— А пра што гутарыў з пляменнікам Антука?
— Ды так, ні пра што, — Самуіл задумаўся, потым, не спяшаючыся, падрабязна пераказаў гутарку пану Міхалу. — Вось і ўсё, што я там даведаўся, — закончыў ён свае ўспаміны. — Што тут цікавага ці незвычайнага?
Пан Міхал не адказаў. Задумённа паглажваючы сваю бараду, ён нейкі час хадзіў узад-уперад па пакоі, потым шчоўкнуў пальцамі і, узбуджаны здагадкай, сеў на лаву побач з Корчакам.
— А што, калі маскоўскім лазутчыкам быў не карчмар, а яго жонка? — вочы бурмістра засвяціліся ад узрушэння.
4
За той час, пакуль Самуіл адлежваўся дома і лячыўся жончынымі адварамі, надвор’е ў горадзе змянілася: дажджавыя хмары адпаўзлі на захад, неба ачысцілася і толькі ў далёкай вышыні павольна праплывалі невялічкія ўскудлачаныя хмаркі. Дні стаялі лагодныя, сонечныя, з сінім небам і павучкамі-падарожнікамі ў паветры. Раніцай нецярплівы іней бяліў у нізінках траву і кустоўе, хрусцеў пад нагамі, аднак, калі над лесам узыходзіла сонца, ад інею таго не заставалася і следу — толькі ў цені пабудоў трымаўся ўпарта, злосна, да самага апоўдня.
Перш чым наведаць карчмарку Матруну, Корчак вырашыў пагутарыць з рыбакамі, якія знайшлі труп Антука — бацькам і сынам Гупаламі. Іх ён заспеў дома — яны толькі вярнуліся з Мухаўца і не паспелі нават паснедаць. Старэйшы, Зіновій, мужычок гадоў пяцідзесяці, невысокага росту, з рэдкім светлым валоссем на галаве і твары, сустрэў лаўніка непрыязна. На прывітанне зыркнуў з-пад ілба бясколернымі вачыма і, нешта прамармытаўшы сабе пад нос, павярнуўся спінай, пачаў мыць у конаўцы рукі.
Малодшы, якога звалі Аўсей, аказаўся больш прыветлівым. На выгляд яму было гадоў пад трыццаць, ён быў падобны да бацькі — гэткага ж невысокага росту, светлавалосы, хударлявы, але ў вачах яго Самуіл убачыў спакойную мужчынскую развагу і дзіцячую цікаўнасць. І ўсмешка ў яго была па-мужчынску спакойная і ўпэўненая. Ён папрасіў прабачыць яго бацьку: «Стаміўся сёння стары, прамёрз да касцей на рэчцы!» і, кіўнуўшы на лаву ля хаты, прапанаваў:
— Давай пагутарым там.
Самуіл не пярэчыў. Ён разумеў, што з’явіўся тут не зусім дарэчы, што людзі, якіх корміць рака, прамерзлі і стаміліся, і што яго роспыты пра тапельца, якога яны нядаўна выцягнулі з вады, не прыносяць ім асалоды, а таму, каб не затрымліваць Аўсея і не злаваць Зіновія, адразу ж запытаўся:
— Скажы, Аўсей, ці былі вы на рэчцы тым вечарам, калі ўтапілі Антука? Можа, нешта незвычайнае чулі ці бачылі?
— Не, тым вечарам дажджыла, а таму на Мухавец мы не хадзілі, сядзелі дома.
— А раніцай? Можа, на беразе што-небудзь бачылі незвычайнае?
— Ды не. Тым ранкам мы, як толькі падышлі да ракі, адразу ж напароліся на тапельца, — Аўсей перажагнаўся, прашаптаў некалькі слоў малітвы, — і бацька, не марудзячы, паслаў мяне ў магістрат.
— На целе Антука былі сляды бойкі?
— Здаецца, не. Калі кроў і была, то яе вадой змыла. А на выгляд — звычайны мужык, які перапіў брагі і моцна заснуў.
— Крыжык з яго рукі я выцягнуў, — данёсся ад хаты голас Зіновія. — Звычайны нацельны крыжык на звычайнай льняной нітцы.
— Крыжык? — Корчак рэзка павярнуўся да старога рыбака. — Пра крыжык мне Буцюта нічога не расказваў.
— А ён яго наогул выкінуў у рэчку, — рыбак вышчарыў ва ўсмешцы гнілыя зубы. — Аднак я яго потым адтуль вылавіў і павесіў на куст, пад якім мы ўбачылі Антука.
