Выбрать главу

У бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі новым тыпам сякераў сталі каменныя свідраваныя сякеры, зашліфаваныя i нават часам запаліраваныя па ўсёй паверхні. Іx знаходзяць на стаянках i ў пахаваннях, а таксама проста на палях або балотах, на берагах рэк i азёр, дзе яны былі калісьці згублены, I калі разглядаць увогуле ўсе прылады працы бронзавага веку з Беларусі — каменныя, рогавыя, касцяныя, драўляныя,— то найбольшую ўвагу сярод ix звяртаюць на сябе як па дасканаласці апрацоўкі, так i часам па характэрных высокамастацкіх формах, сякеры з прасвідраванымі адтулінамі. На тэрыторыі рэспублікі археолагі зафіксавалі каля 2 тыс. такіх знаходак. A колькі яшчэ ix не ўлічана! Бадай, не знойдзеш такога школьнага краязнаўчага музея або нават кутка, дзе б ні захоўваліся каменныя сякеры, у тым ліку i свідраваныя.

Усе каменныя сякеры з прасвідраванымі адтулінамі, знойдзеныя ў Беларусі, падзяляюцца на некалькі тыпаў.

Сярод ix найбольш клінападобных, у якіх пярэднія i тыльныя вузкія плашчыні прамыя i больш-менш паралельныя. Самі клінападобныя сякеры паміж сабой адрозніваюцца формамі абушкоў — плоскімі, сплошчанымі, прыкругленымі або круглымі. Можна адзначыць i трохвугольныя экземпляры, у якіх найбольшая таўшчыня знаходзіцца на сплошчаным абушку. Але такія знаходкі рэдкія.

Даволі рэдка сустракаюцца сякеры рамбічнай формы або такія ж з усечанай абушковай часткай. Паміж апошнімі i клінападобнымі формамі, асабліва калі ў першых абушковая частка звужаная, часам бывае цяжка вызначыць размежаванне.

Яшчэ адну даволі значную групу складаюць так званыя лопасныя сякеры. Часам ix называюць чоўнападобнымі, бо яны нагадваюць човен у профіль. Лопасці на такіх сякерах фармаваліся на стыку ляза i тыльнай плашчыні, былі кароткімі або доўгімі. Па гэтай адзнацы археолагі падзяляюць лопасныя сякеры на асобныя тыпы. Розняцца паміж сабой гэтыя вырабы i формамі абушкоў. У некаторых лопасных сякераў на пярэдняй плашчыні быў выраблены падоўжны валік — хорда — ад абушка ажно да ляза. Каторы раз яны ўпрыгожваліся i іншымі рэльефнымі злементамі.

Адзінкавымі знаходкамі на нашых помніках прадстаўпены выгнутыя сякеры або экземпляры з грыбападобнымі абушкамі.

Часам сустракаюцца i сякеры малаткападобныя з кароткімі i шырокімі абушкамі.

На некаторых вырабах вакол адтуліны для дзяржальна быў сфармаваны валік. Такія сякеры адносяць да тыпу ўтульчатых.

Для вырабу свідраваных сякераў выбіраліся адпаведныя пароды валуновага каменю — граніты, дыярыты, сіяніты i інш.,— якія знаходзілі ў наваколлі або часам атрымлівалі з суседніх i нават вельмі аддаленых тэрыторый.

Спачатку адпаведна падабраны камень апрацоўваўся на шліфавальнай пліце i паступова набываў патрэбную форму сякеры. Для таго каб шліфавалася хутчэй, на пліту падсыпалі мокры пясок. Пасля таго як сякера была поўнасцю адшліфавана, прыступалі да свідравання адтуліны, якое рабілася на спецыяльным станку. Адтуліна свідравалася пустой трубчатай косткай, у якую зноў жа насыпалі мокры пясок, які i вымолваў кальцавое паглыбленне ў камені, Свідравальны элемент прыстасавання — стрыжань з косткай — прыводзіўся ў дзеянне лучком. Пры свідраванні костка спрацоўвалася i патанчалася, адпаведна гэтаму вузела да аднаго канца i адтуліна, што ўвогуле i было патрэбна, бо ў такой адтуліне мацней трымалася дзяржальна. Калі свідраванне заканчвалася, з сякеры выпадаў цыліндрычны стрыжанёк. Такія знаходкі зрэдку сустракаюцца на стаянках.

Не заўсёды ўдавалася прасвідраваць адтуліну адной косткай. Часам яна ламалася, i тады яе замянялі йовай. У такім выпадку ў адтуліне атрымлізаліся ўчасткі рознага дыяметра.

Часам сустракаюцца сякеры з начатым i незакончаным свідраваннем. Па нейкай прычыне работу над вырабам спынілі.

Найбольш слабае месца ў каменных сякераў ля адтуліны, дзе яны часта ламаліся. Зламаную сякеру «рамантавалі», свідруючы ніжэй пералому новую адтуліну.

У паўднёвай Беларусі каменныя свідраваныя сякеры ў канцы бронзавага веку пачынаюць ўжывацца радзей, а формы ix паступова выраджаюцца. Відаць, рубячыя прылады тут часцей пачалі вырабляць з металу — спачатку з бронзы, а затым з жалеза. У паўночнай жа Беларусі каменныя свідраваныя сякеры i сякеры-кліны — нярэдкія знаходкі нават на гарадзішчах ранняга жалезнага веку, гэта значыць у сярэдзіне I тысячагоддзя да н. э., а часам i пазней ix тут яшчэ ўжывалі.