Выбрать главу

Зямлянку, гаспадарчую пабудову i размешчаныя побач ямы абкружала агароджа, якой двор аддзяляўся ад суседняга.

Сустракаюцца на паселішчах сярэднебронзавага часу i культавыя збудаванні — бажніцы, у якіх маліліся, а часам i хавалі нябожчыкаў.

Могільнікі тшцінецкага i сосніцкага насельніцтва археолагі знаходзяць воддаль ад паселішчаў на краях тэрас або на прырэчных схілах узгоркаў. Могільнікі былі розных тыпаў: курганныя з трупаспаленнямі або трупаскладаннямі, грунтавыя бескурганныя з трупаспаленнямі.

Зараз вызначана, што плямёны сярэднебронзавага часу ў паўднёвай i цэнтральнай Беларусі існавалі ўсю другую палову II тысячагоддзя да н. э.

Гаворачы пра этнічную прыналежнасць носьбітаў тшцінецкай культуры, некаторыя даследчыкі зыходзяць з тых меркаванняў, што славянамоўны масіў складваўся дзесьці ў II тысячагоддзі да н. э. на велізарнай тэрыторыі паміж Эльбай i сярэднім цячэннем Дняпра. Якраз тут і менавіта ў гэты час i была распаўсюджана тшцінецкая культура. Значыць, на ix думку, яе носьбіты i з'яўляюцца самымі старажытнымі славянамі. Больш асцярожныя называюць тшцінецкую культуру праславянскай, гэта значыць той, з якой узнікла непасрэдна славянская культура.

У самым канцы II тысячагоддзя да н. э. на гэрыторыю сучаснай Брэстчыны з захаду пранікла новае насельніцтва, культуру якога археолагі ўмоўна назвалі лужыцкай. Гаспадарка лужыцкіх плямёнаў грунтавалася на земляробстве i жывёлагадоўлі. Зямля ўзворвалася драўляным ралам. Мясцовыя плавільшчыкі з прывознай сыравіны выраблялі даволі шматлікія медныя i бронзавыя рэчы — сякеры, наканечнікі дзідаў i стрэлаў, сярпы, шылы, долаты, упрыгожанні. Вядомы былі нават бронзавыя брытвы.

Лужычане існавалі працяглы час. Росквіт ix культуры прыпадае на наступную эпоху — ранні жалезны век.

КАНЕЦ БРОНЗАВАГА ВЕКУ

Сталася так, што позні бронзавы век на тэрыторыі Беларусі застаўся найменш даследаваным. Матэрыялы гэтага часу траплялі ў рукі археолагаў пераважна выпадкова ў час раскопак іншачасовых помнікаў.

Пры раскопках позненеалітычнай i раннебронзавай стаянак на левым, нізкім беразе Немана ля вёскі Латышы Дзятлаўскага раёна сустрэліся гліняныя чарапкі ад моцна абпаленага пласкадоннага гаршка слоікападобнай формы. Паверхня пасудзіны была спрэс заштрыхавана. Такія ж чарапкі з штрыхаванай паверхняй былі знойдзены на Лебядзе — правабярэжным прытоку Немана ля вёскі Мацеўчукі Шчучынскага раёна. Шмат такіх матэрыялаў выяўлена ў Мядзельскім i Вілейскім раёнах ля вёсак Малмыгі на Віліі, Занарачча i Мікольцы на возеры Нарач, ля Навасёлак на Кублі, якая ля вёскі Круці ўпадае ў возера Баторын.

Падобная, толькі значна грубейшая кераміка спрэс сустракаецца ў наступную пасля бронзавага веку эпоху. У раннім жалезным веку яна існавала ў Цэнтральнай i Паўночна-Заходняй Беларусі.

Ва ўрочышчы Плітніца ля вёскі Нача Воранаўскага раёна ў самым канцы XIX стагоддзя было раскапана пахаванне з трупаспаленнем, якое знаходзілася ў невялікай, абкладзенай камянямі яме. У яме меліся рэшткі шасці пласкадонных гаршкоў. Адзін з ix быў арнаментаваны пад брыжам паскам ca свастык i ix элементаў. Гэта самыя старажытныя на нашай тэрыторыі выявы свастыкі, архаічнага індаеўрапейскага сімвала агню i сонца. Сімвала, так апаганенага ў навейшы час фашысцкімі нелюдзямі.

У пачатку XX стагоддзя В. Шукевіч даследаваў ля той жа Начы ва ўрочышчы Ланкішкі другі грунтавы могільнік, у якім выявіў больш за 80 пахаванняў. Пахаванні былі зроблены ў даволі вялікіх ямах, выкладзеных камянямі. Ямы ўтрымлівалі пераважна трупаспаленні, Не спаленыя шкілеты ляжалі толькі ў трох ямах. Разам з шкілетамі знойдзены гліняныя пасудзіны, расшчапаныя крамяні, невялікае бронзавае кольца. У пахаваннях з трупаспаленнем былі пасудзіны i каменныя вырабы.

Пахаванні ў Плітніцы i Ланкішках таксама адносяцца да позняга бронзавага веку, але культурную прыналежнасць ix пакуль што вызначыць цяжка.

Бронзавы век на нашай тэрыторыі даследаваны яшчэ недастаткова. Вучоныя рыдлёўкамі, нажом i пэндзлем адкрываюць з-пад пылу тысячагоддзяў усё новыя сляды жыццядзейнасці нашых далёкіх продкаў, рэшткі ix своеасаблівай i багатай матэрыяльнай культуры i сведчанні развітой культуры духоўнай. Будучыня прынясе новыя адкрыцці, якія дазволяць напісаць яшчэ не адну цікавую старонку гісторыі вельмі далёкіх ад нас пакаленняў.