— І той крыжык зараз вісіць на кусце?
— Напэўна, — стомлена адказаў Зіновій, — калі твой сябар не ўбачыў яго ў другі раз і не знішчыў канчаткова.
— Як мне знайсці той куст?
— Адзін ты яго не знойдзеш.
Самуіл дастаў з мяшэчка, што вісеў на поясе, тры сярэбраныя манеткі і працягнуў Зіновію:
— Я хачу купіць той крыжык.
— А хіба ён мой? — рыбак адвёў убок працягнутую руку. — Зараз Аўсей паснедае і праводзіць цябе на бераг Мухаўца.
Аўсей паціснуў плячыма і ўсміхнуўся Корчаку: «Я хутка».
5
Крыжык, які Аўсей зняў з куста і перадаў лаўніку, і сапраўды аказаўся звычайным нацельным крыжыкам, якія насілі дзясяткі, калі не сотні, гараджан. Маленькі, драўляны — ён не ўяўляў аніякай каштоўнасці і таму было дзіўна, чаму яго заціснуў у кулаку Антук. «Чый гэта крыжык? — ідучы да карчмы Матруны, пытаў сябе Корчак. — Калі Антукоў, то навошта ён яго зняў? А калі забойцы? Гэта ж прамое ўказанне! Вось толькі дзе шукаць гаспадара гэтага крыжыка, ды і хто яго прызнае зараз?»
Дзень быў у самым разгары. І хаця сонца, аддаўшы лету ўвесь свой пал і ўсю сваю цеплыню, свяціла ўжо не так лагодна, як раней, на двары было даволі ўтульна і цёпла. Многія гараджане яшчэ рупіліся ў сваіх агародчыках, а тыя, хто ўжо сабраў ураджай і падрыхтаваўся да зімы, бавілі час іначай.
У карчме Матруны было людна. За двума сталамі сядзела з дзясятак чалавек. Адны пілі брагу і вялі мірную гутарку пра гаспадарку; другія, перапіўшы брагі, — спрачаліся; трэція — спакойна спалі, падклаўшы пад галаву шапку ці рукі. Карчмарка нетаропка хадзіла між сталоў, мяняла посуд, збірала плату, сачыла, каб ніводны наведвальнік не пакінуў яе карчму, не заплаціўшы. Калі ж нехта з выпівох дазваляў сабе лішняе, з далёкага кута паднімаўся Кузьма і тады смяльчак кулём вылятаў з карчмы, перад гэтым добраахвотна аддаўшы Матруне сваю каліту са срэбрам.
На прыход Корчака карчмарка не звярнула ніякай увагі — абыякава прынесла яму збанок з півам, паставіла гліняны кубак, запыталася, што будзе есці. А вось Кузьма ўстры вожыўся. Ён кіўком галавы адазваў гаспадыню да агмяню і нешта там ёй горача зашаптаў у вуха, і нават праз дым і паўзмрок памяшкання Самуіл убачыў, як раптоўна змяніўся твар Матруны, як ён збялеў, асунуўся, як жанчына замітусілася, як з далёкага закутка яна паклі кала старэйшую дачку і, нервова сказаўшы ёй некалькі слоў, сама хуценька выйшла на панадворак.
Падняўся са свайго месца і Корчак.
Матруну ён знайшоў у адрыне. Тая сядзела на зэдліку перад шырокай калодай, з якой тырчала невялікая, з ёмкай ручкай сякера — пэўна, гэта было яе звыклае месца працы пры Антуку. Жанчына са страхам глядзела на лаўніка і яму ў нейкі момант падалося, што яна згубіць прытомнасць. Самуіл спыніўся ў дзвярах, агледзеўся — невялікае памяшканне было завалена: у куце валялася старая, амаль бяззубая барана, на ёй — зламаная саха без сашніка на сценах віселі конская вупраж, нейкія вяроўкі, сіты, посцілкі — усё тое, што даўно адслужыла свой тэрмін, але яшчэ магло спатрэбіцца ў гаспадарцы дбайнага гаспадара.
«А яна ж зусім не старая! — гледзячы на Матруну пры дзённым святле, дзівіўся Самуіл. — І некалі, здаецца, была прыгожай!» Да гэтага моманту ён уяўляў яе старой і злобнай, з непрыгожым тварам і горбам на спіне. А тут! Перад ім сядзела немаладая, аднак яшчэ прывабная жанчына.
Раптам Самуіл пачуў за спінай цяжкія крокі і сапенне. Ён знянацку азірнуўся і вочы ў вочы сутыкнуўся са злосным позіркам Кузьмы.