна давала чалавеку матэрыял для ткацтва i служыла яму ў гэтай справе вельмі працяглы час. Падарожнікі мінулага часу апісвалі, як крапіву апрацоўвалі на прадзіва некаторыя народы Сібіры i Далёкага Усходу. Напрыклад, насельніцтва, што жыло на берагах ракі Об, яшчэ ў пачатку нашага стагоддзя восенню рвала мноства крапівы, якая ў вялікай колькасці расла навокал паселішчаў, вязала ў снапкі i вешала сушыцца на сцены дамоў, Затым ca сцяблін крапівы, папярэдне змачыўшы ix, здзіралі касцянымі або драўлянымі прыладамі знешнюю абалонку. Абалонка апрацоўвалася ў драўляных мялках, трапалася або мялася паміж далонямі. Атрыманую такім чынам крапіўную кудзелю пралі на драўляных прасніцах. У XVIII ст. жыхары Камчаткі, каб атрымаць ніткі для пляцення сетак, сцябліны крапівы жавалі зубамі i толькі затым здзіралі з ix абалонку вострымі птушынымі костачкамі, a ніткі сукалі рукамі. Але нават сярод цывілізаваных народаў Цэнтральнай Еўропы яшчэ ў нядаўні час высока цанілася надзвычай тонкае палатно з крапівы.

У бронзавым веку было шырока вядома так званае стужкавае пляценне, калі стужка са скуры, кары або плеценая з валакон крапівы ці лёну, згіналася па спіралі i сшывалася. Такім чынам можна было вырабляць самыя розныя пасудзіны. Практыкавалася i пляценне цыновак-матаў. Ёсць археалагічныя сведчанні, што ў канцы бронзавага веку распаўсюдзілася i пляценне з тонкіх лазовых дубцоў.

ГРАМАДСКІ ЛАД. МАЁМАСНАЯ НЯРОЎНАСЦЬ

У бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі працягваў існаваць першабытна абшчынны лад, аднак развіццё земляробства i жывёлагадоўлі, пачатак апрацоўкі металаў, далейшае распаўсюджванне абмену выклікалі значныя змены ў грамадскім жыцці, якія выявіліся ў першую чаргу ў складванні i развіцці патрыярхальных адносін у родзе, у парушэнні былой маёмаснай роўнасці, калi ў руках асобных родаў або нават сем'яў канцэнтраваліся багацці.

Лічыцца, што жывёлагадоўля развілася з палявання, калі раненых звяроў або ix дзіцянят прыносілі ў паселішчы i там прыручалі. Затым перайшлі i да мэтанакіраванага развядзення жывёл у хатніх умовах, выгадаваўшы з цягам часу ix свойскія пароды. Такім шляхам мужчына-паляўнічы адначасова станавіўся i жывёлаводам. Прымітыўнае земляробства ўзнікла са збіральніцтва пладоў i насення дзікіх раслін, якім займаліся пераважна жанчыны.

Але з далейшым развіццём земляробства, асабліва ляднага, калі была неабходна мужчынская сіла пры высякайні лесу i пры ўзворванні i баранаванні глебы з дапамогай прыручанага i выгадаванага мужчынам вала, значэнне мужчыны i ў гэтым важнейшым гаспадарчым занятку першабытнага чалавека было надзвычай вялікае. Выплаўка меднай руды i выраб металічных рэчаў узніклі, як мы ужо ведаем, у пэўнай ступені з крэмнездабываючай справы — занятку зноў жа мужчынскага. Адпаведна гэтаму i першымі металургамі, што пацвярджаюць i матэрыялы пахаванняў, сталі мужчыны.

Жывёлагадоўля i земляробства часам давалі лішкі прадуктаў, якія можна было абмяняць на што-небудзь іншае з іншапляменнікамі. Тым больш для абмену надаваліся металічныя вырабы. Усё гэта прывяло да таго, што мужчына i ў справе абмену адыгрываў значную ролю. A ўспомнім яшчэ паляванне — занятак амаль выключна мужчынскі, ды i рыбалоўства, a калі тут яшчэ дадаць абарону жыцця i маёмасці членаў роду ад непрыяцельскіх пасягненняў, то куды ні кінь — а без мужчыны не абысціся. Такім чынам, мы бачым, што ў бронзавым веку надзвычай вырасла роля мужчыны ў жыцці роду i племені. Канешне, у пэўнай ступені вырасла i значэнне жанчыны, але яе асноўныя намаганні цяпер накіроўваліся на хатнія справы. Праўда, без жаночых рук не магло абыходзіцца збіральніцтва. З развіццём тых жа земляробства i жывёлагадоўлі ў абавязкі жанчыны дабавіліся захоўванне i размол зерня, даенне кароў, авечак i коз, гатаванне ў гаршках разнастайнай мясной i расліннай ежы, прадзенне, ткацтва i шыццё вопраткі з тканіны. На плячах жанчыны ляжаў асноўны клопат па вырошчванню i выхаванню дзяцей. Нарэшце жанчына выконвала важнейшую функцыю ў прадаўжэнні роду — нараджала дзяцей. I ўсё ж у бронзавым веку лёс дабрабыту роду, а часам нават i яго існаванне залежалі ў першую чаргу ад заняткаў мужчынскіх.

Адпаведна з ростам гаспадарчага значэння мужчыны вырастала яго роля ў жыцці грамадскім. Асноўная ўлада ў родзе i племені пераходзіць да мужчын. Яны пачынаюць адыгрываць асноўную ролю як члены рады старэйшын, як военачальнікі, светары, вандроўныя купцы.