Выбрать главу

У 1920 г. ля вёскі Прысна Веткаўскага раёна ва ўрочышчы Вузенькія ў час ворыва быў знойдзены абломак сякеры i дастаўлены пазней у Мінск, у Беларускі дзяржаўны музей. Сякера была тоўстая, разламаная па адтуліне. Захавалася толькі прылёзавая частка даўжынёй 5 см. Паверхня гэтай часткі была пакрыта паралельнымі нарэзкамі, якія па спіралі абвівалі корпус знаходкі.

Ля вёскі Смолькаўская Буда Касцюковіцкага раёна ў 1925 г. на беразе рэчкі Рэкты трапілася цэлая бронзавая сякера. Яна ўяўляла сабой кельт даўжынёй амаль 10 см з крыху пашкоджанай абушковай часткай, на якой вышэй вушка захаваўся адзін рэльефны валік. Захаваліся i невыразныя сляды падоўжных баразёнак на лязе, якія дапаўнялі арнаментацыю вырабу.

Трэцяя медная знаходка трапілася пастушкам у 1927 г. паміж горадам Новым Быхавам i пасёлкам Пакусіна. Гэта быў пальштаб з выпуклым лязом i характэрнымі выступаючымі закраінамі.

У 1929 г. ля вёскі Прудзішча Смалявіцкага раёна на ворным полі «Глінішча» была знойдзена сякера-кельт з арнаментаваным краем.

Прыкладна ў гэтым жа дзесяцігоддзі на Лепельшчыне трапіўся яшчэ адзін кельт з выразным кальцавым валікам на абушку i рэльефнымірэбрамі на лязе.

У розныя часы на тэрыторыі Беларусі былі знойдзены i іншыя медныя i бронзавыя рэчы: бронзавы пальштаб ля Пінска, плоская сякера ля Вікарэвіч Столінскага раёна, меднае долата ля Барысаўшчыны Хойніцкага раёна, бронзавы пальштаб у Навагрудку, падобная ж сякера ля вёскі Калічонкі Клічаўскага раёна, медны наканечнік дзіды ля вёскі Буда Бялыніцкага раёна. Амаль такія ж знаходкі сустрэліся ля Збуніна Брэсцкага раёна, Антопаля Драгічынскага i Забулля Івацэвіцкага раёнаў.

Часам знаходзілі не толькі зброю i прылады працы, але i медныя ўпрыгожанні — бранзалеты, пярсцёнкі.

Верагодна, што медных i бронзавых рэчаў на нашай тэрыторыі было знойдзена больш, але на некаторыя з ix на месцах не звярнулі ўвагі, не паведамілі пра гэта ў адпаведныя ўстановы, i каштоўныя для нашай навукі і культуры рэчы зноў страціліся.

Апошнім часам, калі ў Беларусі больш інтэнсіўна сталі вывучацца помнікі бронзавага веку, металічныя рэчы пачалі часцей знаходзіць i пад час археалагічных раскопак старажытных паселішчаў i асабліва могільнікаў. У Магілёўскай i Гомельскай абласцях у пахаваннях раннебронзавай сярэднедняпроўскай культуры сабраны амаль тры дзесяткі медных i бронзавых вырабаў. Гэта нажы, шылы, цясла, сякеры, наканечнік дзіды, дыядэмы, грыўні, падвескі, бранзалеты, скроневыя кольцы. Трапілася плоская сякера i пры раскопках паселішча бронзавага веку ля вёскі Кастыкі на Віліі.

Металічныя рэчы ў бронзавым веку вядомы былі i насельніцтву суседніх тэрыторый. У паўднёва-ўсходніх, прылеглых да Беларусі раёнах Літвы знойдзены пальштабы, кельты, наканечнікі дзідаў, шпілька з вялікай спіральнай галоўкай. Усяго ж у Літве вядома каля 100 мясцін з такімі знаходкамі. Пры тым большасць ix на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, куды яны траплялі ў абмен на мясцовы бурштын.

Медныя i бронзавыя вырабы ўжыаалі i старажытныя плямёны на тэрыторыі Латвіі. Сярод знаходак бронзавага веку тут выяўлены сякеры з закраінамі i шырокімі паўкруглымі лёзамі, доўгія абушковыя сякеры з адтулінамі для дзяржальна, шырокія манжэтападобныя бранзалеты, сярпы.

Некалькі кельтаў знойдзена на Смаленшчыне. Далей на ўсход колькасць бронзавых знаходак значна павялічваецца, асабліва на помніках так званай фацьянаўскай культуры. Мясцовае насельніцтва мела ўласную медную сыравіну, якую здабывала на Сярэдняй Волзе.

Багацей, чым у Беларусі, прадстаўлены металы бронзавага веку ў паўночнай частцы Украіны, бо адсюль было даволі блізка да Прыкарпацкіх цэнтраў старажытнай металургіі. Толькі з мясцовых помнікаў сярэднебронзавай тшцінецкай культуры вядома больш за сотню знаходак, сярод якіх пераважная колькасць — упрыгожанні.

У прылягаючых да Беларусі паўночна-ўсходніх раёнах Польшчы знаходак з бронзы адносна мала. Але i тут у пачатку нашага стагоддзя ля Калінаўкі Касцельнай на Беласточчыне быў знойдзены багаты скарб з 46 кельтаў, абушковай сякеры з адтулінай i двух бранзалетаў.

КРАМЯНЁВЫЯ ПРЫЛАДЫ

У бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі, як i на суседніх землях, металічныя прылады не выцеснілі каменных. Наадварот, у гэты час апрацоўка каменных вырабаў дасягнула найвышэйшай дасканаласці, i многія з ix (шліфаваныя баявыя сякеры, кінжалы, наканечнікі дзідаў) уражваюць нас гарманічнасцю формы i майстэрствам выканання.

У новую эпоху пераважна ўжываліся тыя ж каменныя прылады, якія былі распаўсюджаны i ў новакаменным веку — неаліце. Праўда, некаторыя вырабы набылі іншыя формы, з'явіліся i новыя тыпы, такія, як свідраваныя матыкі i сякеры, булавы, крамянёвыя выгнутыя сярпы.