Выбрать главу

* * *

На стаянцы Асавец IІ знойдзены абломкі выразна прафіляванага гаршка, аздобленага na шыйцы частымі гарызантальнымі паскамі адбіткаў абматакага шнура. Ніжэй гэтага арнаменту на пукатым корпусе гаршка кароткімі адбіткамі таго ж шнура былі выгравіраваны дзьве чалавечыя постаці. Адна выява захавалася амаль поўнасцю, ад другой засталіся толькі галава i рука. Фігуры схематычныя, аднак яны даволі ўдала перадаюць абрысы чалавечага цела — галава, шырокія мужчынскія плечы, сагнутыя ў локцях рукі, торс. Асавецкая знаходка не адзіная на нашай: тэрыторыі. Выява чалавека i качкі знойдзена на неалітычным гаршку з Юравіч Калінкавіцкага раёна. Манера i стыль паказу чалавечых выяў на гэтых знаходках паміж сабой падобныя. Відаць, i ў эпоху бронзы захаваліся i далей развіваліся даўнія мастацкія традыцыі.

Прымаючы пад увагу, што паўночнабеларуская культура дасягнула свайго росквіту ў бронзавым веку, шмат якія знаходкі мастацкіх вырабаў гэтага перыяду на тарфянікавых стаянках Віцебшчыны—драўляныя i касцяныя выявы людзей, звяроў i птушак — могуць датавацца бронзавым векам.

СВЕТАПОГЛЯД

Рэлігія ў бронзавым веку, як i ва ўсе першабытныя часы, грунтавалася на анімізме — веры ў існаванне духаў i душ, волі якіх нібыта падлягаюць усе навакольныя прадметы i з'явы. Важнае месца ў такіх уяўленнях займаў культ продкаў. Найбольш яскрава гэта вера ў духоўнае праяўлялася у пахавальных абрадах. Нашы продкі верылі, што i пасля смерці людзі будуць жыць «на тым свеце», паляваць на дзічыну, лавіць рыбу, займацца земляробствам i жывёлагадоўляй, вырабляць крамянёвыя i каменныя прылады працы, плавіць медзь i бронзу, мужчыны — ваяваць, жанчыны — займацца хатняй гаспадаркай i гатаваннём стравы. Карацей кажучы, уяўлялася, што смерць — гэта як бы працяг зямнога жыцця ў новай форме. Таму нябожчыкаў клалі ў магільныя ямы ў позе сну — скурчанымі i на адным з бакоў, побач складалі разнастайныя рэчы — прылады працы, зброю, глінянае начынне з ежай, упрыгожанні. Нават ставіліся ў магілах разнастайныя збудаванні, якія былі падобны на жыллё. Лічылася, што, перайшоўшы ў свет духаў, душа памёршага можа дапамагаць або шкодзіць жывым суродзічам. Таму яе стараліся задобрыць рознымі дарункамі, магічнымі рытуаламі. Асабліва знатныя члены роду (правадыры, славутыя воіны) пасля смерці, на думку тагачасных людзей, станавіліся духамі-ахоўнікамі цэлага роду або племені.

Пра існаванне культа продкаў сведчаць не толькі пахаванні, але i выявы людзей на кераміцы, статуэткі.

Займаючыся земляробствам, разводзячы свойскую жывёлу, чалавек меў большую магчымасць непасрэдна назіраць разнастайныя працэсы i з'явы, у прыватнасці рост i размнажэнне жывых істот i раслін. Відаць, асабліва цікавілі i ўзрушалі загадкавыя з'явы нараджэння i смерці. Вырастанне раслін з зярняці ўспрымалася як уваскрашэнне да новага жыцця. Пры тым была заўважана непарыўная сувязь развіцця жывёльнага i расліннага свету з нябеснымі з'явамі— кожную раніцу нараджалася i як бы памірала вечарам сонца — крыніца святла i цяпла, без якога не магло існаваць жывое; усё вышэй падымалася сонца i даўжэй яно затрымлівалася на небе — цяплела, таялі снягі, ажывала прырода, i наадварот, калі ўсё меншую дугу апісвала нябеснае свяціла — карацеў дзень, халадала, затым наступала зіма i як бы смерць прыроды. Такія ж сувязі шукалі першабытныя людзі паміж становішчам іншых нябесных свяцілаў — Месяца i сузор'яў — i з'явамі ў наваколлі.

З часам узнік культ Сонца як вярхоўнага боства, якому падуладна ўсё існае, у тым ліку i розныя меншыя боствы i духі. Ад культа Сонца быў неадрыўны i культ агню як зямнога ўвасаблення нябеснага свяціла. Відаць, важную ролю ў з'яўленні культу агню магло адыграць i выпальванне ўчасткаў лесу пад поле, калі было заўважана, як агонь, знішчаючы лес, быццам даваў жыццё зярнятам, кінутым у попел.

Сведчанні культа Сонца i агню мы сустракаем ледзь не ў кожным пахаванні. Гэта i падсыпка попелу на дно магіл, i звычай пасыпаць у некаторых выпадках нябожчыкаў охрай, i памінальныя вогнішчы над магіламі, i арыенціроўка значнай часткі нябожчыкаў галавой на заходзячае сонца або тварам да сонца, на гліняных вырабах часта сустракаюцца сімвалічныя выявы нябесных свяцілаў, асабліва Сонца,— так званыя салярныя знакі, сярод якіх найчасцей мы бачым кругі з крыжападобнымі фігурамі, радыяльнымі лініямі ад цэнтраў кругоў, свастыкі.

Шаманы вядомы былі нават сярод найбольш прымітыўных народаў свету. Яны, пэўна, існавалі i ледзь не праз увесь каменны век. Роля такіх светароў, якія служылі «звязваючым звяном» паміж чалавекам i светам звышнатуральных сіл, у бронзавым веку надзвычай вырасла. З'явіліся нават шаманскія пахаванні. Пра афармленне рэлігіі ў бронзавым веку як пра складаную сістэму паняццяў i рытуалаў сведчаць i знаходкі спецыяльных культавых збудаванняў.