Выбрать главу

МЕДНЫЯ I БРОНЗАВЫЯ ВЫРАБЫ

Большасць тэрыторыі Беларусі была надзвычай багатая высакаякасным крэменем, прыдатным для вырабу дасканалых прыладаў працы i зброі. Яны ў некаторым сэнсе не ўступалі прывазным бронзавым i асабліва медным рэчам. Таму, мусіць, у пачатку бронзавага веку метал пераважна ішоў на выраб упрыгожанняў — бранзалетаў, дыядэм, грыўняў, пярсцёнкаў, шпілек, розных караляў. У гэтай справе, дзякуючы сваёй гнуткасці i цудоўнаму металічнаму бляску, i медзь i бронза сталі для старажытных «моднікаў» i «модніц» незаменнымі. Адзначым, што i ў наступныя эпохі, калі ўжо было вынайдзена жалеза, медныя i бронзавыя ўпрыгожанні былі распаўсюджаны надзвычай шырока. Адсюль лёгка зразумець i паходжанне слова «бранзалет».

Старажытны чалавек хутка здагадаўся, што бронза добра надаецца для вырабу прыладаў працы i зброі, бо з яе шляхам кавання i вастрэння можна было атрымліваць надзвычай вострыя лёзы.

Першыя металічныя прылады былі плоскія, яны прыйшлі на змену прыладам з каменным узорам. Спачатку вырабляліся розныя шылы, плоскія сякеры i долаты, нажы, рыбацкія кручкі. Затым з'явіліся плоскія сякеры з закраінамі на два бакі — пальштабы. Больш дасканалы тып сякераў — кельт з адтулінай для дзяржальна, перпендыкулярнай лязу, i невялікім вушкам, да якога прывязвалася дзяржальна. Былі вядомы i розныя тыпы сякераў з бакавымі адтулінамі для дзяржальнаў, паралельнымі лязу.

Калі сякеры адначасова маглі з'яўляцца прыладамі працы i зброяй, дык наканечнікі дзідаў, якія адліваліся з утулкамі для насаджвання на дрэўка, розныя кінжалы i мячы чалавекам ужываліся на паляванні і, відаць, пераважна ў час ваенных сутычак. У пазнейшы перыяд бронзавага веку пашыраецца асартымент бронзавых прыладаў працы — з'яўляюцца ўтульчатыя долаты, стамескі, цяслы, малаткі i кіркі, свердзелы, сярпы.

Бліжэйшыя месцы першабытнай металургіі існавалі ў Прыкарпацці, амаль за паўтысячы кіламетраў ад тэрыторыі Беларусі, а гэта па тым часе было вельмі далека. Траплялі да нас медзь i бронза i з яшчэ болыи далёкага Каўказа i нават ca Скандынавіі. Па гэтых прычынах нашы далёкія продкі з бронзавага веку металічных вырабаў мелі няшмат. Былі яны вельмі дарагія, ix гублялі, відаць, толькі ў выключных выпадках; сапсаваныя ж рэчы не выкідалі, а пераплаўлялі.

Беларускім археолагам на тэрыторыі сваёй рэспублікі пакуль што вядома толькі каля 50 месцазнаходжанняў медных i бронзавых вырабаў, якія датуюцца бронзавым векам. Большасць знаходак была выяўлена выпадкова пад час розных земляных работ i пэўна паходзіць з разбураных тагачасных пахаванняў.

Першыя металічныя вырабы бронзавага веку на тэрыторыі Беларусі знойдзены яшчэ ў дарэвалюцыйную пару. Так, медная сякера выарана ля Мікасецка на Мядзельшчыне, дзве плоскія сякеры паднялі ля Кухціч на Уздзеншчыне, медны наканечнік дзіды — ля вёскі Буды (цяпер Смалявіцкі раён), бронзавы нож — ля Шылавіч на Шчары. Яшчэ ў 1889 г. сякеру-кельт знайшлі дзесьці ў былым Ігуменскім павеце (ігумен — цяпер горад Чэрвень), падобная сякера паходзіць i з былога Бзрысаўскага павета. У Навагрудку адкапалі нават бронзавы меч.

Другі бронзавы меч знайшлі ў час ворыва ля вёскі Жабчыцы Пінскага раёна.

Некаторыя металічныя знаходкі сустрэліся i ў. час раскопак старажытных пахаванняў: невялікая медная сякера ля вёскі Чэрцы на Лепельшчыне, бронзавыя сякеркі ля вёскі Чорная Лужа непадалёку ад Свірскага возера, медны серп з магілы ва ўрочышчы Вітаў Лог дзесьці на Міншчыне (на жаль, пакуль што археолагам невядома, ля якой вёскі знаходзіўся гэты Лог).

У пачатку нашага стагоддзя пад Мінскам быў знойдзены скарб бронзавых вырабаў, у якім меліся два кельты так званага меларскага тыпу. Яны датуюцца познім бронзавым векам i паходзяць, верагодна, ca Скандынавіі. Сякера падобнага тыпу знойдзена i ля вёскі Курган (цяпер Мінскага раёна).

У гады першай сусветнай i грамадзянскай войнаў вучоным было не да пошукаў. Але ўжо ў 20-я гады ў музеі i навуковыя ўстановы Савецкай Беларусі зноў пачынаюць паступаць знаходкі бронзавага веку. Гэта было не выпадкова, бо менавіта ў 20-я гады дасюль нябачанымі тэмпамі пачалі развівацца беларуская археалогія, краязнаўства, узнікалі шматлікія музеі, паўсюдна ствараліся краязнаўчыя гурткі, перыядычны друк пастаянна ўдзяляў увагу помнікам старажытнай культуры.