З уяўленнем пра ачышчальную жыватворную сілу агню i сонца пэўна звязана i з'яўленне звычаю спальвання нябожчыкаў. Абрад трупаспальвання ўзнік яшчэ ў ІІІ тысячагоддзі да н. э. у Месапатаміі. Другім яго цэнтрам стала Індыя. З часам гэты звычай пранік i ў Еўропу. На тэрыторыі Беларусі ён стаў вядомы яшчэ ў канцы існавання сярэднедняпроўскай культуры, a ў сярэдняй бронзе гэты звычай распаўсюдзіўся сярод плямёнаў сосніцкай i тшцінецкай культуры.
Некаторыя вучоныя лічаць, што распаўсюджанне абраду трупаспальвання на такіх велізарных тэрыторыях сведчыць аб узнікненні першай сусветнай рэлігіі сонцапаклоннікаў.
У бронзавым веку працягвала існаваць i вера ў роднасную сувязь людзей з пэўнымі відамі жывёл i раслін, з прадметамі — татэмізм.
Шмат якім рэчам чалавек бронзавага веку надаваў звышнатуральныя ўласцівасці. Такімі фетышамі — абярогамі — пэўна былі каралі з зубоў жывёл, зубы мядзведзя, бурштынавыя вырабы і, магчыма, медныя аздабленні. Але адначасова ўсе медныя, касцяныя, бурштынавыя i металічныя ўпрыгожанні мусіць у першую чаргу ўсё ж служылі задавальненню эстэтычных запатрабаванняў першабытнага чалавека. Можна думаць, што ў бронзавым веку зараджаўся i культ баявой сякеры, якая амаль заўсёды клалася нябожчыку ў магілу, часам адмыслова аздаблялася, а некаторыя экземпляры маглі быць рытуальнымі прыладамі або жэзламі — адзнакамі военачальнікаў, старэйшын i, мабыць, светароў.
ПЛЯМЁНЫ I КУЛЬТУРЫ
Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі пачаўся з распаўсюджаннем тут розных культур шнуравой керамікі. У самым пачатку ІІ тысячагоддзя да н. э. шматлікія і, відаць, ваяўнічыя прышэльцы з'явіліся ў Палессі i на Падняпроўі. Некалькі пазней яны праніклі ў басейны Дзвіны i Немана. «Шнуравікі», як ix часам называюць археолагі, карысталіся баявымі каменнымі сякерамі, а свой посуд упрыгожвалі адбіткамі шнура. Іx паселішчы з наземнымі жыллёвымі збудаваннямі размяшчаліся на берегах вадаёмаў. Побач знаходзіліся грунтавыя i курганныя могільнікі.
«Шнуравікі» прыйшлі на тэрыторыі, спрадвеку заселеныя неалітычнымі плямёнамі. I, канечне, на пачатку такое суседства не магло быць мірным, бо ніхто не глядзеў спакойна, калі на яго землях з'яўляліся няпрошаныя чужынцы. I ўсё ж з цягам часу варожасць павінна была змяніцца «мірным суіснаваннем». Гэтаму спрыяла тое, што тубыльцы пераважна займаліся паляваннем, рыбацтвам i збіральніцтвам, а прышэльцы — жывёлагадоўляй i земляробствам. Як бачна, розныя групы насельніцтва цікавілі розныя мясціны на адных i тых жа тэрыторыях: нашчадкаў неалітычнага насельніцтва — лясы, балоты i рыбныя вадаёмы, «шнуравікоў»— паплавы i нізкія тэрасы з урадлівымі глебамі i травяністымі лугамі. Праз нейкі час пачаўся культурны ўзаемаўплыў, усталяваліся больш цесныя гаспадарчыя адносіны, людзі радніліся шляхам змешаных шлюбаў. I прыкладна да сярэдзіны II тысячагоддзя да н. э. адбылося канчатковае зліццё рознакультурных плямёнаў. Такім чынам сфарміраваліся сярэднебронзавыя культуры, i ў першую чаргу тшцінецкая i сосніцкая. Гэтаму працэсу спрыяла i тое, што ў XVI-XV стагоддзях да н. э. на паўднёвы ўсход сучаснай тэрыторыі рэспублікі пранікалі з поўдня носьбіты культуры шматвалікавай керамікі.
Плямёны сосніцкай культуры займалі Падняпроўе, а тшцінецкай — Палессе i паўднёвае Панямонне. Гэта насельніцтва было між сабой роднасным i мела ва ўжытку шмат у чым падобныя тыпы керамічных вырабаў, каменных i металічных прыладаў працы, упрыгожанняў.
З павелічэннем колькасці людзей выраслі i памеры паселішчаў, якія ператварыліся ў сапраўдныя вёскі з вуліцамі, забудаванымі пераважна зямлянкамі. Зямлянкі складаліся з двух памяшканняў. У адным з ix размяшчалася кухня з агнішчам, у другім — нізкія глінабітныя сталы, лежакі. Уздоўж сцен зямлянак былі ўкапаны слупы, на якіх мацаваліся сцены, складзеныя з драўляных плашчакоў i тонкіх бярвенцаў. Слупамі падтрымліваліся i двухсхільныя стрэхі.
Побач з жылымі зямлянкамі знаходзіліся наземныя збудаванні, у якіх, напэўна, захоўваліся сена, салома, рыбацкія сеткі i розны гаспадарчы рыштунак. Халодным часам у ix, магчыма, трымалі i жывёлу. Шматлікія ямы на паселішчах служылі сметнікамі, а некаторыя — кладоўкамі для зерня, жалудоў, арэхаў i іншых харчовых прыпасаў.